Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С. ШАРЭЦКІ: СЯРОД ПРЫЧЫНАЎ МАЙГО АД’ЕЗДУ Ў ЗША – ЗЬМЕНЫ ВА ЎРАДЗЕ ЛІТВЫ


Гутарыла Алена Ціхановіч, Прага

(Шарэцкі: ) “У сувязі з тым, што зьмяніліся абставіны, у тым ліку і ва ўрадзе Літвы, я палічыў, што далей заставацца ў Вільнюсе мне было бессэнсоўна. Безумоўна, што пры гэтым меў значэньне і матэрыяльны бок майго існаваньня. Найбольш спрыяльнымі ўмовамі для маёй далейшай палітычнай дзейнасьці я палічыў ЗША. У Злучаных Штатах Амэрыкі і ў Канадзе моцныя нацыянальна свядомыя беларускія асяродкі.

Ну, як вядома, найбольш пасьлядоўную палітыку ў дачыненьні да лукашэнкаўскага рэжыму, як дыктатарскага і палітычнага, займаюць улады менавіта гэтай краінай. Гэта і стала прычынай, што для пераезду зь Вільні быў абраны Кліўленд”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Шарэцкі, Вы туды прыехалі на прыватнае запрашэньне ці афіцыйнае? Які ў Вас статус у ЗША?”

(Шарэцкі: ) “Я пакуль бы пра статус не хацеў бы весьці размову. Гэта будзе бачна пасьля таго, як я спаткаюся з прадстаўнікамі ўладаў мясцовых”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Шарэцкі, днямі, пад час правядзеньня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Парыжы там зноў прысутнічалі дзьве беларускія дэлегацыі. Адна – ад Вярхоўнага Савету, другая – ад “нацыянальнага сходу”. Тым ня менш ніводная зь іх ня мела афіцыйнага статусу. Як Вы ставіцеся да таго, што крэсла беларускай дэлегацыі зноў заставалася вольным?”

(Шарэцкі: ) “Тое, што месца Беларусі, як вы сказалі, застаецца пустым, сваю руку прыклалі дэпутаты Дзяржаўнай думы Расейскай Фэдэрацыі і дэпутаты некаторых сярэднеазіяцкіх краінаў. Расейскія прадстаўнікі са сваімі калегамі і зрабілі ўсё для таго, што, калі міжнародная арганізацыя не прымае лукашыстаў, дык няхай там ня будзе і дэпутатаў Вярхоўнага Савету!”

(Карэспандэнт: ) “Ці будзе нейкім чынам, скажам, Вярхоўны Савет выказваць сваё палітычнае стаўленьне да выбарчай кампаніі ў Беларусі?”

(Шарэцкі: ) “Кожны з дэпутатаў і я, і спадар Лябедзька, іншыя – мы выказваем сваё стаўленьне. А нейкія прымаць рашэньні Вярхоўны Савет пакуль ня будзе, няма такой падставы. Я, дарэчы, хачу нагадаць, што ў свой час выказваў сваю думку наконт выбараў. Я лічу так, што трэба было стварыць законны ўрад, старшыня якога цяпер і быў бы адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў. Паводле розных прычынаў мая прапанова не атрымала падтрымкі, прычым супраць яе не выказвалася нейкіх важкіх аргумэнтаў. Апроч голага “не”. У выніку атрымалася тое, што ёсьць. Людзям цяжка вызначыцца, каго з кандыдатаў падтрымліваць. Хаця, як вядома, абсалютная большасьць насельніцтва Беларусі не жадае далей падтрымліваць дыктатар. Таму выхад цяпер адзіны, на мой погляд, - хутчэй самім кандыдатам трэба неяк вызначыцца і прыйсьці да нейкай высновы, каб пачаць агітацыю за аднаго. Чым хутчэй, тым лепш. Часу застаецца мала”.

(Карэспандэнт: ) “Вяртаючыся да вылучэньня адзінага кандыдата. Ёсьць меркаваньне, што нарада апазыцыйных лідэраў будзе праведзеная ў Вільні. На гэтай нарадзе, мяркуецца, будзе абраны гэты адзіны кандыдат. У сувязі з гэтым Аляксандар Лукашэнка ўжо выказаў сваю крытыку ў бок Літвы, ён лічыць, што з боку Літвы гэта недобрасуседзкі крок. Як Вы лічыце, ці плённая гэтая традыцыя пераносу важных палітычных падзеяў зь беларускай тэрыторыі на літоўскую?”

(Шарэцкі: ) “Я думаю, што выходзіць за межы ў вырашэньні нейкіх палітычных пытаньняў, - гэта не прыхамаць кандыдатаў, а, мабыць, тое становішча ў Беларусі, якое сёньня склалася ў сувязі з тым, што там пануе дыктатарскі рэжым”.

(Карэспандэнт: ) “Ну, і апошняе пытаньне пра Вашыя бліжэйшыя пляны, як доўга Вы зьбіраецеся знаходзіцца ў ЗША, ці памяняюцца Вашыя пляны пад час выбараў і пасьля выбараў?”

(Шарэцкі: ) “Я пачынаю наладжваць сувязі з уплывовымі людзьмі беларускай суполкі, каб неяк больш моцна аб’яднацца на карысьць беларускай справы. Безумоўна, у бліжэйшы час буду наладжваць сувязі і з прадстаўнікамі ўладаў ЗША, у тым ліку і мясцовых у Кліўлендзе.

З палітыкі я ўжо, канечне, нікуды не пайду. Гэта вядома. Толькі ў намаганьнях за вяртаньне Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця, у цывілізаваныя эўрапейскія арганізацыі, я бачу мэту свайго далейшага жыцьця”.
XS
SM
MD
LG