Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ВАЛЧАНІН: ВЫ ДАРУЙЦЕ, У МЯНЕ ДЗЕЦІ


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

11 і 12 ліпеня жодзінскі дэпутат Аляксандар Валчанін публічна заявіў, што ён зьняў зь сябе паўнамоцтвы старшыні жодзінскай ініцыятыўнай групы дзеля вылучэньня Лукашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта. Прычыну такога рашэньня спадар Валчанін патлумачыў журналістам тым, што на яго і ягоную групу ціснуў старшыня мясцовага выканкаму Валеры Кашэўскі.

Кашэўскі хацеў, каб у справаздачнасьці па зборы галасоў за вылучэньне Лукашэнкі было пазначана, што Лукашэнку бачаць сваім вылучэнцам ажно 80% жодзінцаў. Дзеля гэтага група мусіла была выкарыстоўваць уладны рэсурс на прадпрыемствах, у арганізацыях ды ўстановах.

Учора вечарам Аляксандар Валчанін у праграме Беларускага тэлебачаньня "Рэзананс" фактычна адмовіўся ад сваіх ранейшых заяваў ды сказаў, што на ягоную ініцыятыўную групу кіраўнік жодзінскай вэртыкалі ня ціснуў. Валчанін сказаў таксама, што людзі аддавалі свае галасы за Лукашэнку добраахвотна.

Сёньня Аляксандар Валчанін даў тэлефоннае інтэрвію Радыё Свабода, дзе патлумачыў свой учорашні выступ у праграме "Рэзананс":

(Валчанін: ) "Вы разумееце, што я хачу сказаць вам. У мяне Іра цэлымі днямі сядзіць плача, разумееце? У мяне цяпер працоўная кніжка на руках — вось у чым справа. Мяне нікуды не ўладкуюць, калі вы зараз пойдзеце ад мяне, а на мяне зноў пачнуць ціснуць — нікуды не ўладкуюся. Буду сядзець без кавалка хлеба. Вы мусіце ўсё зразумець. Нават тэлефон недзе праслухоўваецца. Вы даруйце мне, у мяне дзеці".

Як раней заяўляў сам Аляксандар Валчанін і ягоная жонка Ірына, іх усе гэтыя дні атакавалі супрацоўнікі КГБ. Гэта ж сёньня пацьвердзіла Сьвятлана Лапіцкая, незалежная назіральніца за выбарамі ў Жодзіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG