Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЯЦЁРКА НЕЗАДАВОЛЕНАЯ РАШЭНЬНЕМ АРГКАМІТЭТУ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Кіраўнік перадвыбарчага штабу Сямёна Домаша Аляксандар Мілінкевіч, які прысутнічаў на ўчорашнім паседжаньні аргкамітэту, лічыць, што праводзіць Кангрэс у справе вызначэньня адзінага кандыдата трэба было некалькі месяцаў таму.

На ягоную думку, цяпер рашэньне Кангрэсу ня будзе мець вырашальнага значэньня, бо многія людзі ўжо абралі сабе прэтэндэнтаў, і наўрад ці ўсе яны пагодзяцца ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Таму цяпер спадзяваньне толькі на тое, што самі ўдзельнікі пяцёркі вызначаць адзінага кандыдата. А пакуль гэтая ініцыятыўная група ўжо сабрала больш за 117 000 подпісаў у падтрымку Сямёна Домаша.

Прэсавая служба штабу Домаша паведамляе, што ўлады аказваюць моцны ціск на кіраўнікоў ініцыятыўных групаў Алу Панасік у Зэльве, Станіслава Леўшыка ў Радуні й Генадзя Кіенку ў Шчучыне, пагражаючы ім рознымі карнымі санкцыямі.

А вось як пракамэнтаваў рашэньне аргкамітэту Кангрэсу Павал Казлоўскі:

(Казлоўскі: ) "Я думаю, гэтае рашэньне будзе весьці толькі да нашага пройгрышу. Я думаю, гэта будзе вельмі добрая дапамога ўладзе, калі Кангрэс зойме гэтую пазыцыю — дыктаваць. Мы самі вырашым, хто будзе гэтым адзіным, ці хто будзе лідэрам пяцёркі. Калі КРДС ці Кангрэс падтрымае рашэньне пяцёркі, гэта будзе вельмі добра".

Ён таксама паведаміў, што ўлады працягваюць аказваць моцны ціск на сяброў ягонай ініцыятыўнай групы. Напрыклад, у Магілёве аднаму з актывістаў пагражалі турмой, калі той ня кіне зьбіраць подпісы за Казлоўскага.

Яшчэ адзін прэтэндэнт Міхаіл Чыгір, у падтрымку якога ўжо сабралі больш як 80 000 подпісаў, таксама не задаволены рашэньнем аргкамітэту Кангрэсу. Гаворыць Міхаіл Чыгір:

(Чыгір: ) "Я не разумею гэтых людзей. Ёсьць пяцёрка, і мы павінны вырашаць гэтыя праблемы, якія ёсьць у нас. 15-га гэта будзе, ці крыху пазьней — гэта ўжо ня так важна. Яны лепш бы заняліся тым, што распавялі б насельніцтву ў сельскай мясцовасьці, што ў нас адбываецца ў краіне. А яны тут… абы тусоўку сабраць".

А вось думка Ўладзімера Ганчарыка:

(Ганчарык: ) "Я ня думаю, што трэба гэта рабіць Кангрэсу. Напэўна, кангрэс больш мае рацыю, калі ён адбудзецца, калі будзе вырашаная праблема, калі пяцёрка вызначыцца, з гэтай праблемай. А вось у падтрымку адзінага трэба. І Кангрэс, і аб’яднаньне рэальнае сілаў і іншае. Вось гэта галоўнае".

Кіраўніца перадвыбарчага штабу Сяргея Калякіна Алена Скрыган лічыць, што Кангрэс ня мае права дыктаваць сваю воля пяцёрцы. На ейную думку, прэтэндэнты й самі вызначацца, хто зь іх будзе адзіным. На сёньняшні дзень за лідэра ПКБ Калякіна ўжо сабрана блізу 90 000 подпісаў.

Прэтэндэнт Леанід Сініцын у часе сваёй сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі таксама заявіў, што выбары адзінага кандыдата на Кангрэсе ня будуць мець ніякага сэнсу. Спадар Сініцын сказаў, што адзіным кандыдатам ад усіх сілаў будзе ён сам. Паводле Сініцына, ягоная ініцыятыўная група нягледзячы на ціск з боку ўладаў ужо сабрала 100 000 подпісаў, якія цяпер пільна правяраюцца.

Леанід Сініцын таксама заявіў, што, калі ён стане прэзыдэнтам, то галоўным замежнапалітычным прыярытэтам Беларусі па-ранейшаму будзе Расея.

Прэсавая служба штабу лідэра ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча паведамляе, што за іхнага прэтэндэнта ўжо сабралі 125 000 подпісаў.

Між тым, як паведамляюць са штабу Зянона Пазьняка, учора ў менскім мікрараёне Сухарава трое невядомых напалі на актывіста штабу Аляксандра Неруша і спрабавалі зьнішчыць падпісныя лісты.
XS
SM
MD
LG