Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДРЫЯН СЕВЯРЫН: КАЛІ СЫТУАЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ ЗОЙДЗЕ ВЕЛЬМІ ДАЛЁКА, МЫ БУДЗЕМ ЛІЧЫЦЬ, ШТО ВЫБАРАЎ ТАМ НААГУЛ НЕ АДБЫЛОСЯ


Вольга Караткевіч, Парыж

Найперш Адрыян Севярын нагадаў, што перад тым, як разглядаць пытаньне прадстаўніцтва Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, у Беларусь былі скіраваныя сябры рабочай групы ў справе Беларусі Урбан Алін і Ута Цапф. У сваёй справаздачы яны адзначылі адсутнасьць дэмакратычных зьменаў у Беларусі. Гаворыць Адрыян Севярын:

(Севярын: ) “Мы вельмі моцна заклапочаныя палітычнай сытуацыяй у Беларусі, якая практычна пагаршаецца. Напружаньне расьце. Палітычная атмасфэра не дазваляе нам чакаць вельмі акрытых і свабодных умоваў для прэзыдэнцкіх выбараў. Тым ня менш, нягледзячы на нашыя малыя спадзяваньні, мы вырашылі паслаць місію назіральнікаў у Беларусь з прычыны выбараў. Безумоўна, мы ня будзем прытрымлівацца гэтага рашэньня, калі сытуацыя надалей пагоршыцца. І, калі сытуацыя ў Беларусі пагоршыцца да такой ступені, што мы можам пастанавіць, што там наагул няма выбараў.

Тое, што я маю на ўвазе: галоўныя супернікі на выбарах ня будуць зарэгістраваныя. Людзі павінныя мець права удзельнічаць у гонцы, гэта вельмі важна. З другога боку, што важна, міжнародныя і ўнутраныя назіральнікі павінны прысутнічаць як мага шырэй, каб даць гаратныю, што выбары будуць свабодныя і справядлівыя. Гэта будзе найлепшая гарантыя. Мы на гэтым настойваем, як я сказаў, узровень нашых спадзяваньняў вельмі нізкі на гэты момант, але ў нас высокі ўзровень нашай гатовасьці падтрымаць дэмакратычны працэс у краіне, падтрымаць кожнага, хто зацікаўлены ў справядлівых выбарах і ў нацыянальным і міжнародным прызнаньні вынікаў выбараў”.

Я папрасіла Адрыяна Севярына пракамэнтаваць атакі афіцыйнага Менску на Кансультацыйна-Назіральную місію АБСЭ ў Беларусі. Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ адзначыў, што кансультацыйна-назіральная група ў Менску мае поўную падтрымку АБСЭ. Працягвае Адрыян Севярын.

(Севярын: ) “Я гатовы паглядзець любы доказ, які дэманструе, што была зробленая нейкая памылка ў дзейнасьці. На гэты момант я гэтых доказаў ня маю. Група, як я ведаю, дзейнічае ў адпаведнасьці з мандатам. І таму ўсе мы падтрымліваем гэтую групу”.

У прынятай канчатковай рэзалюцыі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Беларусь узгадваецца толькі адзін раз – у пытаньні складаных умоваў для функцыянаваньня незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Не адзначаныя факты зьнікненьня людзей, перасьлед апанэнтаў. У той жа час прынятая адмысловая рэзалюцыя па Ўкраіне, жонка забітага журналіста Георгія Гангадзэ Міраслава выступала на трыбуне Парлямэнцкай Асамблеі. Жонкі беларускіх зьніклых і рэпрэсаваных Сьвятлана Завадзкая, Ірына Красоўская, Вольга Захаранка, Тацяна Клімава і Людміла Карпенка давалі прэсавую канфэрэнцыю ў будынку Нацыянальнага сходу Францыі, дзе праходзіла Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ, але іхны візыт быў у межах неафіцыйнай праграмы, і як паведаміў мне адзін з арганізатараў візыту, нават у такім фармаце запрасіць жанчынаў было вельмі складана. Я запыталася Адрыяна Севярына, як АБСЭ рэагуе на зьнікненьні людзей у Беларусі?

(Севярын: ) “Мы ня можам рабіць нашае ўласнае расьсьледаваньне, каб высьветліць, што здарылася са зніклымі людзьмі. Мы таксама ня можам нікога абвінавачваць, пакуль ня маем доказаў, што нехта далучаны да гэтых зьнікненьняў. Але мы можам сказаць: факт, што ў краіне, якая даволі добра кантраляваная ўрадам, людзі зьнікаюць бязь нейкіх зьвестак – гэта хвалюе. І мы прынялі – ня ў часе Асамблеі, таму што мы мелі шмат тэмаў для абмеркаваньня, але мы прынялі – падчас тэхнічнай канфэрэнцыі напярэдадні – прынялі прэсавы рэліз разам зь іншымі арганізацыямі, напрыклад, Эўрапейскім Зьвязам. У заяве, якая ўсім нагадвае пра нашыя спадзяваньні – патрабаваньні міжнароднай грамадзкасьці – якія мусяць быць выкананыя. У той самы час, я лічу, мы далі вельмі моцны палітычны сыгнал, калі вырашылі не прызнаваць паўнамоцтвы парлямэнтароў, якія былі абраныя на апошніх парлямэнцкіх выбарах. Паводле нашых патрабаваньняў, тыя выбары былі недастаткова свабодныя і справядлівыя. І мы далі моцны сыгнал, калі заявілі, што гатовыя назіраць за выбарамі сёлета, пры ўмове мінімальных гарантыяў для нейкіх рэальных выбараў”.
XS
SM
MD
LG