Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАПЕЙСКІ ЗЬВЯЗ БУДЗЕ ДАВАЦЬ ІМІГРАНТАМ “ГРЫН-КАРД”?


Віталь Тарас, Прага

Калі гэтыя правілы будуць прынятыя сёлета ў сьнежні на саміце ў бэльгійскім горадзе Лаакэн, для замежных работнікаў будзе ўведзены адзіны дакумэнт – кшталту амэрыканскай “грын-кард”.

Новы дакумэнт будзе вызначаць правы імігрантаў, якія легальна працуюць у краінах ЭЗ, а таксама дазволіць весьці статыстыку працоўнай іміграцыі.

Старшыня камісіі юстыцыі і ўнутраных справаў Эўрапейскага Зьвязу Антоніё Вітарына падкрэсьліў на прэсавай канферэнцыі ў Брусэлі, што краіны Зьвязу самі будуць вызначаць, колькі замежных спэцыялістаў і ў якіх галінах эканомікі ім патрэбна.

Вітарына сказаў, у прыватнасьці:

“Пры стварэньні працоўных ваканасіяў краіны Зьвязу павінны будуць улічваць, найперш, забясьпечанасьць працай мясцовага насельніцтва. Перавага павінна надавацца жыхарам краінаў-сябраў Эўрапейкага Зьвязу, а таксама, па магчымасьці – краінам-кандыдатам на сяброўства. І толькі потым ужо наступае чарга грамадзянаў іншых краінаў”.

Ажыцьцяўленьне пляну прэфэрэнцыяў у адносінах да краінаў-кандыдатаў можа быць затрыманае прапановамі Аўстрыі і Нямеччыны абмежаваць на сем гадоў прыток рабочай сілы з новапрынятых краінаў пасьля пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу.

Прапановы эўрапейскай камісіі тычацца разьвіцьця нацыянальных праграмаў скарачэньня дэфіцыту рабочай сілы ў тых сэктарах эканомікі, дзе патрабуецца высокі ўзровень спэцыялізацыі. Прыкладам могуць быць інфармацыйныя тэхналёгіі – галіна, у якую многія краіны Эўрапейскага Зьвязу, і найперш Нямеччына, ўжо распачалі прыцягваць замежных спэцыялістаў.

Ёсьць апасеньні, што такая палітыка пагражае краінам-донарам стратай спэцыялістаў, неабходных для іх уласных эканомікаў.

У сувязі з гэтым Антоніё Вітарына зазначыў:

“Я мушу быць шчырым – нельга патрабаваць ад іміграцыйнай палітыкі таго, чаго яна ня можа вырашыць. Рынкавая канкурэнцыя паміж галінамі эканомікі ёсьць паўсюль у сьвеце. Гэтая канкурэнцыя створаная не міграцыйнай палітыкай, яна ня ў стане вырашыць гэтую праблему”.

Вітарына падкрэсьліў таксама, што ад новых правілаў Эўрапейскага Зьвязу нельга чакаць вырашэньня праблемаў нелегальнай іміграцыі, якая толькі ў 99-м годзе склала паўмільёна чалавек. Хутчэй, сказаў ён, гэтыя правілы створаць ясную альтэрнатыву ў выглядзе легальнага каналу для працоўнай іміграцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG