Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ДОЎГІМ ШЛЯХУ. ЗЬНІКНЕНЬНЕ ЛЮДЗЕЙ У ЛЮСТРЫ ГРАМАДЗКАЙ СЬВЯДОМАСЬЦІ


Юры Дракахруст, Прага

“Змрок і туман” – так называўся сакрэтны загад Гітлера, выдадзены 7 сьнежня 1941 году. Паводле загаду, грамадзяне акупаваных Галяндыі, Францыі і Бэльгіі, якія прадстаўляюць пагрозу для нямецкай бясьпекі, мусілі “бясьследна зьнікнуць у змроку і тумане”. Генэрал Кэйтэль, на якога было ўскладзена выкананьне загаду, тлумачыў, што, у прынцыпе, пакараньнем за злачынства супраць нямецкай дзяржавы зьяўляецца сьмерць.

Цяжка параўноўваць ступені жаху, але здаецца, што зьнікненьне чалавека – зьява можа больш жудасная для яго блізкіх і сяброў, чым нават сьмерць. Пры зьнікненьні дадатковаю крыніцаю болі і пакутаў зьяўляецца надзея, якая нягледзячы ні на што, застаецца ў сэрцах людзей.

Параўнаньне цяперашняй беларускай улады з нацысцкім рэжымам стала агульным месцам ў прамовах апазыцыйных палітыкаў, ператварыўшыся ці ня ў звыклую лаянку. Падставы для такіх параўнаньняў даў сам кіраўнік дзяржавы ня толькі саёй палітыкаю, але і вядомымі дыфірамбамі на адрас нямецкага парадку пры Гітлеры.
Але мы ня пойдзем па гэтым простым шляху з гатовымі адказамі, аналёгія – ня ёсьць доказ.

Да таго ж ані палітыкам, ані журналістам ня варта браць на сябе місію сьледчых ці судзьдзяў і выносіць прысуды.

Тым больш, што ў дадзеным выпадку нас цікавіць ня столькі высьвятленьне ступені дачыненьня цяперашняй беларускай ўлады да зьнікненьня людзей, колькі тое, як гэтая праблема адлюстроўваецца ў грамадскай сьвядомасьці.

Гаворыць беларускі палітоляг Ўладзімер Мацкевіч.

(Мацкевіч) : “Калі глядзець на агульную грамадскую думку, то пакуль што зьнікненьні, а можа нават і забойствы людзей не набылі такой значнасьці, як гэта было ва Ўкраіне ці як гэта было б у разьвітым грамадзтве, дзе ёсьць ужо сталая традыцыя грамадзянскай супольнасьці. Беларускія людзі збольшага ўсё ж індыфірэнтныя да гэтых выпадкаў, паколькі гэта непасрэдна не закранае іх лёс, сваякоў, знаёмых і г.д. Што тычыцца больш сьвядомай часткі грамадства , якая прадстаўленая грамадзянскімі арганізацыямі, грамадзянскай супольнасьцю, то там досыць усьвядомленая гэтая праблема.
За аднаго боку – савецкая традыцыя абыякавасьці, меркаваньня , што калі нас гэта не закранае, то і ня тычыцца. З другога боку сьвядомая, эўрапэізаваная частка грамадства. Якая добра ўсьведамляе гэтую пагрозу і працуе над тым, каб такога не было”.

Спадар Мацкевіч, як і іншыя назіральнікі, праводзіць аналёгію паміж справамі беларускіх зьніклых і справаю ўкраінскага журналіста Гэоргія Гангадзэ. Справа Гангадзэ спарадзіла ва Ўкраіне палітычны крызыс, але ці была рэакцыя украінскага грамадзтва істотна, прынцыпова адрознаю ад беларускай? Гаворыць украінскі сацыёляг Аляксей Талпыга:

(Талпыга: ) “Гэта выклікала даволі значны рэзананс у грамадзкай думцы. Але ( і гэта я хачу падкрэсьліць) гэты рэзананс быў збольшага ў палітыкуме, гэта значыць сярод людзей, якія наўпрост ці ўскосна маюць дачыненьне да палітыкі, у першую чаргу сярод журналістаў, і наогул сярод людзей палітычна актыўных. На іх гэта зрабіла сапраўды моцнае ўражаньне.У той жа час на звычайных людзей уплыў быў значна меншым. Акрамя таго, на мой погляд, апазыцыя тут зрабіла сур’ёзную памылку. Яна надта раздзьмувала гэтую справу і людзям гэта проста надакучыла. Я мяркую, што калі б зараз (я кажу чыста тэарэтычна) былі б прадстаўленыя неабвяргальныя доказы таго, што Кучма сапраўды даў загад забіць Гангадзэ, то людзі б зараз сказалі б: Гэта ўжо нам нецікава”.

Абодва нашыя суразмоўцы адзначаюць істотна розную моц рэакцыі на справы зьніклых палітычнай клясы краіны і астатняга грамадзтва. Зьнікненьне, забойства аднаго з ўдзельнікаў палітычнага працэсу ёсьць істотнае зьмяненьне правілаў, хай сабе і нефармальных, гэтага працэсу, што ёсьць рэальная пагроза для астатніх яго удзельнікаў.

Ня менш важным зьяўляецца і апошняе назіраньне Аляксея Талпыгі. Праблема зьнікненьня вядомых у краіне людзей ёсьць праблема палітычная паводле сваіх вынікаў, але гуманітарная паводле зьместу. Можна імкнуцца да Расеі ці на Захад, быць прыхільнікам плянавай ці рынкавай эканомікі – але бандыцкае выкраданьне чалавека выходзіць за межы гэтых палітычных адрозьненьняў.

Аднак дэманстратыўнае выкарыстаньне праблемы зьніклых у палітычных мэтах прыніжае гэты гуманітарны аспэкт. Людзі могуць махнуць рукою нават на самыя пераканаўчыя доказы ня толькі з прычыны сваёй абыякавасьці, але і таму, што ўспрымуць праблему як чысты палітычную, як узаемныя рахункі тых, хто “наверсе”.
Тым больш, што сваё стаўленьне да праблемы людзі фармуюць усё жува ўмовах непазьбежнага недахопу інфармацыі, ці, дакладней, інфармацыі ўскоснай ці няпэўнай.

Зразумела, што нават абстрагуючыся ад патоку нават той інфармацыі, што ёсьць, чалавек можа задаваць сябе пытаньні, на якія цяжка знайсьці адказы ў афіцыйных тлумачэньнях. Напрыклад, чаму робіцца сыстэмаю зьнікненьне вядомых у краіне людзей, прычым вядомых менавіта сваім дачыненьнем да апазыцыі? Хто можа быць вінаваты ў гэтым у дзяржаве, у якой ўсё знаходзіцца пад пільным і ўсебаковым кантролем улады? Чаму ў краіне, дзе колькасьць супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў перавышае колькасьць войска, зьніклых людзей немагчыма знайсьці ані за месяц, ані за год?

Праўда, у межах карціны сьвету, якая ўласьцівая істотнай частцы грамадства, такія пытаньні не ўзьнікаюць увогуле. Ізноў гаворыць Уладзімер Мацкевіч:

(Мацкевіч: ) “Савецкае выхаваньне будавалася на тым, што ўладам відней. І нават зараз людзі да гэтага ставяцца гэтаксама, як ў савецкія, нават у сталінскія часы: “У нас зря не сажают”. Таксама людзі кажуць, што ня можа быць, каб дзяржава рабіла такія рэчы”.

Такі стэрэатып ня можа разбурыць самая пераканаўчая і выкрывальная інфармацыя, якая адхіляецца ад пачатку. Але нельга сказаць, што стэрэатыпная рэакцыя ўласьцівая толькі адной частцы грамадзтва. Шмат для якіх людзей наадварот паток гэтай інфармацыі толькі падцьвярджае іх папярэдняе адмоўнае стаўленьне да гэтай улады. Ізноў гаворыць Аляксей Талпыга.

(Талпыга: ) “Трэба сказаць, што ўсё ж не было неабвяргальных доказаў таго, што Кучма такі загад даваў, а міністар яго выконваў. Гэта было на ўзроўні гэтых магнітафонных стужак. Ніхто яшчэ не даказаў, што яны сапраўдныя, хаця гэта магчыма. Але калі нават калі яны і сапраўдныя, нават там няма абсалютных доказаў. Чалавек мог давяраць альбо не давяраць. Той, хто верыў уладзе, на таго гэта зрабіла ня надта вялікае ўражаньне. Той, хто і раней лічыў, што ўлада ў нас злачынная , на таго гэта зрабіла большае ўражаньне”.

Калі чалавечая трагедыя ўспрымаецца праз прызму палітычных ўстановак, гэта сьведчаньне глыбокага расколу грамадзтва. Прычым расколу ня толькі на ўзроўні палітычных меркаваньняў, але і на ўзроўні жыцьцёвых каштоўнасьцяў. І стаўленьне да справаў зьніклых толькі ўзмацняе гэты падзел у грамадзтве, але нязначна мяняе лінію падзелу.
Праўда, з цягам часу балянс поглядаў ўсё ж мяняецца, у першаю чаргу за кошт сацыяльнай сярэдзіны, тых, хто займае прамежкавае становішча паміж палюсамі.

Калі падчас апытаньняў у мінулым годзе толькі кожны дзесяты беларус выказваў меркаваньне, што ўлады маюць дачыненьне да выкраданьня апэратара ОРТ Дзьмітрыя Завадскага, то ў пачатку гэтага чэрвеня такую думку падзяляў ужо кожны чацьверты апытаны. Прычым такія погляды выказваліся яшчэ да выкрывальнага выступу сьледчых пракуратуры Петрушкевіча і Случака.

Працяглае, але бясплённае дасьледваньне, блытаныя і супярэчлівыя афіцыйныя тлумачэньні спарадзілі незадавальненьне нават у тых людзей, якія не падазраюць улады ў дачыненьні да гэтых злачынстваў.
Амаль кожны другі апытаны заяўляе, што ў той ці іншай ступені не задаволены тым, як вядзецца дасьледваньне справаў зьніклых людзей.
Што ва Ўкраіне, што ў Беларусі надзвычай важную ролю ў гэтых зьменах у сьвядомасьці належыць мэдыям. Характарызуючы гэтую ролю, Уладзіер Мацкевіч прывеў вельмі трапны вобраз са старажытнай легенды.

(Мацкевіч: ) “Сродкі масавай інфармацыі ў гэтым выпадку нагадваюць мне рымскіх гусей, якія паднялі вэрхал, калі адчулі набліжэньне небясьпекі. Небясьпека ўжо прыйшла ў наш дом. І таму без пасярэдніцтва мэдыяў, без падняцьця шуму з гэтай нагоды нічога не адбудзецца”.

Урэшце рэшт зьмены ва ўяўленьнях людзей адбіваюцца і на іх паводзінах, па меншай меры на іх гатоўнасьці да пэўных дзеяньняў. Падчас сацыялігічных дасьледваньняў ўжо амаль 40% апытаных паведамляюць, што інфармацыя пра дачыненьне таго ці іншага кандыдата ў прэзыдэнты паўплывае на іх выбар. Прычым , што вельмі важна, станоўча адказаў на гэтае пытаньне прыкладна кожны пяты прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі.

Так што раскол, падзел грамадзтва, стэрэатыпнасьць рэакцыяў ўсё ж не абсалютныя. Для значнай часткі людзей кроў, тым больш кроў патаемнага забойства – тая мяжа, за якою палітычныя сымпатыі адыходзяць на другі плян.

А праўда, у адрозьненьні ад людзей, ніколі не зьнікае бясьследна ў змроку і тумане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG