Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КАМІТЭТУ “ЎКРАІНА БЯЗ КУЧМЫ” НА СВАІМ САЙЦЕ ЗЬМЯШЧАЮЦЬ НАВІНЫ ЗЬ БЕЛАРУСІ ДЫ ІНШАЕ


Вольга Караткевіч, Прага

Надзвычайна актыўна ўзбагачаецца ў беларускім Інтэрнэце выбарчая тэматыка. Прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта выкарыстоўваюць Сеціва для папулярызацыі ўласных ідэяў, зьмяшчаюць фотаздымкі, арганізоўваюць форумы на пэрсанальных адрэсах.

Галоўны рэжысэр тэатру сатыры і гумару Хрыстафор Яўген Крыжаноўскі, які 10-га ліпеня заявіў пра спыненьне выбарчай барацьбы, мае даволі дыхтоўю Інтэрнэт-старонку: www.kryzhanovski.tripod.com Сеціва спадар Крыжаноўскі зьбіраецца выкарыстоўваць, каб, цытую, “знайсьці паплечнікаў”. Яўген Крыжаноўскі заяўляе, што незалежна ад выбараў прэзыдэнта, будзе ствараць партыю ці грамадзкі рух, куды запрашае тых, хто не належыць да ўлады ці цяперашняй апазыцыі. Але чаму такое стаўленьне да апошняй? Здаецца, у яе такія ж мэты, як і ў Яўгена Крыжаноўскага: “надакучыла жыць у краіне, дзе баяцца”.

Кожны сайт прэтэндэнтаў, а пэрсанальныя старонкі маюць Сямён Домаш, Міхаіл Марыніч, Валеры Леванеўскі, Леанід Сініцыі і Міхаіл Чыгір, як правіла, зьмяшчае апытанку, зьвязаную з выбарамі. На сайце былога прэм’ера www.chigir.org, дарэчы, расейскамоўным, пытаньне – хто стане адзіным кандыдатам? Дык вось, паводле адказаў, лідэрам – Сямён Домаш, на другім месцы сам Міхаіл Чыгір. Гартаючы, калі можна так сказаць пра Інтэрнэт, старонкі сайту Міхаіла Чыгіра, у разьдзеле фотаздымкі можна пабачыць Чыгіра ў войску і даведацца, што ён – цытую “зарэкамэндаваў сябе як выдатнік баявоў і палітычнай падрыхтоўкі”. Яшчэ шмат цікавай інфармацыі для тых, хто цікавіцца прыватным жыцьцём вядомых людзей, мы ж “клікнулі” на надпіс – “перадвыбарчая праграма” і прачыталі: “Прабачце, інфармацыя рыхтуецца да публікацыі…”

Сайт Леаніда Сініцына разьлічаны на расейскамоўнага, беларускамоўнага і ангельскамоўнага чытача. www.sinitsyn.com Там зьмешчаная “Праграма 5 з плюсам”. Складаецца зь пяці галоўных элемэнтаў – эфэктыўная ўлада, моцная эканоміка, грамадзянская супольнасьць, эфэктыўная сацыяльная палітыка. А вось пяты пункт магчыма было б зрабіць першым – бо ён і вызначае галоўную ськіраванасьць кандыдата і магчымыя пэрспэктывы, ці, правільней сказаць, фармат рэалізацыі праграмы. Леанід Сініцын – за саюз з Расеяй.

Як мы ўжо паведамлялі, інфармацыйная кампанія БелаПАН стварыла адмысловы сайт, прысьвечаны выбарам. Выйсьці на яго можна праз адрэсу БелаПАНу: www.belapan.com На сайце чытайце новыя зьвесткі пра ўдзельнікаў выбараў, аналітычныя матэрыялі і навіны, прысьвечаныя выбарам у рэжыме on-line. Найлепш пра прэтэндэнтаў самі яны і гавораць. Таму рубрыка “Цытаты” - адна з самых цікавых. Напрыклад, віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека Мікалай Мякека на пытаньне – Ці ўпэўнены Вы ў сваёй перамозе, адказвае: “Я ня стаўлю перад сабой такой мэты”.

А зараз крыху пра вынікі апытаньня Радыё Свабода. Апошні час мы высьвятлялі, каго пасьля выхаду Натальлі Машэравай з барацьбы за прэзыдэнцкую пасаду можа падтрымаць Масква? Сярод прапанаваных адказаў – Аднаго зь пяцёркі, Аляксандра Лукашэнку, Некага іншага і Не падтрымае нікога. Галасы ў падтрымку кандыдата ад пяцёркі і тых, хто лічыць, што Масква выступіць на баку Лукашэнкі прыкладна падзяліліся. Найменш асобаў, што адказалі на гэтае пытаньне лічаць, што Масква не падтрымае нікога.
Ад панядзелка мы прапануем чытачам сайту Свабоды адказаць на наступнае пытаньне: Ці будзе вызначаны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў да пачатку агітацыйнай кампаніі? www.svaboda.org .


Для няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі Інтэрнэт становіцца ці не адзінай магчымасьцю інфармаваць пра сваю дзейнасьць і навязваць кантакты. З гэтымі мэтамі жодзінскае Беларускае згуртаваньне моладзі Ліцьвіны стварыла сёлета сайт www.licviny.narod.ru . “Для ўсіх маладых сэрцам і адданых Бацькаўшчыне мы з задавальненьнем адчыняем нашыя дзьверы”, - так напісана на галоўнай староцы сайту. Мова сайту беларуская, выглядае, што рэдактар сайту добра засвоіў “тарашкевіцу”. На сайце – падрабязныя паведамленьні пра актыўнасьць трэцяга сэктару, зьмешчаныя бюлетэні “Мы-Ліцьвіны”, “Наш шлях”. Стваральнік сайту 15-ці гадовы Алесь Лапіцкі зазначыў, што менавіта патрэба ў інфармацыйным абмене падштурхнула выкарыстаць Сеціва. Найперш я запыталася ў Алеся, якія, апроч як у навучальных установах ці фірмах, ёсьць магчымасьці ў жодзінцаў карыстацца Інтэрнэтам?”

(Лапіцкі Алесь: ) “У нас тут ёсьць Інтэрнэт-кавярня”.

(Караткевіч: ) “Наведваюць гэтую Інтэрнэт-кавярню?”

(Лапіцкі Алесь: ) “Так, наведваюць. Там кампутараў, можа, дзесяць”.

(Караткевіч: ) “Алесь, якія зьмены рыхтуюцца на сайце, чаго можна чакаць?”

(Лапіцкі Алесь: ) “Зараз у мяне будуць у хуткім часе гатовы такі разьдзел як Рыцары, старонка Адпачынак, на якой будзе спасылка на сайт відэаклюбу Вольны час і музычнага клюбу Андэграўнд, будзе спасылка на сайт Праваабарончага аддзяленьня, на футбольны таксама сайт”.

(Караткевіч: ) “Пытаньне для людзей, які не ўяляюць, што такое сварыць сайт… Як Вы гэтаму навучыліся?”

(Лапіцкі Алесь: ) “Хлопец адзін раз прыйшоў і гаворыць: давай рабіць сайт, я пакажу табе, як гэта робіцца. Я зацікавіўся, паглядзеў, як гэта робіцца, потым сам стаў шукаць літаратуру, вось так і пайшло. Навучаньне заняло ня вельмі вялікі час”.

(Караткевіч: ) “Зразумела. Ну і пытаньне мовы. Хто рэдактар сайту?”

(Лапіцкі Алесь: ) “Вось я і рэдактар”.

Пятнаццацігадовы Алесь Лапіцкі, сябра арганізацыі Ліцьвіны, сказаў што зараз яны мабілізуюцца дзеля працы сярод моладзі, якая гатовая, паводле словаў Алеся да зьменаў, але патрабуе інфармацыі. Пад час нашай гутаркі па тэлефоне з Алесем побач стаў ягоны тата Аляксея Лапіцкі, жодзінскі правабаронца, які пасьля мне сказаў, што Інтэрнэт – цяпер вельмі важны для жодзінскіх дэмакратычных арганізацыяў, інфармаваць пра якія адмаўляецца мясцовы друк. Гаворыць Аляксей Лапіцкі:

(Лапіцкі Аляксей: ) “Мы на сёньняшні дзень ня маем іншых спосабаў распавесьці пра нашую актыўнасьць хуткі і апэратыўна як праз электронную пошту і Інтэрнэт. Інтэрнэт, з выстаўленьнем туды фатаграфічнай інфармацыі, бо сродкі масавай інфармацыі рэгіянальнай абсалютна нас блякуюць, не бяруць добрыя якасныя здымкі, станоўчую інфармацыю не ўспрымаюць. У іх ёсьць некалькі любімых тэмаў, любімых квазіграмадзкіх арганізацыяў”.

(Караткевіч: ) “Вы цікава адзначылі, што рэгіянальныя выданьні не зацікаўленыя ў станоўчай інфармацыі. Што Вы мелі на ўвазе?”

(Лапіцкі Аляксей: ) “Самі рэдактары прызнаюцца, якія вядуць адпаведныя старонкі – адукацыю і гэтак далей, што самая любімая тэма моладзевая тэма – гэта апісаньне дзейнасьці Касталіі ў Жодзіна, БПСМ і такога цэнтру Зубар, прашу ня блытаць з рухам Зубар, бо гэта такая арганізацыя, квазіпатрыятычная, якая пабудаваная на падмурку афганцаў, празь яе прайшлі і закаліліся нашыя мясцовыя БПСМаўцы і РНЕшнікі. Але такі канал, які пашырае інфармацыйную прастору, Інтэрнэт, - усё ж магчымасьці карыстаньня Інтэрнэтам пашыраецца, дае нам магчымасьць супрацьстаяць гэтай блякадзе, якая фактычна існуе”.

На сувязі ў Жодзіна быў Аляксей Лапіцкі. Адрэса сайту, на якім якраз і зьмешчаная інфармацыя пра дзейнасьць грамадзкіх і дэмакратычных арганізацыяў рэгіёну - www.licviny.narod.ru .

У якасьці навацыяў беларускага Сеціва варта назваць зьяўленьне абвестак на сайтах без назову. Нядаўна па адрасе www.novaja-krou.at.tut.by была апублікаваная абвестка з заклікам уступаць “у сапраўды патрыятычную арганізацыю “Новая кроў” і былі пададзеныя каардынаты месца збору. Беларуская апазыцыя ананімнымі аўтарамі сайту называецца бізнэсоўцамі-прыстасаванцамі, арганізацыі Край і Белы Легіён дзіцячым садком, якія гуляюцца ў герояў. Яшчэ адзін прыклад выкарыстаньня віртуальнай прасторы для аднабаковых закідаў і прамоцыі псэўданацыянальных каштоўнасьцяў.

Зараз у перадачы Беларускі дыялёг на Інтэрнэце – пра беларускую тэматыку ў замежных сайтах.

Актывісты Камітэту Украіна бяз Кучмы, у які ўваходзяць больш за 40 украінскіх партыяў і арганізацыяў, на сайце Майдан пачалі зьмяшчаць навіны зь Беларусі. Адрас: www.maidan.org.ua Пад загалоўкам Выбірай! “Да выбараў прэзыдэнта Беларусі засталося 54 дні” можна прачытаць усе апошнія паведамленьні пра выбарчую кампанію. Зь інфармацыі на ўкраінскім сайце даведваемся, што прадстаўнікі моладзевай кобрыньскай арганізацыі Абракадабра пад лёзунгам “Далей у такой краіне жыць нельга!” агітуюць жыхароў рэгіёну узяць удзел у выбарах і сказаць “Не!” цяперашняй уладзе. Да таго ж сайце ёсьць і кантактныя тэлефоны праваабарончых арганізацыяў у Беларусі.

