Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗЬБІРАЛЬНІКАЎ ПОДПІСАЎ ЗА ЗЯНОНА ПАЗЬНЯКА ПЕРАСЬЛЕДУЮЦЬ


Бранiслава Станкевiч, Менск

А колькi дзён таму каля Вiцебскае абласной бiблiятэкi сварку са зьбiральнiкамi подпiсаў за Зянона Пазьняка распачалi прадстаўнiкi РНЕ. Прынамсi, так назвалiся два маладыя чалавекі, што пагражалi спадарам Алесю Фраленку ды Мiкалаю Бутрыну фiзычнай расправай.

Тым ня менш вiцебскiя пазьнякоўцы шукаюць цывiлiзаваных падыходаў у выкананьнi сваёй працы. Так, дзеля зручнасьцi вiцяблянаў, якiя хацелi б пакiнуць iм свае подпiсы, вырашылі даць аб'яву па мясцовым тэлебачаньнi пра тое, дзе знаходзiцца пiкет па зборы подпiсаў ды як ён працуе.

Аднак iнiцыятыўнай групе Пазьняка адмовілі. Пры гэтым вiцебская рэклямная служба спаслалася на адпаведнае распараджэньне кiраўнiцтва нацыянальнай тэлерадыёкампанii. Адмову атрымалi й сябры iнiцыятыўнай групы Сямёна Домаша, якiм на мясцовай тэлевiзii сказалі, што аб'явы прымаюць выключна ад зарэгiстраваных дзяржаўных структураў.

I яшчэ пра тэлебачаньне. Каардынатар Кастрычнiцкага раёну ў справе незалежнага назiраньня за выбарамi Тамара Юневiч зьвярнулася да супрацоўнiка дзяржаўнай газэты "Вiцебскi рабочы" Мiхаiла Крыжаноўскага, якi ў тэлеперадачы Юр'я Казiяткi заявiў, што ў Вiцебску маюцца шматлiкiя парушэньнi пры зборы подпiсаў iнiцыятыўнымi групамi патэнцыйных дэмакратычных кандыдатаў. У прыватнасьцi, нiбыта пад выглядам збору подпiсаў за Аляксандра Лукашэнку працуюць ягоныя палiтычныя апанэнты.

Як распавяла спадарыня Юневiч, Мiхаiл Крыжаноўскi прызнаў, што пачуў пра гэтыя факты ў Вiцебскiм аблвыканкаме, дзе i атрымаў заданьне, пацьверджанае потым рэдакцыяй "Вiцебскага рабочага", прасачыць за зборам подпiсаў на карысьць патэнцыйных кандыдатаў дэмакратычнае каалiцыi. I што нiякiх парушэньняў асабiста ён не заўважыў.
XS
SM
MD
LG