Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФІРМАМ ПІНСКУ НЕ РЭКАМЭНДУЕЦЦА ЗЬМЯШЧАЦЬ РЭКЛЯМУ Ў НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЭЦЕ “ПРАВІНЦЫЯЛКА”


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Яшчэ ў траўні, пасьля выхаду першага нумару “Правінцыялкі”, кіраўнікоў фірмаў ды арганізацыяў, якія зьмясьцілі рэкляму сваёй дзейнасьці ў газэце, выклікаў першы намесьнік старшыні Пінскага гарвыканкаму Гордзіч ды, так бы мовіць, настойліва прапанаваў ім не падтрымліваць незалежнае выданьне.

Папярэджаньне тады атрымала нават адміністрацыя чыгуначнага вакзалу за тое, што ў “Правінцыялцы” быў надрукаваны новы расклад руху цягнікоў праз станцыю “Пінск”.

Аднак, нягледзячы на гэта, з кожным нумарам рэклямы ў “Правінцыялцы” адварот большала і выканкам ізноў распачаў рашучыя захады супраць рэклямадаўцаў.

Цягам некалькіх дзён напрыканцы мінулага тыдня намесьнік старшыні Пінскага гарвыканкаму Аляксандар Канеўскі асабіста тэлефанаваў ды езьдзіў па фірмах ды арганізацыях, якія рэклямуюць сваю дзейнасьць праз “Правінцыялку”. У часе размоваў зь іхнымі кіраўнікамі, спадар Канеўскі абвінавачваў іх у палітычнай дзейнасьці, бо менавіта гэтак гарвыканкам расцэньвае любую падтрымку незалежнае газэты.

Чыноўнік таксама запэўніў рэклямадаўцаў, што ў хуткім часе выхад “Правінцыялкі” ўсё адно будзе спынены, а яны будуць мець толькі непрыемнасьци, калі не адмовяцца ад рэклямы у гэтым выданьні.

Захады Пінскай вэртыкалі камэнтуе заснавальнік і выдавец газэты Аляксандар Ігнацюк.

(Ігнацюк: ) “Ціснуць ня толькі на рэклямадаўцаў. Я ведаю, што ціск ідзе і на Белкаапсаюз, дзе мы арэндуем памяшканьне, і на падатковую інспэкцыю – іх прымушаюць вельмі шчыльна назіраць за маёй дзейнасьцю. Я мяркую, што Пінскі гарвыканкам проста ня мае іншых шляхоў закрыць газэту і яны распачынаюць ціснуць фінансава. Але гэта ніякага плёну не дасьць. Гэта ўсё марныя высілкі”

Паводле спадара Ігнацюка, рэклямныя агенты “Правінцыялкі” ўжо вядуць перамовы зь Менскімі ды Берасьцейскімі прадпрымальнікамі, якія маюць зацікаўленасьць рэклямаваць свае паслугі ў Пінску і на якіх Пінскі гарвыканкам ня мае магчымасьці націснуць.

У рэдакцыі газэты новую хвалю ўціску зьвязваюць таксама з прэзыдэнцкімі выбарамі, бо акрамя іншага, апошнім часам на старонках газэты зьяўляецца шмат матэрыялаў пра незалежных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG