Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЙТЫНГ ЛУКАШЭНКІ ПАДАЕ, А ДОМАША – РАСЬЦЕ


Ганна Соусь, Менск

На сёньняшнім брыфінгу Беларускіх фабрыкаў думак ішла размова пра вынікі чэрвеньскага нацыянальнага апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў.

Паводле ягоных вынікаў, ужо 87% грамадзянаў Беларусі заявілі пра тое, што прыйдуць увосень на выбарчыя ўчасткі. Для параўнаньня — у красавіку ахвотных галасаваць было толькі 70%. Вось як патлумачыў значны рост палітычнай актыўнасьці беларусаў кандыдат эканамічных навук Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) "Людзі стаміліся чакаць нечага і лічаць, што выбары могуць нешта зьмяніць. Таксама трохі зьменшылася колькасьць тых, хто ня вызначыўся, за каго галасаваць. Але пакуль прэтэндэнтаў у кандыдаты вельмі багата, і электарат распыліўся. Але паступова ён будзе кансалідавацца. Па часе застанецца яшчэ менш кандыдатаў, людзям будзе прасьцей зарыентавацца. І палітычная актыўнасьць яшчэ падрасьце".

Чэрвеньскае апытаньне засьведчыла таксама паступовае зьніжэньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Гаворыць Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) "Калі браць доўгатэрміновую пэрспэктыву, то рэйтынг Лукашэнкі, асабліва адкрыты, зьніжаецца. Што тычыцца закрытых рэйтынгаў, то іх багата і нельга даць аднаго адказу. Многае залежыць ад таго, як гучыць пытаньне. Але ў цэлым рэйтынг Лукашэнкі паступова, хоць і паціху, зьніжаецца".

Што да рэйтынгаў канкурэнтаў Лукашэнкі, то, паводле вынікаў апытаньня, значнага падвышэньня пакуль ня мае ніводзін з прэтэндэнтаў.

(Сасноў: ) "Паступова расьце рэйтынг Домаша, і паступова меншае рэйтынг Чыгіра".

Аляксандар Сасноў зазначыў таксама, што вынікі апытаньня сьведчаць пра тое, што цяпер у пяцёрцы найбольшы рэйтынг маюць Сямён Домаш, Міхал Чыгір і Ўладзімер Ганчарык.

На брыфінгу аналізавалі палітычную і сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка мяркуе, што ў Беларусі ёсьць усе перадумовы эканамічнага крызысу. 40% беларускіх прадпрыемстваў стратныя, паступова меншаюць паказчыкі тэмпаў эканамічнага разьвіцьця, і на гэтым фоне ўлады праводзяць палітыку падвышэньня заробкаў. Гэта, паводле Леаніда Заікі, можа прывесьці да эканамічнага крызысу ўжо напрыканцы гэтага году.

Што да палітычнай сытуацыі, то сёньня ўдзельнікі брыфінгу адзначылі некалькі акалічнасьцяў.

Па-першае, сыход Натальлі Машэравай і даволі слабыя пазыцыі Леаніда Сініцына сьведчаць, на іхную думку, пра тое, што пакуль не зьявілася "трэцяй сілы" паміж уладамі і незалежным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў.

Па-другое, расейскі бок пакуль займае нэўтральную пазыцыю што да верагодных кандыдатаў. Да таго ж, аналітыкі мяркуюць, што беларускія ўлады ня маюць вызначанай выбарчай стратэгіі. І ўсё гэта можа спрыяць перамозе незалежнага кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG