Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРУПЫ ДОМАША Й ГАНЧАРЫКА ПРАЦЯГВАЮЦЬ ЗБОР ПОДПІСАЎ, КАБ ЛЮДЗІ ВЕДАЛІ ПРА ГЭТЫХ ПРЭТЭНДЭНТАЎ, А КАЗЛОЎСКІ ПАЕХАЎ У МАСКВУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cёньня я наведаў месцы збору подпісаў за прэтэндэнтаў на прэзыдэнта Ўладзімера Ганчарыка, Міхаіла Чыгіра, Зянона Пазьняка, Міхаіла Марыніча ды іншых. На пляцоўцы каля рэстарану "Макдональдз" на вакзале пад дажджом стаяў хлопец, які прапаноўваў мінакам паставіць подпіс за спадара Ганчарыка.

Адзін мінак сярэдняга веку сказаў, што спачатку яму падабаўся Лукашэнка, але цяпер ён спадзяецца, што нехта з дэмакратычных кандыдатаў зробіць для народу іншае жыцьцё. Гандлярка кветкамі сказала, што ўжо падпісалася за Сямёна Домаша, бо ён ейны зямляк ды ўвогуле чалавек прыстойны.

Як паведаміла сёньня кіраўніца штабу Ўладзімера Ганчарыка Валянціна Палевікова, 125 000 подпісаў, якія будуць перададзеныя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, ужо сабралі, і цяпер іх пільна правяраюць. А сябры ініцыятыўнай групы стаяць на вуліцах хутчэй дзеля таго, каб нагадваць выбарцам, што ёсьць такі прэтэндэнт.

Паводле ж сакратара Цэнтарвыбаркаму Мікалая Лазавіка, у камісіі паступіла 4 з паловай тысячы подпісаў за Ганчарыка і 100 000 подпісаў у падтрымку Лукашэнкі.

Падобным чынам дзейнічаюць і актывісты перадвыбарчага штабу Сямёна Домаша, якія, паводле папярэдняй інфармацыі, сабралі каля 130 000 подпісаў. Учора ў Берасьці Домаш заклікаў сваіх паплечнікаў зьбіраць подпісы як мінімум да 15 ліпеня, калі будзе вырашацца, хто стане адзіным кандыдатам ад дэмсілаў.

Каля станцыі мэтро "Кастрычніцкая" ідзе збор подпісаў за Міхаіла Чыгіра, Зянона Пазьняка, Міхаіла Марыніча ды іншых прэтэндэнтаў. Гаворыць сябар ініцыятыўнай групы Чыгіра Сяргей Серабракоў:

(Серабракоў: ) "Кожны з нашых зьбіральнікаў зьбірае больш за 100 подпісаў кожны дзень. Гэта вельмі пасьпяховы збор".

А вось што сказала актывістка групы Міхаіла Марыніча Вольга:

(Вольга: ) "Збор подпісаў ідзе вельмі добра, праходзіць дэмакратычна, усё вельмі добра".

(Карэспандэнт: ) "І колькі вы зьбіраеце подпісаў за цэлы дзень?"

(Вольга: ) "Сто подпісаў".

(Карэспандэнт: ) "А што гавораць людзі, як падыходзяць да вас?"

(Вольга: ) "Ім вельмі падабаецца прэтэндэнт у кандыдаты".

Адзін зь мінакоў ставіў свае подпісы ў лістах шэрагу прэтэндэнтаў. Свае дзеяньні ён патлумачыў так:

(Спадар: ) "Думаю, што цяперашні прэзыдэнт вядзе не туды куды трэба. Не хачу жыць у грамадзтве, дзе навокал ворагі".

У выбарчым штабе Міхаіла Чыгіра паведамілі, што за яго ўжо сабралі каля 90 000 подпісаў, прыкладна такая ж лічба і ў ініцыятыўнай групы Міхаіла Марыніча.

У штабах прэтэндэнтаў гавораць, што найбольш пасьпяхова зьбіраюць подпісы тыя групы, што ходзяць па кватэрах выбарцаў.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў сказаў, што мясцовыя ўлады ў некаторых рэгіёнах адмаўляюцца рэгістраваць сабраныя подпісы і накіроўваюць актывістаў у сельсаветы, што ёсьць парушэньнем закону. На думку спадара Папкова, улады робяць усё, каб перашкодзіць рэгістрацыі іхнага прэтэндэнта.

Самі прэтэндэнты цяпер актыўна працуюць у Менску ці езьдзяць па рэгіёнах. А Павал Казлоўскі сёньня ў Маскве, дзе ў яго заплянаваны шэраг сустрэчаў у адміністрацыі Ўладзімера Пуціна. Гаворыць Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Гэта добры візыт, сустрэчы розныя, вельмі розныя сустрэчы, больш нічога не магу сказаць. Нармальныя рабочыя мае паездкі, каб вырашыць галоўнае нашае пытаньне, якое хвалюе ўвесь беларускі народ. Зьмена ўлады — гэта галоўнае пытаньне для мяне і, думаю, для ўсіх нас — нармальных людзей".

Больш падрабязна пра гэтыя сустрэчы спадар Казлоўскі паведамляць адмовіўся.
XS
SM
MD
LG