Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ЗАНЕПАКОЕНЫЯ СПРАВАЙ КРЫСТАФЭРА ЛЕЦА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як мы ўжо паведамлялі, у аўторак у залі Беларускага вайсковага суду ў Менску пачаўся працэс над грамадзянінам Нямеччыны Крыстафэрам Лецам. Кароткі камэнтар да гэтай падзеі зьявіўся ў сёньняшнім нумары газэты Frankfurter Allgemeine Zeitung.

Крыстафэр Лец, піша газэта, якога абвінавачваюць у вэрбоўцы беларускіх грамадзянаў з мэтай збору канфідэнцыйнай інфармацыі, быў арыштаваны паводле запыту беларускага ўраду 15 верасьня 2000 году ў Маскве і перададзены ў Менск.

У панядзелак беларускае КГБ абвесьціла пра заканчэньне сьледзтва і перадачу справы ў вайсковы суд.

Народжаны ў Польшчы, Крыстафэр Лец служыў у польскім войску і ў часы халоднай вайны перабег на Захад. У 1984 годзе яго ўзялі на працу ў Расейскі інстытут войска Злучаных Штатаў, які цяпер вядомы як Эўрапейскі цэнтар Джорджа Маршала ў нямецкім месьце Гарміш-Партэнкірхэн, дзе Лец і працаваў да арышту.

Вядома, што Лец меў некалькі бізнэс-праектаў у Беларусі і Ўкраіне. Ягоная справа ўскладняецца яшчэ й тым, што яна закранае інтарэсы Злучаных Штатаў і Нямеччыны, а таксама польскія сувязі падсуднага.

Злучаныя Штаты, – піша Frankfurter Allgemeine Zeitung, – занепакоеныя тым, што выпадак зь Лецам можа нанесьці шкоду рэпутацыі Цэнтру Маршала, у якім навучаліся тысячы спэцыялістаў і які аніяк не зьвязаны са спэцслужбамі Злучаных Штатаў.

Міністэрства замежных справаў Нямеччыны і нямецкае пасольства ў Менску прызнаюць факт арышту Леца, але адмаўляюцца ад камэнтароў.

Паведамляецца, што падсудны атрымоўвае нямецкую юрыдычную дапамогу, а за хадой працэсу назіраюць нямецкія афіцыйныя асобы.
XS
SM
MD
LG