Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Жонкі зьніклых палітыкаў вярнуліся ў Менск з паездкі ў Маскву і Парыж, дзе яны ладзілі прэсавыя канфэрэнцыі. Дачка Анатоля Красоўскага Валерыя гэтак і не атрымала адказу на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Знайшлі гадзіньнік, які, магчыма, належаў Юр'ю Захаранку. Справу Зьмітра Завадзкага перадалі ў суд, але сьледчыя ня ўпэўненыя, што пакараюць вінаватых у выкраданьні апэратара ОРТ.

Жонкі зьніклых беларускіх палітыкаў прапануюць стварыць міжнародную камісію дзеля пошуку Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага. З такой прапановай беларускія жанчыны зьвярнуліся да эўрапейскіх парламэнтароў і Міністэрства замежных справаў Францыі падчас наведваньня Парыжу.

Удава Генадзя Карпенкі Людміла Карпенка брала ўдзел у гэтай паездцы. Вось што яна кажа пра стаўленьне ўладаў Беларусі да гэтай праблемы:

(Карпенка: ) "Калі б яны былі зацікаўленыя, даўно б знайшлі зьніклых. Справу Захаранкі ўвогуле распачалі праз паўгода пасьля таго, як яго скралі, калі тое самае паўтарылася з Ганчаром. Не, мы пераканаліся, што ўлады нічога ня робяць, бо баяцца праўды, баяцца, што ім прыйдзецца адказваць за свае злачынствы на судзе".

Паводле Людмілы Карпенкі, у Парыжы прадстаўнікі эўрапейскіх структураў падтрымалі гэтую прапанову і цяпер чакаюць, што ў Эўропе возьмуць адпаведныя захады. Пры гэтым Людміла Карпенка перакананая, што беларускія ўлады адмовяцца супрацоўнічаць з такой камісіяй і нават будуць перашкаджаць яе працы. Гэта ўсё ж не спыняе жанчын — яны хочуць давесьці расьсьледаваньне да канца.


***
Месяц таму дачка зьніклага Анатоля Красоўскага Валерыя зьвярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Дзяўчына прасіла адказаць, дзе знаходзіцца ейны бацька, ці хаця б патлумачыць, чаму пошукі не даюць выніку. Прайшоў месяц, які дае закон на адказы грамадзянам, якія зьвяртаюцца ў афіцыйныя ўстановы. Але адказу на свой ліст, нават самага фармальнага, Валерыя Красоўская не атрымала.

(Красоўская: ) "Ягоны адказ быў бы адлюстраваны ў друку, а так яго няма — і быццам бы й казаць няма пра што. Не, гэта ненармальна і ўвогуле жудасна", — лічыць дачка Анатоля Красоўскага Валерыя.


***
Газэта "Народная воля" надрукавала зьвесткі пра знаходку, якая можа мець дачыненьне да зьнікненьня Юр'я Захаранкі. Гаворка ідзе пра гадзіньнік, падобны на той, які насіў экс-міністар унутраных справаў Захаранка ў дзень свайго загадкавага зьнікненьня.

Паводле газэты, у Менску жыве чалавек, які знайшоў гэты гадзіньнік непадалёк ад Козыраўскіх могілак у Менску. Быццам бы гэта адбылося 10 траўня 1999 году, праз 3 дні пасьля зьнікненьня Захаранкі.

Чалавек, прозьвішча якога не паведамляюць, толькі нядаўна пасьля прагляду дакумэнтальных фільмаў з удзелам Захаранкі прыйшоў да высновы, што гадзіньнік мог належаць яму і паведаміў пра гэта журналістам "Народнай волі". Тыя зьвязаліся па тэлефоне з жонкай Захаранкі Вольгай і высьветлілі, што знойдзены гадзіньнік сапраўды падобны да таго, які насіў перад зьнікненьнем экс-міністар. Зьвяртаюць увагу і ўспаміны ананімнага сьведкі пра тое, што гадзіньнік ён знайшоў побач са сьвежаўскапанай зямлёй.

Міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў ужо адрэагаваў на гэтую публікацыю. Ён заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што ўжо распачалі праверку гэтых зьвестак. Магчыма, яны вывядуць на тайну зьнікненьня ягонага былога калегі. А пакуль, паводле міністра, ніякіх новых зьвестак у гэтай справе няма.

Затое ўжо завершылі расьсьледаваньне справы Зьмітра Завадзкага. І хаця самога апэратара ОРТ не знайшлі і зьвестак пра тое, дзе ён знаходзіцца, няма, выкрадальнікаў будуць судзіць. Праўда, міністар ня ўпэўнены, што суд будзе згодны з высновамі сьледзтва пра тое, што Завадзкага скралі менавіта Ігнатовіч і ягоныя падзельнікі. "Усё залежыць ад суда — ані я, ані хто іншы ціснуць на суд ня ў стане", — паскардзіўся міністар Навумаў.

XS
SM
MD
LG