Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫЖАНОЎСКІ СЫХОДЗІЦЬ З ВЫБАРЧАГА МАРАФОНУ, АЛЕ БУДЗЕ АДСТОЙВАЦЬ СВАЕ ПРАВЫ І ПРАВЫ 20% ГРАМАДЗЯНАЎ БЕЛАРУСІ Ў КАНСТЫТУЦЫЙНЫМ СУДЗЕ


Уладзімер Глод, Менск

Яўген Крыжаноўскі, які спрабаваў вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, сёньня тлумачыў, чаму вымушаны быў сысьці з дыстанцыі. Згодна зь дзейным заканадаўствам, ён ня можа быць зарэгістраваны як кандыдат. Рэч у тым, што Крыжаноўскі нарадзіўся ў Мікалаеве, цяпер гэта Ўкраіна. І хаця з 46-ці сваіх гадоў 28 ён жыве ў Беларусі, і жонка ягоная карэнная беларуска, і ў іх тры дачкі, гэта не дае падставы зарэгістраваць яго кандыдатам.

Але якім чынам Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў ініцыятыўную групу па зборы подпісаў, калі пры рэгістрацыі ў пашпарце Крыжаноўскага быў запіс аб нараджэньні ў Мікалаеве? Вось што адказаў на гэта спадар Крыжаноўскі:

(Крыжаноўскі : ) "На маю думку, гэта нейкая гульня, якая пачалася з самага пачатку. Там працуюць людзі, якія закончылі Вышэйшую партыйную школу, закончылі Акадэмію кіраваньня — яны, канечне, ведаюць, а калі ня ведаюць, то трэба правесьці нейкі экзамэн па геаграфіі. Патрэбны быў нейкі чалавек, які б мог адабраць галасы ў апазыцыі, калі ж гэтага не атрымалася, мяне абвінавацілі, што я схаваў сваё месца нараджэньня".

Паводле Яўгена Крыжаноўскага, аж 20% грамадзянаў Беларусі нарадзіліся за ейнымі межамі. А гэта значыць, што яны ня маюць права вылучацца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Спадар Крыжаноўскі назваў гэтую зьяву расізмам. Ён паведаміў, што сёньня правёў кансультацыі зь вядомым адвакатам Гары Паганяйлам. Той дапаможа падрыхтаваць неабходныя дакумэнты для звароту ў Канстытуцыйны суд Беларусі.

Яўген Крыжаноўскі ўпэўнены, што на наступных выбарах такой дыскрымінацыі ў заканадаўстве ўжо ня будзе. Ён спадзяецца ўдзельнічаць у наступных выбарах. А пакуль, паводле Крыжаноўскага, сёньня ён афіцыйна даў згоду Леаніду Сініцыну далучыцца да ягонай каманды ў якасьці даверанай асобы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG