Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЎПЛЫВАЮЦЬ ВЫНІКІ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ НА ПРАДСТАЎНІЦТВА БЕЛАРУСІ Ў ПА АБСЭ?


Вольга Караткевіч, Прага

Расейская, таджыцкая, малдоўская і кыргыская дэлегацыі выступалі ў падтрымку “нацыянальнага сходу”, але гэтая прапанова не прайшла.

Паколькі ў Парыжы тэма прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі абмяркоўвалася актыўна, многія зьвязваюць пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў Асамблеі як раз з вынікамі прэзыдэнцкай кампаніі. З камэнтаром кіраўік швэдзкай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Тоне Цінсгард, якая старшынявала ў Парыжы на паседжаньні пастаяннага камітэту:

(Цінсгард: ) “Як я думаю, вынік выбараў не такі важны. Важна тое, як выбары будуць праходзіць зараз. Якім чынам яны будуць адбывацца. Бо гэта магло б быць сыгналам большай ці меншай дэмакратызацыі паводзінаў ці стаўленьня ўладаў. Вось што важна для мяне. Адзначу, што гэта – прэзыдэнцкія выбары, а мы гаворым пра Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ. Магчыма, некаторыя людзі думаюць, што мы не павінныя чакаць наступных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.
Натуральна, мы ўвесь час вельмі чакаем нейкага прагрэсу і дэмакратызацыі працэсу”.

(Карэспандэнт: ) “Я папрасіла спадарыню Цінсгард ацаніць сам факт таго, што Беларусь не прадстаўленая ў ПА АБСЭ”.

(Цінсгард: ) “Я лічу, што гэта выключны выпадак. Ён выключны, бо Асамблея аднойчы пастанавіла, што, калі прэзыдэнт распусьціў законна абраны парлямэнт і стварыў свой уласны – гэта непрымальна для ПА АБСЭ. Зараз мы чакаем нейкія праявы, што б дазволіла беларускім парлямэнтарам вярнуцца, мы хочам іхнага прадстаўніцтва, дыялёгу. Гэта дзіўна і непрыемна, што беларускія парлямэнтары не прадстаўленыя”.

Тоне Цінзгард дадала, што беларускія дыпляматы напярэдадні яе візыту ў Парыж спрабавалі выказаць пункт гледжаньня афіцыйнага Менску, аднак пазыцыя эўрапейскіх парлямэнтароў нязьменная – нелегітымны парлямэнт ня можа прадстаўляць краіну.

Пытаньне беларускага прадстаўніцтва будзе разглядацца наступны раз у кастрычніку, у Партугаліі, на паседжаньні Пастаяннага камітэту ПА АБСЭ.
XS
SM
MD
LG