Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ЗЬМЕНІЦЦА ПАЛІТЫКА ЛІТВЫ ПРЫ БРАЗАЎСКАСЕ?


Юры Дракахруст, Прага

Альгірдас Бразаўскас – апошні першы сакратар ЦК кампартыі Літоўскай ССР і першы прэзыдэнт Літвы пасьля аднаўленьнея ёю незалежнасьці зноў вяртаецца на палітычны Алімп. Партыя Бразаўскаса на апошніх парлямэнцкіх выбарах набрала адносную большасьць галасоў, але ўрад быў створаны левацэнтрасцкім блёкам “Новы саюз – сацыял-лібэралы” і правыацэнтрысцкім “Лібэральным саюзам”. Аднак ўжо праз некалькі месяцаў урадавая каліцыя развалілася і левацэнтрысты, кіраваныя былым кандыдатам ў прэзыдэнты Артурасам Паўлаўскасам, палічылі за лепшае стварыць альянс з партыяй Бразаўскаса.

Ці прывядзе вяртаньне да ўлады посткамуністаў да прынцыповых зьменаў ва ўнутранай і зьнешняй палітыцы Літвы?

У 1993 годзе, калі партыя Бразаўскаса першы раз у гісторыі постсавецкай Літвы вярнулася да ўлады, такія перасьцярогі выказваліся асабліва гучна. Але яны ня спраўдзіліся: Літва тады стала актыўным удзельнікам натаўскай праграмы “Партнэрства дзеля міру”, дакладна выконвала ўсе рэкамэндацыі МВФ, не паддаючыся на папулісцкую спакусу раздачы пустых грошай.

І зараз падчас прадстаўленьня праграмы свайго ўраду, Альгірдас Бразаўскас, у прыватнасьці, выказаўся супраць ўвядзеньня прагрэсыўнага падатку, пры дапамозе якога сацыялісты ў розных краінах так любяць пераразьмяркоўваць сродкі ад заможных да бедных. Праўда назіральнікі адзначаюць, што 7 гадоў таму літоўскія левыя надта імкнуліся пазбыцца ад таўра нашчадкаў камуністаў і таму устрымліваліся ад крокаў, якія маглі пацьвердзіць гэтае таўро. Зараз яны, магчыма, не адчуваюць пільнай патрэбы адхіляць падобныя абвінавачваньні.

Акрамя гэтых абстрактных меркаваньняў, ёсьць і больш практычныя сьведчаньні таго, што пэўныя аспэкты літоўскай палітыкі могуць зьмяніцца. З 1997 году ўсе літоўскія ўрады праводзілі палітыку прыцягненьня ў краіну заходніх стратэгічных інвэстараў і сьвядома стрымлівалі прыход у краіну расейскага капіталу. Сацыял-дэмакраты рэзка крытыкавалі гэтую палітыку і выказваліся за больш спрыяльныя ўмовы як для айчынных, гэтак і для расейскіх інвэстараў. Урадавая адказнасьць часам прымушае апазыцыйную партыю, што прыходзіць да ўлады, адыходзіць ад сваіх ранейшых пазыцыяў, але, як стала вядома, тры тыдні таму Бразаўскас лятаў у Маскву, каб сустрэцца з прадстаўнікамі расейскай газавай кампаніі ІТЭРА. Калі ўлічыць, што ў хуткім часе пачнецца прыватызацыя газавай манаполіі “Ліетувас Дуёос”, гэты маскоўскі візыт цяперашняга прэм’ера Літвы выглядае досыць паказальна. Тут варта, дарэчы, прыгадаць пра вельмі шчыльныя сувязі Ітэры з цяперашнім беларускім кіраўніцтвам.

У 1997 годзе менавіта пры прэзыдэнце Бразаўскасе Аляксандар Лукашэнка, нягледзячы на пратэсты шэрагу праваабарончых арганізацыяў быў запрошаны ў Вільню, на канфэрэнцыю на вышэйшым ўзроўні. З другога боку, можна прыгадаць і супольную заяву з рэзкім асуджэньнем антыканстытуцыйнага беларускага рэфэрэндуму 1996 году, зь якім тады выступілі прэзыдэнты Бразаўскас, Квасьнеўскі і Кучма.

У рэшце рэшт Літва – дзяржава з канстытуцыйным падзелам ўлады, і кіраўнік літоўскага ураду – ня “бацька”, які можа рабіць усё, што заўгодна. Але ёсьць і больш значная прычына, чаму Літву пры прэм’еры Бразаўскасе наўрад ці чакаюць кардынальная зьмены палітыкі, у тым ліку і ў адносінах зь Беларусьсю. Магістральным накірункам Літвы, што засьведчана і новым ўрадам, застаецца інтэграцыя ў Эўропу, у НАТА і Эўразьвяз. Гэты асноўны выбар задае даволі вузкія межы у зьмене адносінаў, нават ў наборы жэстаў добрай волі ў адносінах з паўдзённым суседам Літвы – ізгоем Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG