Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ВАЎКАВЫСКУ ЗА ДОМАША ПАДПІСАЛІСЯ БОЛЬШ ЧАЛАВЕК, ЧЫМ ЗА ЛУКАШЭНКУ


Павал Мажэйка, Горадня

Ініцыятыўная група Сямёна Домаша ў Ваўкавыску кажа, што яны сабралі 2000 подпісаў. Паводле актывіста групы Міколы Кавальчука, гэта больш, чым сабралі ў Ваўкавыску за Лукашэнку.

Да таго ж за Лукашэнку прымушаюць падпісвацца — Мікола Кавальчук расказаў, што намесьнік загадчыка Ваўкавыскага райана спадар Ярмолін сказаў сваім падначаленым прынесьці пашпарты, каб падпісацца за Аляксандра Лукашэнку. Падпісвацца супрацоўнікаў райана выклікалі ў актавую залі па два чалавекі, а калі адмовісься — пагражалі пазбавіць паловы прэміі.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка ў Зэльве Юры Качук кажа, што збор подпісаў ідзе складана, бо ў шэрагу сельсаветаў раёну жыхары ня маюць пашпартоў. Вяскоўцы Тулаўскага, Галынкаўскага, Зэльвенскага сельсаветаў пашпарты забралі мясцовыя ўлады — нібыта дзеля абмену на пашпарты новага ўзору. Вярнуць пашпарты паабяцалі пасьля 20 ліпеня. Кіраўнік Зэльвенскай пажарнай аховы Эдвард Нужкоў пазбавіў свайго супрацоўніка прэміяльных за ліпень — толькі за тое, што той падпісаўся за Ўладзімера Ганчарыка.

У Смаргоні кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргея Калякіна Валер Батурын папярэдзіў намесьніка старшыні Смаргонскага райвыканкаму Аляксея Апановіча, што паразмаўляе зь ім па-мужчынску, калі той надалей будзе ціснуць на зьбіральнікаў подпісаў і пагражаць тым рэпрэсіямі. Паводле словаў Валера Батурына, спадар Апановіч паабяцаў звольніць з працы настаўніцу мясцовай музычнай школы, калі тая прынясе ў райвыканкам завяраць подпісы за Сяргея Калякіна.

У Смаргоні раскладка подпісаў за кандыдата наступная: Домаш — 1700, Пазьняк — 1000, Калякін — 400 подпісаў.

У Лідзе ня толькі падлічылі подпісы, але зрабілі й пэўны аналіз выбарцаў. Паводле словаў Станіслава Судніка, актывіста ініцыятыўнай групы Домаша, за Домаша ў Лідзе падпісваюцца ў асноўным людзі 1950–1960-х гадоў нараджэньня — яны ўжо шмат дасягнулі ў жыцьці, але турбуюцца за лёс сваіх дзяцей.

Па Лідзе пайшлі чуткі, што пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у вёсках, што знаходзяцца ў памежнай зоне, увядуць жорсткі памежны рэжым — каб не дазволіць агітацыі за не патрэбных уладзе кандыдатаў.

XS
SM
MD
LG