Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖЫХАРЫ ПОЛАЧЧЫНЫ НАЙБОЛЬШ АКТЫЎНА ПАДПІСВАЮЦЦА Ў ПАДТРЫМКУ СЯМЁНА ДОМАША


Вінцэсь Мудроў, Наваполацк

Гэта ня так і шмат, калі ўлічыць, што Наваполацк ва ўсе часы быў горадам палітычна актыўным.

Зрэшты, ня надта актыўная ў справе падтрымкі Домаша і ўся Віцебская вобласьць. Бо калі пры канцы мінулага тыдня па Беларусі за вылучэньне Домаша падпісаліся 140 тысяч чалавек, дык Віцебшчына дала толькі 16 тысяч.

На другім месцы, мяркуючы па ўсім, ідзе каманда Чыгіра. Як паведаміў нам яе кіраўнік Валер Шаўчэнка, на карысьць былога прэм’ера ў Полацкім рэгіёне сабралі блізу 2 тысячаў подпісаў.

Актыўна шчыруе ў рэгіёне і каманда Сініцына. Ды яно й ня дзіва, калі ўлічыць, што Полацак — родны горад прэтэндэнта й тут ён скончыў політэхнічны інстытут. Пры гэтым зьбіральнікі подпісаў ня толькі ходзяць па кватэрах з падпіснымі лістамі, але й спрабуюць заручыцца падтрымкай тутэйшага дырэктарскага корпусу.

Актыўна дзеяць таксама групы Пазьняка й Калякіна, аднак збор подпісаў за гэтых прэтэндэнтаў ідзе павольна. Ну а за Лукашэнку подпісы зьбіраюцца тым жа парадкам, што і ў іншых месцах — непасрэдна на прадпрыемствах і ўстановах. Асабліва вылучыліся ў гэтым пляне вытворчае аб’яднаньне "Нафтан" і завод "Вымяральнік".

Заўважаныя былі ў рэгіёне і самі прэтэндэнты на прэзыдэнцкую пасаду. Так, першым Полаччыну наведаў спадар Чыгір, які сустрэўся з сваёй ініцыятыўнай групай, прайшоўся па полацкіх і наваполацкіх вуліцах і сутыкнуўся з арганізаваным адпорам прадстаўніц Лукашэнкавага электарату.

А мінулай пятніцай у Наваполацк завітаў спадар Домаш, які таксама сустрэўся з сваёй ініцыятыўнай групай. Сустрэча адбывалася на прыватнай кватэры, і ў яе не змаглі ўбіцца ўсе жадаючыя — людзі стаялі нават на гаўбцы. Выступаючы перад прысутнымі, прэтэндэнт бязь ценю сумневу заявіў, што 9 верасьня ў Беларусі пачнецца адлік новага часу, і такі настрой перадаўся аўдыторыі.

Пытаньні, якія задавалі спадару Домашу, тычыліся ў асноўным таго, што будзе рабіць новаабраны прэзыдэнт у першыя дні свайго кіраваньня. Пыталіся, у прыватнасьці, ці будзе арганізаваная "чыстка" выканаўчай вэртыкалі. Былі, аднак, і такія, што не падзялялі аптымістычных настрояў. Яны, у сваю чаргу, пыталіся, што канкрэтна можа супрацьпаставіць апазыцыя магчымым фальсыфікацыям выбараў.

Прагучала і такая сэнтэнцыя: электарат, нават самая цёмная ягоная частка, хоць сёньня прагаласуе за апазыцыйнага кандыдата, калі ўбачыць у ёй асобу. Аднак такіх прыцягальных для простых людзей асобаў у складзе прапанаванай пяцёркі няма. Спадар Домаш ня стаў камэнтаваць такой сэнтэнцыі, адно заклікаў прысутных не губляць веры ў перамогу і разам працаваць дзеля будучыні Беларусі.
XS
SM
MD
LG