Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВУМАЎ АБВЕРГНУЎ ІСНАВАНЬНЕ ЎКАЗУ ПРА ЭСКАДРОН СЬМЕРЦІ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня амбасада ЗША ў Менску распаўсюдзіла заяву прэсавага сакратара Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Рычарда Баўчара з нагоды першай гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.

Спадар Баўчар заявіў наконт былых беларускіх сьледчых Зьмітра Петрушкевіча й Алега Случака, якія знаходзяцца ў Вашынгтоне, цытую: "Сьлдечыя паўтарылі свае публічныя сьцьверджаньні аб тым, што за ўсімі чатырма зьнікненьнямі апазыцыянэраў стаіць атрад сьмерці, створаны рэжымам Лукашэнкі".

Злучаныя Штаты сур’ёзна ўспрымаюць гэтыя сьцьверджаньні й заклікаюць беларускія ўлады правесьці стараннае ды празрыстае расьсьледаваньне зьнікненьняў спадароў Завадзкага, Захаранкі, Ганчара й Красоўскага і паведаміць пра іхняе месцазнаходжаньне, – сказаў прэсавы сакратар амэрыканскага дзярждэпартамэнту.

Тым часам былыя сьледчыя спадары Петрушкевіч і Случак заявілі ў інтэрвію вашынгтонскай карэспандэнтцы латыскае газэты "Дыэна", што ў Беларусі, цытую, "паводле рашэньня найвышэйшых службовых асобаў створаная асаблівая адзінка – "эскадрон сьмерці" – заданьнем якое было разьлічвацца з палітычнымі праціўнікамі прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі, у тым ліку зьніклым апэратарам тэлебачаньня ОРТ Зьмітром Завадзкім".

Напачатку гэтага тыдня крыніца з Лукашэнкавай адміністрацыі сказала мне, што згаданая асаблівая адзінка была створаная на падставе ўказу спадара Лукашэнкі № 19 ад 12 студзеня 1998 году, якім быў зацьверджаны "Рэглямэнт мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь".

Гэты ўказ ёсьць сакрэтным і нідзе ніколі не друкаваўся, аднак яшчэ летась я атрымаў ад кіраўніка Лукашэнкавай прэсавай службы чацьвертую главу гэтага Рэглямэнту, якая рэгулюе асьвятленьне дзейнасьці Аляксандра Лукашэнкі ў сродках масавае інфармацыі пад катролем ягонай службы бясьпекі. Я некалькі разоў спрабаваў атрымаць поўны тэкст указу, аднак марна.

Цяпер жа, пасьля нашумелых вашынгтонскіх заяваў спадароў Случака й Петрушкевіча, крыніца з прэзыдэнцкае адміністрацыі паведаміла, што нежаданьне ўладаў абнародваць увесь Рэглямэнт выклікана гэткай прычынай. У нейкай іншай главе гэтага дакумэнту мова йдзе якраз пра стварэньне асаблівае адзінкі, якая забясьпечвае асабістую, эканамічную ды нават інфармацыйную бясьпеку Аляксандра Лукашэнкі.

Як сьцьвярджае крыніца, супрацоўнікам асобнага эскадрону нават паказвалі гэты рэглямэнт, пераконваючы іх у законнасьці загадаў пра часовую ізаляцыю пэўных асобаў, якія нібыта стваралі небясьпеку для кіраўніка дзяржавы.

На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі я папрасіў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава пацьвердзіць ці абвергнуць наяўнасьць у сакрэтным Лукашэнкавым указе № 19 згадкі пра "асаблівую адзінку".

(Навумаў: ) “Я магу гэта абвергнуць. Я такога ўказу ніколі ня бачыў. Ніколі я ня бачыў і думаю, што такога ўказу не існуе”.

Калі ж я паказаў спадару Навумаву вытрымку з указу, ён заявіў, што з гэтым указам не знаёмы.

Аднак Менскі гарадзкі суд раней афіцыйна прызнаў указ № 19 ад 12 студзеня 1998 году "нарматыўным актам", а 8 чэрвеня сёлета начальнік аддзелу Пракуратуры Рэспублікі Беларусь спадар Шостак пацьвердзіў існаваньне гэтага ўказу й паведаміў, што менавіта гэтым дакумэнтам кіруюцца ў сваёй дзейнасьці супрацоўнікі прэзыдэнцкае службы бясьпекі, якую раней узначальваў менавіта Ўладзімер Навумаў.

Былыя сьледчыя Случак і Петрушкевіч у вашынгтонскім інтэрвію латыскай газэце заявілі: "Цяперашні міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў, які раней быў кіраўніком каманды целаахоўнікаў Лукашэнкі, рэгулярна наведвае зьняволеных Ігнатовіча й Маліка, не падаючы аніякай інфармацыі пра тое, што гаварылася ў часе сустрэчаў".

Вось як пракамэнтаваў гэтую цытату сам спадар Навумаў:

(Навумаў: ) “Нейкім чынам паўплываць на сытуацыю... То бок я не сустракаўся і не наведваў... Я наведваю сьледчыя ізалятары ня толькі там, дзе знаходзяцца гэтыя падсьледныя. Я ўсе сьледчыя ізалятары наведаваю, таму што гэта знаходзіцца ў кампэтэнцыі Міністэрства ўнтураных справаў. Зь імі я не сустракаўся," – заявіў міністар Уладзімер Навумаў, абвяргаючы сьцьверджаньні былых сьледчых.
XS
SM
MD
LG