Хто ж стваральнікі ўкраінскага сайту Майдан? Як пазначана – грамадзяне Ўкраіны, якім не абыякавы свой лёс. Гэтыя грамадзяне пратэстуюць супраць улады, якая “зьдзекваецца зь людзей і закону”. Стваральнікі сайту абвінавачваюць Леаніда Кучму ў злоўжываньні ўладай і ў спрыяньні крыміналізацыі дзяржавы, а таксама спадзяюцца што над Кучмам будзе суд. Гэта стане, на думку аўтараў сайту Майдан “папярэджаньнем і ўрокам для іншых кіраўнікоў дзяржаваў”.

Мы зьвязаліся са стваральнікам сайту, кіраўніком прэсавай слухбы камітэту Ўкраіна бяз Кучмы Міхайлам Свыстовычам:

(Свыстовыч: ) “Сайт Майдан увогуле ўтварыўся не камітэтам Украіна бяз Кучмы, а мной і маім сябрам, які быў прэсавым сакратаром Кастэнка, міністра экалёгіі і ядзернай бясьпекі. Калі мы сядзелі на Майдане, падышоў мой сябра, а я наагул ня ведаў, што такое Інтэрнэт, ніколі ў жыцьці яго ня бачыў. Ён прыйшоў і сказаў, што ня можна так сядзець, што ёсьць інфармацыйная блякада, трэба нешта рабіць, давай рабіць нешта ў Інтэрнэце. Мы пайшлі і ўзялі 20 грыўняў у Юрыя Луцэнкі, карадынатара камітэту Ўкраіна бяз Кучмы і пайшлі ў Інтэрнэт-кафэ… Гэты сайт у прынцыпе ёсьць народным, бо мы даем паролі людзям, якія актыўна на сайт і форум актыўна пішуць”

(Караткевіч: ) “Я запыталася ў Міхайлы пра статыстку наведвальнасьці сайту”.

(Свыстовыч: ) “Увогуле ва Ўкраіне мала разьвіваецца Інтэрнэт. Наш сайт досыць папулярны ў маштабах Украіны. У сярднім да паўтары тысячы наведваньняў за дзень. І гэта забясьпечвае першае месца ў рэйтынгу Палітыка”.

(Караткевіч: ) “А зараз пытаньне, як прыйшла ідэя стаўляць беларускія навіны? Адказвае Міхайла Свыстовіч”.

(Свыстовыч: ) “Тут праходзіў сэмінар, у якім брала ўдзел беларуская апазыцыя. І яны прыслалі навіны, якія я папрасілі, каб нам прысылалі. Увогуле, я знаёмы зь беларускай апазыцыяй, напрыклад, ёсьць такі Славамір Адамовіч, паэт.”

Я пабачыла на сайце Майдан рэйтынг сучасных музычных украінскіх музычных гуртоў. У Беларусі зараз вельмі папулярны ўкраінскі гурт Океан Ельзи, які таксама фігуруе на сайце. Ці папулярны Океан Ельзи ва Ўкраіне. Міхайла Свыстовіч адказвае:

(Свыстовіч: ) “Я думаю, што самы папулярны ва Ўкраіне”.

На вокладцы альбому Мадэль гурту Океан Ельзи напісана Не для продажу ў Маскве. У вас ёсьць магчымасьць уявіць, пра што сьпявае Океан Эльзы… Гучыць кампазыцыя 911.

Зараз у перадачы Беларускі дыялёг на Інтэрнэце – пра беларускую мову ў Інтэрнэце і ўплыў Інтэрнэту на яе разьвіцьцё.

На сэрвэры Yahoo адзін з маладых беларускіх мовазнаўцаў Мікола Раманоўскі крыху болей як год назад заснаваў групу Мовазнаўства. Там усе ахвочыя, а сёньня гэта 63 чалавекі, могуць абмяркоўваць найразнастайнейшыя пытаньні, зьвязаныя зь беларускай мовай. Перадусім у лінгвістычным аспэкце. Дыскусія вядзецца на некалькіх мовах – беларускай, ангельскай, расейскай, польскай, украінскай. Асноўная – беларускай. Я гутару з адным з удзельнікаў дыскусіі мовазнаўцам, выкладчыкам БДУ Юрасём Бушляковым:

(Караткевіч: ) “Юрась, я б папрасіла Вас расказаць на прыкладзе пра свой удзел у Інтэрнэт-канфэрэнцыі Мовазнаўства?”

(Бушлякоў: ) “Ну, так, вядома ж. Вось, скажам, днямі ў нас разгарнулася досыць цікавая дыскусія – Сяргей Шупа, Андрэй Дубіна і я. Рэч у тым, што ў беларускай народна-дыялектавай мове магчымыя формы дзеяслоўныя падышоў-падыйшоў. Формы, магчымыя бяз ёту і зь ётам. Трэба прызнаць, што пры гэтым ёсьць беларуская магістральная правапісная традыцыя Тарашкевіча, Лёсіка, праз савецкую кадыфікацыю, якая прадугледжвае такое разьвязаньне: калі прэфікс заканчваецца на галосны, тады зь ёта пачынаецца кораць: зайграў. Калі ж у нас прэфікс закончваецца на зычны, натуральна, каранёвае і пераходзіць у ы. Разам з тым ёсьць факты народна-дыялектавай мовы, які дазваляюць сьцьвярджаць адваротнае. Беручы пад увагу факты жывой дыялектавай мовы, можна ўлічваць і той, і той варыянт. І вось мы свае шаблі мовазнаўчых ведаў скрыжаваўшы на полі канфэрэнцыі Мовазнаўства паспрабавалі прааналізаваць сытуацыю, ці варта мяшацца ў тое ўстойлівае правіла, якое добра засвойваецца карыстальнікамі беларускай мовы”.

(Караткевіч: ) “Юрась, скажыце, а хто яшчэ з мовазнаўцаў бярэ ўдзел?”

(Бушлякоў: ) “Сярод мовазнаўцаў я б яшчэ назваў амэрыканскага беларусіста Курта Вулхайзэра, менскага лінгвіста Зьмітра Саўку. Ну, вот скажам, малады хлопец, які вельмі любіць прозу Рэя Брэдбэры і перакладае той 451 паводле Фарэнгейта на беларускую мову. Ён пры перакладзе сутыкаецца з процьмай праблемаў і ён вырашыў гэтымі праблемамі падзяліцца з удзельнікамі канфэрэнцыі Мовазнаўства.

(Караткевіч: ) “Паводле Вас, як мовазнаўцы, як можна ахарактарызаваць беларускую мову ў беларускім Інтэрнэце…”

(Бушлякоў: ) “Беларускі Інтэрнэт і беларускамоўны Інтэрнэт – гэта далёка ня тоесныя рэчы. Недзе ад 15-ці да 20-ці працэнтаў – гэта максымальны паказьнік тых сайтаў, дзе беларуская мова – паўнапраўная. Што цікава, для чалавека, які піша для Інтэрнэту, ён сьмела выяўляе сваю пазыцыю, свой погляд на моўныя зьявы. Інтэрнэт паказвае суінаваньне правапісных, часткова вымаўленчых і граматычных традыцыяў беларускай літаратурнай мовы. Мова даўно ўцякла ад тых рэглямэнтацыяў, якія ўводзіла акадэмічная граматыка 1985-86 гадоў. Гэта не заўсёды заўважыш, чытаючы менску Зьвязду, але гэта абсалютна відавочна, чытаючы беларускі Інтэрнэт”.

Гаварыў Юрась Бушлякоў. Пачытаць матэрыялі канфэрэнцыі і ўзяць удзел, можна набраўшы адрас: www.group.yahoo.com, там лацінкай набраць movaznaustva.
На гэтым завяршаем перадачу Беларускі дыялёг на Інтэрнэце. З вамі была Вольга Караткевіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG