Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ПУБЛІКАЦЫЮ АРТЫКУЛАЎ ПРА ДОМАША Ў ГАЗЭТЫ “ВОЛЬНЫ ГОРАД” КАНФІСКОЎВАЮЦЬ ТЭХНІКУ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілеўская вобласьць

Паводле судовай прапановы, аргтэхніка рэдакцыі падлягае канфіскацыі.

Першапачаткова прадстаўнікоў газэты і крычаўскай асацыяцыі “Гуманітарная ініцыятыва” Сяргея Няроўнага, Вадзіма Стэфаненку, Мікалая Маторнага і Сяргея Баравікова абвінавачвалі ў тым, што яны выкарыстоўвалі незарэгістраваную аргтэхніку і трымалі закладнікам міліцыянта.

Як паведамляла Радыё Свабода, чатырох жыхароў Крычава затрымалі ў рэдакцыі газэты “Вольны горад” яшчэ на мінулым тыдні 12-га ліпеня. Але потым справу Сяргея Няроўнага сталі разглядаць асобна.

На судзе ён назваў акцыі міліцыі правакацыяй. Як вядома, міліцыянт, які патрапіў у памяшканьне, стаў крычаць, што яго зьбіваюць і паклікаў на дапамогу сваіх калегаў. Пасьля чаго рэдакцыю “Вольнага гораду” ўзялі літаральна штурмам.

Да гэтага часу зь дзьвярэй памяшканьня газэты ня зьнятыя пячаткі. Судзьдзя даказвала, што рэдакцыя парушыла дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі нумар 8, калі выкарыстоўвала замежную аргтэхніку. Адказчык дадзенага сьцьвярджэньня не прыняў.

Нагадаю, што прадстаўнікі амбасады ЗША ў Беларусі даслалі ў Крычаў ліст, у якім сьцьвярджалі, што аргтэхніка перададзеная ў арэнду часова і ня можа зьяўляцца гуманітарнай дапамогай.

Сяргей Няроўны таксама заявіў, што міліцэйская акцыя носіць палітычны характар і зьвязаная з разьмяшчэньнем у рэдакцыі штабу Сямёна Домаша. Судзьдзя не прызнала аргумэнты адказчыка пераканаўчымі і падтрымала іншую вэрсію.

Газэту абвінавацілі ў тым, што яна надрукавала два артыкулы ў падтрымку Сямёна Домаша. На думку судзьдзі, у гэтым праявілася нямэтавае выкарыстаньне гуманітарнай дапамогі.

Менавіта з абвінавачваньнем у парушэньні гэтага артыкулу дэкрэту нумар 8 спадар Няроўны і атрымаў штраф.

Кампутары і іншая тэхніка, паводле судовага рашэньня, павінныя быць канфіскаваныя да пачатк жніўня.

Справа трох дэмакратаў па факце “захопу” міліцыянта будуць разглядацца ў бліжэйшы час, пакуль усе трое вызваленыя пад падпіску пра нявыезд.
XS
SM
MD
LG