Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СПРАВЕ ДЫКТАТАРА ПІНАЧЭТА РАЗГЛЯДАЛАСЯ СТВАРЭНЬНЕ “КАРАВАНУ СЬМЕРЦІ”


Мікола Іваноў, Прага

Амаль тры гады прайшло ад таго часу, як былы чылійскі дыктатар Аўгуста Піначэт быў арыштаваны ў Лёндане на падставе абвінавачваньня ў шматлікіх злачынствах. За гэты час было яшчэ некалькі спробаў пасадзіць яго на лаву падсудных, але ўсе яны неяк завязьлі ў пяску. 9 ліпеня суд у складзе трох судзьдзяў вырашыў бальшынёй 2 галасы супраць 1, што генэрал “страціў розум” і такім чынам ня ў стане абараняць сябе на судзе.

Гэтая пастанова выклікала абурэньне сем’яў асобаў закатаваных рэжымам дыктатуры, але адначасна не дазволіла генэралу Піначэту з пашанай адысьці з грамадзкага жыцьця, як бы яму гэтага не хацелася б.

Пастанова суду датычыць толькі адной справы: стварэньня “каравану сьмерці”, атраду вайсковых афіцэраў, якія забівалі палітычных зьняволеных пасьля вайсковага перавароту 1973 году і якія, як мяркуе абвінавачваньне, дзейнічалі паводле прамога загаду Піначэта.

Усяго супраць Піначэта высунута каля 300 абвінавачваньняў ня толькі ў Чылі, але і ў замежжы. У Аргентыне, напрыклад, хочуць правесьці допыт генэрала у справе забойства ў 1974 годзе ягонага папярэдніка на пасадзе галоўнакамандуючага чылійскай арміяй.

Абвінавачваньне можа падаць апэляцыю, чытаем на старонках брытанскага часопісу Economist. Але малапраўдападобна, каб пастанова суду зьмянілася. Тэарэтычна судовая справа Піначэта можа быць адноўленая, калі ягоны стан здароўя паправіцца. Але і гэта малапраўдападобна. Ён пакутуе на шматлікія хваробы: дыябэт, высокі крывяны ціск, сардэчныя праблемы. Нядаўна ён правёў 6 дзён у ваенным шпіталі ў Санцьяга.

Пастанова суду пазбавіла генэрала прыніжэньня здаваць адбіткі пальцаў і фатаграфавацца для турэмных дакумэнтаў. Гэта павінны былі зрабіць яшчэ ў студзені, калі супраць яго былі высунутыя афіцыйныя абвінавачваньні. Аднак ягоныя адвакаты змаглі некалькі разоў адкладаць гэтую працэдуру на падставе дрэннага стану здароўя.

Пастанова суду таксама пазбавіла гэнэрала магчымасцьці ачысьціць сваё імя. А гэта значыць, што нават, калі стан здароўя дазволіць, ён ня зможа вярнуцца ў чылійскі Сэнат, у якім ён сам ўзнагародзіў сябе пажыцьцёвым крэслам.

Нягледзячы на банальную развязку, справа Піначэта зьмяніла Чылі, яна агаліла шматлікія праблемы няпоўнага пераходу да дэмакратыі, а таксама дазволіла судовай сыстэме пачаць разгляд новых справаў у галіне правоў чалавека. Цяпер суды разглядаюць іншыя справы, у тым ліку справу пяцёх былых афіцэраў арміі, якіх абвінавачваюць у сувязі з дзейнасьцю “карвана сьмерці”.

Бальшыня чылійцаў ужо стомленыя юрыдычнай сагай Піначэта, чытаем у камэнтары часопісу Economist. Яны больш занепакоеныя беспрацоўем і станам эканомікі. Ні цэнтра-левая ўрадавая кааліцыя, ні правая апазыцыя не зацікаўленыя ў яе працягу.

Юрысты -- прадстаўнікі абвінавачваньня лічаць, што галоўнай прычынай спыненьня справы Піначэта зьяўляецца палітычны націск. Звычайна чылійскае законадаўства мала зьвяртае ўвагі на ўзрост і дрэнны стан здароўя абвінавачаных. Парадаксальна, але ў якасьці абгрунтаваньня сваёй пастановы суд спаслаўся на міжнародныя канвэнцыі правоў чалавека. І таму пастанова ў справе Піначэта можа спрычыніцца да патоку апэляцыяў ад старых і хворых абвінавачаных. Дзіўна, калі гэнэрал Піначэт будзе несьвядома спрыяць лібэралізацыі судовай сыстэмы ў Чылі.
XS
SM
MD
LG