Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ. ЗДЫМКІ МАСТАЦКАГА ФІЛЬМА ПРА СТАЛЕНЬНЕ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ ДЫ ІНШАЕ


Юрась Барысевіч, Менск

У мастацкім пляне стужка нагадвае пародыю на расейскі кінагіт "Брат-2". Галоўная роля ў фільме прызначалася лідэру Маладога Фронту Паўлу Севярынцу, але той здымацца адмовіўся. Прэм'ера стужкі мае адбыцца празь месяц.

Нямецкі кампазытар Ёхан Готліб фон Врохэн напісаў мэлядраматычную араторыю паводле паэмы Алеся Разанава "Калодзеж". Першае выкананьне араторыі нядаўна прайшло ў Бэрліне, а менская прэм’ера адбудзецца ў верасьні ў касьцёле Сьвятога Роху. Плянуецца, што ў канцэрце возьме ўдзел і сам Разанаў — тады са сцэны будуць паралельна гучаць тры мовы: беларуская, нямецкая і музычная.

У мастацкай галерэі "Золата", што на вуліцы Сурганава, адчынілася юбілейная выстава, прымеркаваная да першай гадавіны галерэі. Сярод твораў сямёх удзельнікаў выставы ёсьць і палотны Сяргея Рымашэўскага, якога лаяў Азаронак у сумнавядомым фільме "Дзеці хлусьні". У рэйтынгу прыватных выставачных заляў галерэя "Золата" цяпер займае другі радок пасьля мастацкага цэнтру "Жыльбел".

У гонар 150-х угодкаў з дня нараджэньня Янкі Лучыны Дзяржаўны музэй гісторыі беларускае літаратуры з дапамогай Нацыянальнае бібліятэкі наладзіў выставу ягоных здымкаў, архіўных матэрыялаў і нават малюнкаў — таму выстава і атрымала назву "Беларускія акварэлькі Янкі Лучыны". Пры канцы ліпеня ў Доме літаратара пройдзе канцэрт, прысьвечаны ўгодкам Янкі Лучыны, якога называюць "самым менскім паэтам у гісторыі беларускай літаратуры".

У Музэі гісторыі беларускага кіно адчынілася новая экспазыцыя "1941–1945: ваенная тэма ў ігравым кіно". Гэтай тэме была прысьвечаная ледзь не палова ўсіх фільмаў, што здымаліся ў Беларусі, менская кінастудыя нават атрымала мянушку "Партызанфільм", аднак у экспазыцыі музэя прадстаўленыя толькі найлепшыя стужкі пра апошнюю вайну: "Знак бяды", "Ідзі й глядзі", "Чорная бяроза" і "Альпійская баляда".

Беларуская Музычная Альтэрнатыва выпусьціла музычны альбом паэта-канцэптуаліста Ільлі Сіна. Альбом мае дзіўную назву "Кароткія інструкцыі па транспартыроўцы цельцаў палых ластавак на тэрыторыю Івацэвіцкага раёну" і ўяўляе сабой мэдытатыўныя тэксты, пакладзеныя на электронную музыку. Прэзэнтацыя альбому адбудзецца 18 ліпеня ў клюбе "Танэль" у межах фэстывалю альтэрнатыўнае музыкі й літаратуры, які ладзіць суполка Другі Фронт Мастацтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG