Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫТАНСКІЯ ПАЛІТЫКІ ЦІКАВЯЦЦА ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСІ


Гутарыў Мікола Пачкаеў, Лёндан

Усепартыйная Парлямэнцкая група па Беларусі была утвораная яшчэ ў Брытанским парлямэнце мінулага скліканьня. У новым складзе парлямэнту такая група была сфармаваная ізноў, а першае ўстаноўчае паседжаньне яе адбылося прыканцы мінулага тыдня. Перадусім я запытаў Лорда Понсанбі аб тым, ці захавалася цікавасьць да Беларусі ў Брытанскім парлямэнце новага скліканьня, і як адбіліся вынікі апошніх брытанскіх усеагульных выбараў на складзе Парлямэнцкай групы па Беларусі?

(лёрд Понсанбі: ) «Пасьля агульных выбараў група была сфармаваная ў новым складзе: у яе склад увайшлі некаторыя новыя сябры - з тых, хто быў нядаўна абраны, і якія маюць цікавасьць да Беларусі, - тым часам як некаторыя ранейшыя сябры зрэзыгнавалі. Але кіраўнікі Групы былі пераабраныя на ранейшыя пасады і яны прадстаўляюць у нас кожную з палітычных партыяў, а таксама абедзьве палаты парлямэнту».

Наконт плянаў і парадку дня Групы ў блізкай будучыні лёрд Понсонбі распавёў наступнае:

(лёрд Понсанбі: ) «Найбольш важным тут зьяўляецца нашае жаданьне наведаць Менск дзесьці ўвосень, і мы абмяркоўвалі ў групе пытаньне прыцягненьня адпаведных рэсурсаў з боку розных установаў. На гэты час пазыцыя групы палягае ў тым, што ехаць у Беларусь было б варта менавіта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Бо Беларусь наведае вялікая колькасьць розных дэлегацый перад выбарамі, і мы ўважаем, што для нас больш цікавым будзе наведаць Беларусь пасьля выбараў. І гэта наш намер, над рэалізацыяй якога мы цяпер працуем».

Пры канцы я спэцыяльна пацікавіўся ў лёрда Понсанбі наконт таго, якім мог бы быць удзел брытанскіх парлямэнтарыяў у міжнародным маніторынгу беларускіх выбараў, пра наладжваньне якога нядаўна зазначала АБСЭ.

(лёрд Понсанбі: ) «Магчыма, некаторыя сябры групы возьмуць асабісты удзел у такой працы з боку АБСЭ ці Рады Эўропы, але яны будуць рабіць гэта менавіта праз тыя арганізацыі. Аднак Брытанская парлямэнцкая група, мяркуе, што для яе больш варта наведаць Менск пасьля выбараў, у той час як іншыя, нашмат большыя міжнародныя установы, будуць актыўна прысутныя ў Беларускай сытуацыі на працягу выбарчай кампаніі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG