Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНГРЭС ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ПРОЙДЗЕ 4 ЖНІЎНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Арганізацыйны камітэт Кангрэсу дэмакратычных сілаў сабраўся сёньня дзеля вырашэньня асноўнага пытаньня – калі праводзіць гэтае мерапрыемства. Нагадаем, што ў сераду аргкамітэт прыняў заяву-зварот да пяцёркі патэнцыйных прэтэндэнтаў з патрабаваньнем вызначыцца ў справе адзінага кандыдата да 15 ліпеня. У адваротным выпадку імя гэтага кандыдата назаве Кангрэс дэмсілаў.

Старшыня аргкамітэту Юры Хадыка сёньня адразу ж прапанаваў правесьці Кангрэс у суботу 4 жніўня. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік Аляксандар Дабравольскі, Мечыслаў Грыб ды іншыя казалі, што гэтага рабіць нельга, бо па-першае – пяцёрка прэтэндэнтаў найперш сама павінна вызначыць спасярод сябе першага, а па-другое – калі й праводзіць Кангрэс, то толькі пасьля афіцыйнай рэгістрацыі прэтэндэнтаў Цэнтарвыбаркамам. Інакш адзіны кандыдат можа быць незарэгістраваны ўладамі.

Прыхільнікі ж правядзеньня Кангрэсу у самы бліжэйшы час – спадары Хадыка, Вячорка, Кароль, Севярынец ды іншыя, наадварот сьцьвярджалі, што правядзеньне Кангрэсу стане стымулам для хутчэйшага вызначэньня пяцёркай адзінага кандыдата, ды й увогуле, нельга дапусьціць таго, каб кандыдата на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў вызначала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Прыхільнікі правядзеньня Кангрэсу таксама казалі, што калі адзіны кандыдат ня будзе вызначаны цяпер, то на верасьнёўскіх выбарах дэмакратычныя сілы чакае параза. Пры гэтым, старшыня аргкамітэту Кангрэсу Юры Хадыка паведаміў, што меў перамовы з Сямёнам Домашам і Ўладзімерам Ганчарыкам, і тыя нібыта ня супраць даты й формы правядзеньня Кангрэсу.

У выніку, большасьцю галасоў было вырашана, што Кангрэс дэмакратычных сілаў пройдзе 4 жніўня, і ў ім возьмуць удзел прадстаўнікі партыяў, грамадзкіх арганізацыяў ды актывісты выбарчых штабоў прэтэндэнтаў.

Гаворыць старшыня аргкамітэту Кангрэсу Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Мы ня можам ісьці на відавочны пройгрыш. Таму што калі мы будзем упарціцца, калі будзем стаяць толькі на сваім кандыдаце – гэта пройгрыш. Калі такія цудоўныя людзі, якія зараз выстаўляюцца як кандыдаты ад дэмакрытычнага лягеру, добраахвотна, пры максімальным спрыяньні з боку палітычных арганізацыяў на працягу паўгоду ня могуць дамовіцца пра прыярытэты, то мяне асабіста і большасьць, скажам так, арганізаваных палітычных сілаў такая сытуацыя не задавальняе".

А вось меркаваньне лідэра АГП Антоля Лябедзькі:

(Лябедзька: ) "Я думаю, што на наступным тыдні… гэта якраз апошні адрэзак часу, калі мы можам станоўча адказаць на пытаньне ці будзе ў нас адзіны кандыдат. Мы прапанавалі, на мой погляд, вельмі простую, эфэктыўную й легітымную працэдуру – пяць прэтэндэнтаў самастойна дамаўляюцца хто зь іх нумар 1, калі гэта не ўдаецца, то калегія выбаршчыкаў вызначаная тымі ж прэтэндэнтамі называе імя адзінага кандыдата. Тая працэдура можа быць эфэктыўнай, якая выпрацаваная з удзелам саміх прэтэндэнтаў і прынятая імі. Калі яна навязаная з боку, ці нехта вырашае за іх, яны ніколі ня прымуць гэтага, а значыць мы ніколі ня вырашым самую галоўную праблему сёньняшняга часу – адзінага кандыдата".

Рашэньне браць удзел у Кангрэсе ці не, АГП прыме на наступным тыдні, калі пяцёрка прэтэндэнтаў вызначыць адзінага кандыдата на прэзыдэнта.
XS
SM
MD
LG