Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У СРЭБРАНІЦЫ АДЗНАЧЫЛІ СУМНУЮ ГАДАВІНУ


Юры Дракахруст, Прага

Каля васьмі тысячаў мусульманаў, пераважна жанчынаў, маліліся і плакалі ўчора каля мэмарыяльнага камяня, што стаіць пасярод кукурузнага поля і на якім напісана толькі “Срэбраніца – ліпень 1995 году”. Што прывяло да гэтага камяня людзей, якія прыехалі з розных куткоў былой Югаславіі і нават з-за яе межаў?

6 год таму у разгар басьнійскай вайны ў мусульманскі анклаў Срэбраніца ўвайшлі вайсковыя часткі басьнійскіх сэрбаў. Лёгкаўзброеныя міратворцы ААН бездапаможны наглядалі за тым, як мужчынаў Срэбраніцы запіхвалі ў аўтобусы і везьлі за горад. Везьлі, як высьветлілася – на сьмерць. Каля сямі тысячаў трупаў – жудасны вынік ксэнафобіі, прагі да этнічнай і рэлігійнай чысьціні.

Сёньня Срэбраніца ўваходзіць у склад Басьнійскай рэспублікі сэрбскай – аўтаномнай часткі Босьніі. Мусульманаў у горадзе амаль не засталося – сёньняшнія жыхары Срэбраніцы – сэрбы, у большасьці уцекачы, якія ў сваю чаргу зьбеглі ад перасьледу з раёнаў Босьніі, кантраляваных харватамі і мусульманамі.

Узаемная нянавісьць, крывавыя рахункі ня зьніклі. Некалькі месяцаў таму ў гарадох Баня Лука і Трэб’іне ў рэспубліцы сэрбскай у Босьніі натоўп сарваў цырымоніі аднаўленьня мячэцяў, разбураных падчас вайны. Жарсьці накаліла і нядаўняя выдача міжнароднаму трыбуналу былога прэзыдэнта Югаславіі Мілошавіча. Таму ўчора падчас жалобы ў Срэбраніцы былі прынятыя надзвычайныя захады бясьпекі. Каля палутара тысячаў мясцовых паліцыянтаў, аддзелы міжнароднай паліцыі і некалькі сотняў амэрыканскіх міратворцаў з кантынгенту СФОР, з удзелам бранетэхнікі і гэлікоптэраў ахоўвалі ўдзельнікаў цырымоніі, каб прадухіліць магчымыя сутычкі на этнічнай глебе. На шчасьце ўчорашняя жалоба ў Срэбраніцы прайшла без інцыдэнтаў.
Два афіцэра войска басьнійскіх сэрбаў, адказныя за бойню ў Срэбраніцы, ужо знаходзяцца ў Гаазе, у турме міжнароднага трыбуналу, дзе чакаюць суду па абвінавачваньні ў злачынствах супраць чалавечнасьці. Але галоўныя арганізатары і натхняльнікі гэтай палітыкі – былы палітычны лідэр басьнійскіх сэрбаў Караджыч і былы кіраўнік войска басьнійскіх сэрбаў Младзіч – па-ранейшаму хаваюцца ад міжнароднага правасудзьдзя, паводле няпэўных зьвестак менавіта ў басьнійскай рэспубліцы сэрбскай. Праўда на мінулым тыдні кіраўнік ураду Басьнійскай рэспублікі сэрбскай Іваніч заявіў, што рэспубліка будзе супрацоўнічаць з трыбуналам.

Кіраўнік мусульманскай абшчыны Босьніі, Мустафа Эфэндзі Чэрыч сказаў падчас жалобнай цырымоніі.

(Чэрыч: ) “Мы молімся, каб смутак ператварыўся ў надзею, каб пачуцьцё помсты зьмянілася справядлівасьцю, каб сьлезы мацярок сталі напамінам, што Срэбраніца ня мусіць паўтарыцца нідзе і ніколі”.

“Мы прыехалі сюды не дзеля таго, каб абвінавачваць, але і не дзеля таго, каб дараваць” – сказаў лідэр мусульманскай абшчыны Босьніі Чэрыч. Зьвяртаючыся да басьнійскіх сэрбаў, ён сказаў, што няма калектыўнай адказнасьці народа за злачынствы, што рабіліся ад яго імя, але народ ня мусіць хаваць тых, хто сапраўды зьдзейсьніў гэтыя злачынствы.

Прамова цяперашняга мэра Срэбраніцы сэрба Дэсніцы Радэвоевіча прагучала адказам на словы Чэрыча.

(Радэваевіча: ) “Вядома, хто зьдзейсьніў гэтыя злачынствы, і яны, безумоўна, мусяць паўстаць перад судом і панесьці адказнасьць за свае дзеяньні. Толькі тады мы зможам нармальна жыць побач з мусульманамі, як тое было раней”.

Сапраўды няма правых і вінаватых народаў. Сёньня ўжо басьнійскія сэрбы у сваю чаргу закладаюць мэмарыял памяці палутары тысячаў сваіх супляменьнікаў, забітых падчас басьнійскай вайны.
Часам здаецца, што нават міжнародная супольнасьць аказваецца бясьсільнаю перад разбуральным выбухам першабытных племянных жарсьцяў, калі іншы, другі лічыўся ворагам толькі таму, што ён іншы.
Але каб выйсьці з зачараванага кола нянавісьці, відаць, сапраўды трэба, каб, гаворачы словамі мусульманіна Мустафы Чэрыча, пачуцьцё помсты зьмянілася справядлівасьцю.
XS
SM
MD
LG