Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ОФІС ГАЗЭТЫ “ДЗЕНЬ”, ЯКАЯ ПУБЛІКУЕ ЗЬВЕСТКІ ПРА ЗЬНІКЛЫХ, АБРАБАВАНЫ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня незалежная газэта "День" надрукавала артыкул "І зноў "эскадроны сьмерці", у якім працытаваны рапарт генэрала Лапаціка на імя міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

І сёньня ж зранку супрацоўнікі незалежнай газэты "День" прыйлі на працу і ўбачылі, што ўсе вокны рэдакцыі адчыненыя, а з кампутараў выдаленае начыньне ўсіх сыстэмных блёкаў. Скралі ўсе базы зьвестак, таму паўсталі пэўныя складанасьці з выхадам натупнага нумару газэты.

Намесьнік галоўнага рэдактара газэты "День" Анатоль Гуляеў мяркуе, што гэта ня ёсьць звычайным рабаўніцтвам. Бо ў рэдакцыі ёсьць каштоўныя рэчы, кшталту невялічкага ноўтбуку, факсу ды іншыя, якія было лёгка вынесьці з пакоя, але рабаўнікі гэтага не зрабілі.

Спадар Гуляеў мяркуе, што ў Беларускім Доме друку нехта сочыць за публікацыямі і яшчэ да выхаду газэтаў у сьвет дакладвае пра іхны зьмест у адпаведныя структуры. Менавіта таму вырашылі шукаць копіі гэтых дакумэнтаў у рэдакцыі газэты, гаворыць Анатоль Гуляеў.

(Гуляеў: ) "Яшчэ ў базе зьвестак быў выпуск газэты "День", прысьвечаны людзям, што зьніклі. Ён мусіў быў ісьці заўтра-пазаўтра, але сёньня гэты нумар цалкам зьнік".

А Васіль Зданюк, таксама намесьнік галоўнага рэдактара газэты "День", зьвязвае рабаўніцтва і з шэрагам іншых публікацыяў у газэце — гэта і інтэрвію з Іванам Ціцянковым, і артыкулы Сяргея Аніські, у тым ліку і сёньняшні — пра домік маці Лукашэнкі на праспэкце Машэрава.

Ці выйдзе наступны нумар газэты? Анатоль Гуляеў кажа, што супрацоўнікі "Дня" прыкладуць усе намаганьні, каб газэта выйшла ў чацьвер. Цяпер узялі пэўныя меры перасьцярогі — у рэдакцыі будуць рабіць копіі ўсіх матэрыялаў і захоўваць у бясьпечным месцы.

Рэдакцыя месьціцца на тэрыторыі кінастудыі "Беларусьфільм" на другім паверсе, памяшканьне ахоўваюць, але гэта не засьцерагло ад рабаўніцтва.
XS
SM
MD
LG