Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДАБРАЧЫННАСЬЦЬ І ПАЛІТЫКА: РЭАЛЬНЫЯ НАСТУПСТВЫ ДЭКРЭТУ №8


Ганна Сурмач, Сяргей Сокалаў-Воюш, Прага

Беды гуртуюць народы. Разьяднаныя межамі дзяржаваў, палітычнымі поглядамі і жыцьцёвымі арыентырамі, людзі адной нацыі зазвычай імкнуцца на дапамогу сваім, калі ў хату прыйшла бяда.
Чарнобыльскі боль – гэта боль і клопат усіх беларусаў сьвету. Разам з іншымі народамі на дапамогу ахвярам Чарнобылю прыйшлі і нашыя суродзічы за мяжой. Кожны ахвяраваў сваім часам, прыватнымі і грамадзкімі справамі ў імя дабрачыннасьці. І вось цяпер на шляху гэтай дабрачыннасьці паўстаў сумна вядомы дэкрэт Лукашэнкі № 8, які ўводзіць татальны кантроль і ўскладняе ўмовы атрыманьня замежнай дапамогі.

Як выглядала дабрачынная дапамога беларускага замежжа ахвярам Чарнобылю? Што страцілі беларусы ў выніку зьяўленьня гэтага дэкрэту?

У ліку першых, хто адгукнўся на чарнобыльскую трагедыю Беларусі, сталі нашыя суродзічы зь Вялікай Брытаніі. Пра гэта гаворыць старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Дзіцячы фонд духоўнага адраджэньня “Сакавік” Марыя Міцкевіч зь Менску:

(Міцкевіч: ) “Праца пачыналася зь беларусамі замежжа, якія прыяжджалі ў Беларусь і хацелі дапамагчы нашым дзецям, нашым шпіталям. У гэтым чыне першыя кантакты былі з айцом Аляксандрам Надсанам, які ўзначальваў Камітэт дапамогі ахвярам радыяцыі ў Лёндане. Разам з айцом мы езьділі ў розныя раёны Беларусі, вазілі лекі, усялякія мэдычныя прылады, вопратку. Дзякуючы айцу Аляксандру, які даў аб’явы ў Вялікай Брытаніі, мы устанавілі там кантакты з дабрачыннымі фондамі, зь якім супрацоўнічаем ужо на працягу 8 гадоў. Яны запрашаюць нашых дзяцей на аздараўленьне кожны год. Таксама іх прадстаўнікі прыяжджаюць кожны год у Беларусь з гуманітарнаю дапамогай”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Марыя, ці адчулі Вы ў сваёй працы нейкія абмежаваньні ў сувязі з дэкрэтам №8?”

(Міцкевіч: ) “Мы адчулі, што вельмі многа стала “папяровай” працы. Зараз, каб атрымаць гуманітарную дапамогу, трэба атрымаць, як яны кажуць, спэцыяльнае “удостовереніе”. Каб яго атрымаць, патрэбна мноства папераў. Раней, калі ірляндцы ляцелі ў Беларусь, яны маглі з сабою прывезьці ў скрынках нейкія рэчы для дзіцячага інтэрнату, зараз гэтага нельга. Апошнім разам, калі я сустрэла іх у аэрапорце, яны сказалі, што нават адну скрынку з гуманітарнаю дапамогай наша мытня не прапускае ў сувязі з гэтым дэкрэтам. Ірляндцы былі такія пакрыўджаныя, проста ня ведалі, што рабіць. Кажуць, што вельмі цяжка. Некаторыя нават кажуць, што лепш будуць працаваць у Афрыцы, ва Ўкраіне, бо вельмі шмат праблемаў”.

Беларусы Злучаных Штатаў таксама актыўна ўлучыліся ў справу дапамогі пацярпелым ад Чарнобылю. Адным з цэнтраў збору ахвяраваньняў стала места Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрзі.
Мы патэлефанавалі Аляксандару Сільвановічу, які прымаў самы дзейсны ўдзел у гэтай справе.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Аляксандар, чым рэальна дапамаглі пацярпелым саўт-рывэрскія беларусы?”

(Сільвановіч: ) “Ня толькі з Саут- Рывэру. Гэта і зь Нью-Ёрку, з Ангельшчыны, Аўстраліі. Зьбіралі тут грошы, набывалі лекі, абсталяваньне, вітаміны і перапраўлялі ўсё гэта ў Беларусь. Пяць разоў дастаўлялі грузы, усяго недзе на 6 млн. даляраў”.

(Карэспандэнт: ) “І вось цяпер выйшаў прэзыдэнцкі дэкрэт, напэўна, Вам ужо вядомы. Якое Ваша стаўленьне да гэтага дакумэнту?”

(Сільвановіч: ) “Я думаю, што крыху абрэжа дапамогу. Хаця гэта больш датычыцца, здаецца, дапамогі ў валюце, а не дапамогі мэдыкамэнтамі. Але ўсё роўна ён творыць такі стрэс, спараджае недавер, асабліва тут, у нас кажуць, што дапамога ня дойдзе куды трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Тое, што гэты дэкрэт прыняты, ці азначае, што беларуская дыяспара паслабіць сваю дапамогу Беларусі?”

(Сільвановіч: ) “Гэта цяжка сказаць, ня ведаю, ці ён паслабіць. Калі гэта ня будзе датычыцца мэдыкамэнтаў, вітамінаў, то, можа, і не. Але, дэкрэт сам робіць цяжкае ўражаньне, што дзяржава хоча спыніць такую дапамогу сваім людзям. Гэта выглядае дзікаватым для людзей, якія жывуць тут”.

Беларуска з Кліўлэнду Ірэна Каляда настолькі была ўражаная пабачаным у чарнобыльскіх раёнах падчас наведаньня Бацькаўшчыны, што вырашыла зьмяніць сваё жыцьцё. Дапамога ахвярам радыяцыі ў Беларусі стала ад 1996 году яе галоўным клопатам. Гаворыць Ірэна Каляда:

(Каляда: ) “Я вырашыла сама паспрабаваць, ці мне ўдасца нешта зрабіць. Сабрала пару сяброў, і мы стварылі арганізацыю. Найбольш я працую са Згуртаваньнем “Бацькаўшчына” і з Мозырам. Я вырашыла дапамагаць дзецям. Кожны месяц па 50-100 чалавек адпраўляю ў Славэнію на аздараўленьне. Таксама стараюся дапамагчы тым, якія патрабуюць індывідуальнай дапамогі. Усім, хто зьвернецца, стараюся не адмаўляць”.

Сп. Ірэна сапраўды дапамагае многім, хто апынуўся ў бядзе. Яна падтрымала сям’ю Гушчаў зь Менску, што ня мелі сродкаў адправіць на лячэньне ў ЗША пацярпелую ад пажару дачку. Дапамагла сям’і Сяржука Вітушкі зь Вільні, якога напаткала цяжкая хвароба, і іншым.
Сёлета з ласкі сп.Ірэны дзеці зь Беларусі паправяць здароўе ня толькі ў Славэніі, але і яшчэ дзьве групы накіруюцца ў Баўгарыю.

Мы запыталі ў сп. Ірэны, ці мае яна складанасьці ў сваёй дабрачыннай працы?

(Каляда: ) “О так, вельмі многа. Паднялі ўсе кошты, грошы высылаем, не ведаем, ці дойдуць. Некаторыя краіны паднялі кошт візаў, найбольш, гэта Вугоршчына, якая бярэ па 65 даляраў з кожнага дзіцяці за транзытную візу”.

Міколу Прускага з Грэнд Рэпідсу ў ЗША беларускае грамадзтва ведае больш як выдаўца газэты “Беларускі дайджэст”. Але шмат раней сп. Мікола пачаў займацца дабрачыннай дзейнасьцю. Ад 1990 г. ён зьяўляецца экспэртам па краінах Усходняй Эўропы і Расеі ў амэрыканскай дабрачыннай фірме, якая аказвае гуманітарную дапамогу 105 краінам сьвету.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Мікола, якую дапамогу ўдалося арганізаваць Вам для Беларусі праз вашу фірму?”

(Прускі: ) “Першая наша дзейнасьць была, калі мы выпісалі групу дзяцей з чарнобыльскай зоны сюды на аздараўленьне. Яны прайшлі тут мэдычны агляд, жылі ў спэцыяльным лягеры, які прызначаны для дзяцей, хворых на рак. Пасьля гэтага амаль кожны год выпісвалі па адной групе 20-30 дзяцей. Мы пачалі дапамагаць кантэйнэрамі з мэдыцынаю. Самыя першыя, якія пайшлі ў Беларусь, былі вялізныя грузавікі з мэдыкамэнтамі супраць радыяцыі, яны стаялі на плошчы Свабоды. Тады было паслана на 2 мільёны даляраў дапамогі.
Зараз выслалі кантэйнэр з адзеньнем у Мазыр, недзе каля 9 тон.
Мне кожны тыдзень прыходзяць 5-6 просьбаў зь Беларусі. Просьбы розныя, пераважна дапамагчы ў лячэньні, выслаць лекі. Усяго з 1990 г. пры маёй дзейнай дапамозе было даслана ў Беларусь недзе 10 кантэйнэраў з мэдычнымі прэпаратамі. Высылаў і пачкамі па 15 штук у розныя шпіталі. Таксама выслаў 16 пачкаў для беларускай школы ў Вільні”.

(Карэспандэнт: ) “Беларусь цяпер стала праблемнаю дзяржавай для заходняга сьвету, ці ня згортваецца праз гэта і гуманітарная дапамога для жыхароў краіны?”

(Прускі: ) “У Беларусь дапамога згорнутая, розныя прычыны. Апошняя прычына – дэкрэт пра гуманітарную дапамогу. Трэба сьмела сказаць, што гэта бальшавіцка-сталінская практыка, гэта дурны акупацыйны прыём супраць беларускіх людзей, супраць дабрачыннае акцыі наогул. Гэта адна з апошніх перашкодаў, але яны былі і раней. Я цяпер вельмі сур’ёзна задумваюся над тым, каб адыйсьці ад гуманітарнае дзейнасьці”.

Палітолягі цьвердзяць, што восьмы дэкрэт быў патрэбны для палітычных мэтаў і ягоная асноўная задача – спыніць магчымае замежнае фінансаваньне апазыцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Але адсутнасьць дабрачыннай дапамогі можа скараціць шэрагі ня толькі тых, хто будзе галасаваць за апазыцыйных кандыдатаў.
XS
SM
MD
LG