Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АРТЫКУЛ ХІХ” НАКІРАВАЎ МНІСТРУ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ ЛІСТ ПРАТЭСТУ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Дзеяньні беларускага боку не спрыяюць стварэньню атмасфэры свабодных і сумленных выбараў ды замацаваньню права на свабоду слова", — гэтак у адкрытым лісьце да беларускага міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова ацанілі актывісты "Артыкула ХІХ" адмову беларускіх уладаў выдаць візы на ўезд двум актывістам арганізацыі.

Гаворка ідзе пра кансультанта па Беларусі Малколма Хоўкса і каардынатара эўрапейскіх праграмаў Фэдэрыку Прыну. "Артыкул ХІХ" падрыхтаваў даклад, у якім аналізуюцца факты перашкодаў з боку дзяржавы незалежным мэдыям напярэдадні выбараў. Каб прыехаць у Беларусь для прэзэнтацыі гэтага дакладу, спадар Хоўкс і спадарыня Прына падалі патрэбныя дакумэнты ў амбасаду Беларусі ў Вялікабрытаніі, але візаў так і не атрымалі. Цікава, што ім нават не патлумачылі прычынаў адмовы.

(Пагсьлі: ) "Мы пакуль не атрымалі прычынаў, чаму няма візаў. У амбасадзе Беларусі ў Лёндане на нашыя пытаньні не адказваюць, зь Міністэрства замежных справаў Беларусі ў Менску таксама ніякай рэакцыі няма", — сказала Сафія Пагсьлі, прадстаўніца "Артыкула ХІХ", якая ўжо некалькі месяцаў знаходзіцца ў Менску.

Яна мяркуе, што адмова наўпрост зьвязаная з дакладам, бо ён аб’ектыўна паказвае сытуацыю з мэдыямі Беларусі напярэдадні выбараў. А менавіта тое, што нешматлікія незалежныя мэдыі зьведваюць уціск, а дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі працуюць толькі на аднаго прэтэндэнта.

Прадстаўніца "Артыкула ХІХ" вельмі зьдзіўленая стаўленьнем чыноўнікаў да гэтага дакладу. Ёй незразумела, як у наш час можна спрабаваць перакрыць крыніцы інфармацыі. Што да дакладу, яго па электронных каналах ужо распаўсюдзілі ў Беларусі.

(Пагсьлі: ) "Ня можа быць, каб вашыя чыноўнікі гэтага не прадбачылі. Такім чынам, яны ня столькі баяліся высноваў гэтага дакладу, як давалі нам зразумець, што займацца гэтай праблемай ня варта", — мяркуе прадстаўніца "Артыкула ХІХ" Сафія Пагсьлі.

Паводле ейных зьвестак, прадстаўнікі арганізацыі плянавалі сустрэцца з кіраўнікамі Дзяржаўнага камітэту друку, каб абмеркаваць вынікі дакладу. Сустрэча не адбылася, затое ўжо вядома, што чыноўнікі зь Дзяржкамдруку падрыхтавалі свае заўвагі на даклад ангельцаў. Праўда, тыя абяцаюць падрыхтаваць свой камэнтар на гэтыя заўвагі.

Пра рэакцыю міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова на адкрыты ліст "Артыкула ХІХ" пакуль нічога невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG