Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЎЖО ЗДАЎ 100 ТЫСЯЧАЎ ПОДПІСАЎ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік на прэсавай канфэрэнцыі паведаміў, што ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта пачалі ўжо здаваць подпісы ў мясцовыя камісіі. Неабходны мінімум — 100 тысячаў — першая і пакуль адзіная здала група Аляксандра Лукашэнкі.

На другім месцы Ўладзімер Ганчарык, чыя група падала ў камісіі больш як 45 тысячаў подпісаў, на трэцім — Сяргей Гайдукевіч з амаль 30 тысячамі. Усе іншыя групы здалі ў мясцовыя выбаркамы няшмат подпісаў, а некалькі прэтэндэнтаў — пакуль ніводнага.

Паводле сакратара Цэнтарвыбаркаму, рэгістрацыя кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта будзе адбывацца зь 5 па 14 жніўня. Мікалай Лазавік ведае пра адмову аднаго з прэтэндэнтаў — актора тэатра сатыры Яўгена Крыжаноўскага — ад далейшай барацьбы, аднак афіцыйнае заявы ад яго ў Цэнтарвыбаркаме дагэтуль няма.

Сакратар камісіі распавёў, што спадар Крыжаноўскі па тэлефоне паскардзіўся на кіраўніка сваёй групы Васіля Сільчука, які яго падмануў і забраў пасьведчаньні ды аркушы з ужо сабранымі подпісамі. Усё гэта Мікалай Лазавік расказваў журналістам апоўдні, хаця яшчэ ўчора Яўген Крыжаноўскі распаўсюдзіў заяву для прэсы з адмовай балятавацца на прэзыдэнта, дзе быў такі фрагмэнт:

"Цэнтарвыбаркам зарэгістраваў маю ініцыятыўную групу, хоць я не зьяўляюся грамадзянінам Беларусі паводле нараджэньня (нарадзіўся ў горадзе Мікалаеве, Украіна). У адказ на мой запыт сакратар ЦВК Мікалай Лазавік паведаміў, што адказ я атрымаю толькі пасьля таго, як прадстаўлю на рэгістрацыю 100 тысячаў подпісаў. Гэта азначае, што адказ, хутчэй за ўсё, будзе адмоўным, незалежна ад таго, зьбяру я неабходную колькасьць подпісаў ці не". Спадар Крыжаноўскі дадаў, што Цэнтарвыбаркам ня хоча публічна прызнацца, што ягоныя супрацоўнікі ня ведаюць геаграфіі й дапусьцілі памылку.

Спадар жа Лазавік абвіначвае Яўгена Крыжаноўскага ў тым, што той станоўча адказаў на пытаньне камісіі перад рэгістрацыяй, ці адпавядае ягоная кандыдатура ўсім канстытуцыйным патрабаваньням да прэзыдэнта:

(Лазавік: ) "Бачыў жа, што аднаму грамадзяніну мы адмовілі на гэтай падставе, ён, як бы сказаць, падмануў камісію".

Тым часам барацьбу з Цэнтарвыбаркамам працягвае бібліятэкарка Ніна Лабанава, якая даслала скаргу ў Вярхоўны суд на адмову ў рэгістрацыі ейнае ініцыятыўнае групы. Адказ суду спадарыня Лабанава атрымала, аднак вырашыла не чытаць зьмест гэтага канвэрту. На просьбу пракамэнтаваць дзіўныя для ўсіх паводзіны няўдалай прэтэндэнткі сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адказаў гэтак:

(Лазавік: ) "Ня будзем казаць, ці то гэта ейнае хвіліннае жаданьне засьвяціцца на фоне значных асобаў, ці то гэта, можа быць, нешта больш сур’ёзнае.

А што датычыць псыхіятрычнае экспэртызы, дык у гэтым пляне мы дакладна прытрымліваемся палажэньняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. І Канстытуцыя не прадугледжвае мэдычнага асьведчаньня прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта".

Мікалай Лазавік дадаў, што сам Цэнтарвыбаркам ня можа патрабаваць ад прэтэндэнтаў прайсьці мэдычную экспэртызу.
XS
SM
MD
LG