Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСК ЕДЗЕ СТАРШЫНЯ КНР


Юры Сьвірко, Менск

Роўна пяць гадоў таму адбыўся першы (ён жа апошні) афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі на Захад — у Францыю. За гэтую пяцігодку, паводле словаў францускага амбасадара ў Менску Бэрнара Фасье, спадар Лукашэнка быў толькі на Кубе, у Югаславіі, Кітаі ды "ў іншых краінах-сябрах Францыі".

Кітай сярод гэтых краінаў займае асаблівае месца. Яшчэ дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Аляксандар Лукашэнка ў часе паездкі ў Кітай трапіў у непрыгожую гісторыю зь беларускай сьцюардэсай, у якой ён, як паведаміла Беларускае тэлебачаньне напярэдадні першых прэзыдэнцкіх выбараў, нібыта нешта скраў.

Свой першы замежны афіцыйны візыт прэзыдэнт Беларусі зрабіў у студзені 1995 году менавіта ў Кітай. Потым, пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году, калі яго перасталі пускаць на Захад, Аляксандар Лукашэнка двойчы наведваў Кітай — у 1997-м годзе й сёлета. А летась у ліпені ў Менск прыязджаў Ху Цзіньтао, намесьнік старшыні КНР і, як кажуць, верагодны пераемнік Цзян Цзэміня.

Сам спадар Цзян прыедзе ў Менск з Масквы, а потым наведае Малдову, дзе прэзыдэнтам таксама нядаўна стаў камуніст Уладзімер Варонін. Далей старшыня КНР паедзе ва Ўкраіну й на Мальту, дзе й скончыцца ягонае эўрапейскае турнэ.

Чаго чакае ад дзяржаўнага візыту кітайскага прэзыдэнта афіцыйны Менск? Распавядае прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "Гэты візыт зьяўляецца сьведчаньнем таго, што, на нашую думку, Кітай разглядае Рэспубліку Беларусь як важнага партнэра ў сваіх зьнешнепалітычных адносінах. Беларусь неаднойчы падкрэсьлівала важную ролю ў зьнешняй палітыцы, якую адыгрываюць кантакты Беларусі з Кітайскай Народнай Рэспублікай таксама".

(Карэспандэнт: ) "Ці выпадкова тое, што ён адбываецца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі?"

(Латушка: ) "Так, гэта першы візыт старшыні КНР у Беларусь, але неабходна адзначыць, што за апошнія гады адбылося шмат візытаў на высокім узроўні ў Беларусь. Гэтыя кантакты носяць сыстэмны характэр. Яны вынікаюць з падыходаў да адносінаў Беларусі з Кітаем доўгатэрміновага характару".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, з выбарамі ён наўпрост не зьвязаны?"

(Латушка: ) "Не, ён ня мае ніякага дачыненьня да выбараў", — заявіў спадар Латушка, кіраўнік упраўленьня інфармацыі МЗС Беларусі.
XS
SM
MD
LG