Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭАКЦЫЯ МУС І ПРАКУРАТУРЫ НА ДАКУМЭНТЫ ГАНЧАРЫКА


Юры Сьвірко, Менск

Памочнік генэральнага пракурора Аляксей Таранаў, які працаваў яшчэ з папяэднім шэфам Пракуратуры Беларусі Алегам Бажэлкам, назваў тыя матырыялы, якія сёньня абнародваў Уладзімер Ганчарык, "фальсыфікацыямі".

Спадар Таранаў лічыць, што гэта, цытую, -- "перадвыбарчыя правакацыі, якія маюць на мэце скампрамэтаваць дзейнага прэзыдэнта Беларусі, і да выбараў Беларусь стане сьведкай яшчэ не адной падобнай акцыі".

Нагадаю, што гэтаксама Аляксей Таранаў рэагаваў на матэрыялы, якія раней распаўсюдзілі былыя сьледчыя Алег Случак і Зьміцер Петрушкевіч ды ў якіх упершыню распавядалася пра "эскадрон сьмерці", створаны беларускімі ўладамі.

Цікавае ўскоснае прызнаньне сапраўднасьці матэрыялаў спадароў Случака, Петрушкевіча й Ганчарыка (апошні сёньня раздаў журналістам копіі пратаколу пракурорскага допыту) зьмешчанае сёньня ў лукашэнкавай газэце "Советская Белоруссія", цытую:

"Дзе, у якой Эўропе дробны рэнегат і перабежчык быў бы прыняты за вялікага й прынцыповага палітыка? Дзе пракурорскі сьледчы, які паціху крадзе службовыя дакумэнты, быў бы ўзьведзены ў ранг сумленнага чалавека? Дзе яшчэ генэрал, які даў каманду зьбіць дэпутатаў парлямэнту, мог бы праз паўгоду пасьля гэтага дзікунства стаць улюбёнцам гэтых жа самых зьбітых палітыкаў?"

У гэтых рытарычных пытаньнях "Советской Белоруссіі" ўтрымліваецца аж два сэнсацыйныя прызнаньні -- па-першае, дакумэнты Алега Случака й Зьмітра Петрушкевіча ёсьць службовымі, а па-другое, друкаваны ворган Аляксандра Лукашэнкі прызнаў тое, што сам ён цягам 6 год адмаўляў, -- 12 красавіка 1995 году апазыцыйныя дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня былі зьбітыя паводле каманды генэрала. З кантэксту вынікае, што гэтым генэралам быў тагачасны міністар унутраных справаў Юры Захаранка.

Як паставіліся ў Міністэсртве ўнутраных справаў Беларусі да абнародваньня Ўладзімерам Ганчарыкам дакумэнтаў, якія сьведчаць пра палітычную замову ўладаў забіць спадара Захаранку?

На маё пытаньне, ці бачыў ён у сёньняшняй газэце "День" фотакопію рапарту генэрал-маёра Лапаціка на імя генэрал-маёра Навумава, прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Зьміцер Партон пасьля 18-й гадзіны са службовага тэлефону адказаў гэтак:

(Партон: ) “Не, шчыра кажучы. А што, у сёньняшняй?”

Наконт рапарту Мікалая Лапаціка спадар Партон заявіў:

(Партон: ) “Ну, Навумаў, здаецца, адказаў на прэсавай канфэрэнцыі, што, так бы мовіць, не пісаў ён, і гэтак далей”.

На маю заўвагу пра тое, што дакумэнты, распаўсюджаныя сёньня Ўладзімерам Ганчарыкам, ужо зьявіліся ў Інтэрнэце, прэсавы сакратар МУС адрэагаваў наступным чынам:

(Партон:) “Юра, я пагляджу ўсё, нават калі ў Інтэрнэце ёсьць, мы міністру гэта ўсё дамо. Ну а што я магу сказаць? Ня ведаю, можа, ён праглядаў асабіста газэты. Ня ведаю”

(Карэспандэнт: ) “Рэакцыі не было?”

(Партон: ) “Не, рэакцыі не было, так. А ўжо што я магу камэнтаваць? Навумаў жа пракамэнтаваў -- яго спыталі пра гэта. Ён абвергнуў”.

Заявіў прэсавы сакратар МУС Зьміцер Партон, якога прызначыў на гэтую пасаду тагачасны міністар унутраных справаў Юры Сівакоў. Ці ведае спадар Партон нешта пра рэакцыю свайго былога шэфа, які таксама фігуруе ў дакумэнтах Уладзімера Ганчарыка?”

(Партон: ) “Адкуль я ведаю, як Сівакоў... Ён жа цяпер у адміністрацыі прэзыдэнта, намесьнік кіраўніка. Адкуль я ведаю?”

Сказаў Зьміцер Партон, прэсавы сакратар беларускага Міністэрства ўнутраных справаў.
XS
SM
MD
LG