Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗНОЎ ДЭФІЦЫТ: ЗЬ БЕЛАРУСКІХ КРАМАЎ ЗЬНІК ЦУКАР


Ганна Соусь, Менск

Сёньня я паспрабавала набыць некалькі кіляграмаў цукру. Наведала каля дваццаці крамаў у розных раёнах Менску. Цукру не было нідзе — ні ў "Цэнтральным, ні ў "Магілёўскім", ні ў "Чкалаўскім" унівэрсамах, ні ў розных больш дробных крамах.

Марныя пошукі забралі ў мяне некалькі гадзінаў, і я ўявіла, як адчувае сябе пры сёньняшняй сьпякоце якая-небудзь гападыня, што сабрала ўчора на лецішчы некалькі вёдзер парэчак ды хвалюецца, ці здолее захаваць ураджай. Дарэчы, гэткія ж клопаты меў і мужчына сярэдняга веку, які разам са мной распытваў гандлярак у "Чкалаўскім" унівэрсаме: калі ж нарэшце зьявіцца цукар? Учора мужчына вярнуўся зь лецішча, сабралі яны з жонкай маліны, а вось назапасіць цукру не пасьпелі.

(Мужчына сярэдняга веку: ) "Кінуўся я, зьездзіў у краму на Розы Люксэмбург, потым у Зялёны Луг, у іншыя крамы. І куды ні заходжу, усюды кажуць: "Цукру няма", альбо прапаноўваюць цукар-рафінад. Гадоў пяць таму я ведаў, што ёсьць цукар розных гатункаў і коштаў. У асноўным фірма "Арэса-сэрвіс" прадавала тады цукар. Сёньня ж куды ні кінься — гавораць:"Вінаватая дзяржава, вінаваты прэзыдэнт".

Адметна, што ні ў воднай дзяржаўнай краме, куды я завітала, гандляркі ня здолелі мне адказаць, калі зьявіцца цукар. Мая суразмоўца Інэса Валёк не хавала свайго абурэньня.

(Валёк: ) "Ня толькі нарыхтоўкі, але ж і каву трэба піць. Няўжо вялікая праблема — забясьпечыць горад цукрам? У мяне невялічкая такая крама на Ўманскай, раз глянула — чарга, вырашыла — не, можа, так абыдуся. Другі раз — чарга. Але ж цукар патрэбны, станаўлюся ў чаргу... Хто ціха, хто нешта гаворыць пра гэта. Людзі кажуць, што да 900, да тысячы рублёў падаражэе цукар".

Чаму ж у крамах няма цукру? І чаму гэткая сытуацыя паўтараецца штогод менавіта ў той час, калі людзі робяць нарыхтоўкі на зіму? Адчувалася, што для супрацоўнікаў Міністэрства гандлю гэтая тэма сапраўды гарачая. Я атрымала наступны адказ ад аднаго з прадстаўнікоў гэтай дзяржаўнай установы:

(Супрацоўнік Міністэрства гандлю: ) "Задзяўблі пытаньнямі, мякка кажучы. Прашу прабачэньня за некарэктнае слова. Але не адкажу. І ніхто сёньня ў краіне не адкажа. Адназначна. Але ўсё ведаю".

Але ж супрацоўнік Міністэрства гандлю ўсё ж параіў мне зьвярнуцца ва ўпраўленьне спажывецкага рынку і харчовых тавараў Міністэрства гандлю, але папярэдзіў, што там людзі "сядзяць на вуглях, і таму зварот да іх па інфармацыю можа сапсаваць настрой на тыдзень". Але ж у гэтым упраўленьні, толькі пачуўшы маё пытаньне, адразу кінулі слухаўку і больш яе не паднімалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG