Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ВАЛЧАНІН: Я НЯ МОГ ХЛУСІЦЬ


Алесь Мікалайчанка, Жодзіна

Аляксандар Валчанін, зь якім мы сёньня ўдзень сустрэліся ў Жодзіне ў ягонай кватэры, быў узрушаны апошнімі падзеямі, якія разгарнуліся па ягоным рашэньні адмовіцца ад старшынёўства ў ініцыятыўнай групе Аляксандра Лукашэнкі. Хаця і ён сам, і ягоная жонка Ірына чакалі, што гэткі ўчынак яму будзе каштаваць пасады намесьніка дырэктара жодзінскага Цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва.

Чаму Аляксандар Валчанін наважыўся на такі крок? Ён тлумачыць гэта найперш тым, што ў збор подпісаў за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі ўмешваўся старшыня жодзінскага гарвыканкаму Валеры Кашэўскі.

Гаворыць Аляксандар Валчанін:

(Валчанін: ) "Ён патрабаваў завышанага працэнту. Я даваў заўсёды аб'ектыўную інфармацыю. Я казаў, што пяцьдзясят на пяцьдзясят".

(Карэспандэнт: ) "Прабачце, што гэта азначае?"

(Валчанін: ) "Гэта азначае, што 50% гораду Жодзіна супраць цяперашняй вэртыкалі. А дзесьці адсоткаў 45-50 — хто за Аляксандра Рыгоравіча, а хто казаў наўпрост: "Я яшчэ ня вызначыўся са сваім выбарам".

Паводле Аляксандра Валчаніна, кіраўнік вэртыкалі Валеры Кашэўскі патрабаваў ад ініцыятыўнай групы, каб колькасьць сабраных галасоў на карысьць вылучэньня Аляксандра Лукашэнкі адпавядала 80-ці адсоткам усяго жодзінскага электарату. Дасягнуць гэтага сумленным шляхам было немагчыма. Улада выкарыстоўвала сілавыя мэтады.

(Валчанін: ) "Адміністрацыйны рэсурс прысутнічаў. Чаму? Таму што калі на мяне як на старшыню ініцыятыўнай групы быў уціск з боку старшыні гарвыканкаму Валер'я Кашэўскага, то ўяўляеце, як гэтым рэсурсам яны карысталіся на прадпрыемствах?"

Мой суразмоўца ды ягоная жонка Ірына распавялі (яна незалежная назіральніца за выбарчай кампаніяй), што звычайна зборам подпісаў за Лукашэнку на прадпрыемствах і ва ўстановах гораду займаюцца службовыя асобы зь ліку кіраўнікоў, якія ўваходзілі ў ініцыятыўную групу. Так было на БелАЗе, вытворчым аб'яднаньні "Сьвітанак", нават у мясцовай школе-інтэрнаце.

(Валчанін:) "На знак пратэсту супраць таго, што я не могу далей выконваць свае абавязкі старшыні ініцыятыўнай групы, я склаў зь сябе сябе гэтыя паўнамоцтвы", — заявіў Радыё Свабода Аляксандар Валчанін.

Сёньня пасьля таго, як яго змусілі пакінуць пасаду кіраўніка мясцовага сацыяльнага цэнтру, ён уладкаваўся працаваць паводле сваёй спэцыяльнасьці — фэльчарам на станцыю "Хуткай дапамогі".
XS
SM
MD
LG