Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРГКАМІТЭТ КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ЗАПАТРАБАВАЎ АД ПРЭТЭНДЭНТАЎ НЕАДКЛАДНА ВЫЗНАЧЫЦЬ АДЗІНАГА КАНДЫДАТА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску тэрмінова склікалі паседжаньне аргкамітэту Кангрэсу дэмсілаў. На ім прысутнічалі лідэры БНФ, грамадзкіх арганізацыяў, а таксама прадстаўнікі выбарчых штабоў Сямёна Домаша, Уладзімера Ганчарыка й Аляксандра Ярашука.

Як сказаў напачатку старшыня аргкамітэту прафэсар Юры Хадыка, сытуацыя з вылучэньнем адзінага кандыдата на прэзыдэнта вельмі небясьпечная для будучага лёсу Беларусі. Прэтэндэнты ўжо правялі паміж сабой вельмі шмат кансультацыяў, а жаданага выніку няма.

На думку спадара Хадыкі, амбіцыі прэтэндэнтаў не даюць ім зрабіць апошні крок і вызначыцца ў справе адзінага кандыдата. Таму, маўляў, трэба неадкладна разбурыць усе гэтыя "пяцёркі" й "чацьвёркі" і хутчэй падтрымліваць некага аднаго, інакш паўтарыцца сытуацыя выбараў 1994 году, калі галасы дэмакратычна настроеных выбарцаў расьцерушыліся паміж двума кандыдатамі.

Сябры аргкамітэту Кангрэсу дэмакратычных сілаў лічаць, што ідэальным варыянтам было б, каб самі прэтэндэнты вызначылі спасярод сябе адзінага кандыдата. Але паколькі часу да выбараў засталося няшмат, яны вырашылі, што правядзеньне Кангрэсу прымусіць прэтэндэнтаў дзейнічаць больш рашуча. Гаворыць старшыня аргкамітэту Юры Хадыка:

(Хадыка: ) "Нашая неразваротлівасьць, нашая нерашучасьць паставіла Беларусь у сытуацыю, калі мы ўсе можам прайграць. Грамадзяне звычайныя прайграюць, таму што ня будзе ніякіх рэформаў, ніякіх пераменаў, а палітычныя партыі, якія стварылі гэтую пяцёрку, але згубілі над ёй усялякі кантроль, апынуцца ў сытуацыі, калі трэба будзе распускацца. Таму што сваімі рукамі мы рыхтуем перамогу Лукашэнку. З гэтым трэба заканчваць.

Пяцёрка нам ніяк не патрэбная — нам патрэбны адзіны дэмакратычны кандыдат. І кангрэс дэмакратычных сілаў зробіць усё, каб ён у нас быў".

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што вызначаць адзінага кандыдата хутчэй за ўсё прыйдзецца з тых двух прэтэндэнтаў, якія зьбяруць найбольшую колькасьць подпісаў выбарцаў у сваю падтрымку. Як вядома, гэтымі кандыдатамі цяпер ёсьць Ганчарык і Домаш. Таму ўсе сілы палітычных партыяў ды іншых структураў будуць сканцэнтраваныя на падтрымцы гэтых прэтэндэнтаў.

У заяве, што прыняў аргкамітэт Кангрэсу, адзначаецца, што 15 ліпеня ёсьць апошняй датай, да якой яны будуць чакаць дабраахвотнага рашэньня прэтэндэнтаў. А пасьля ў адзін зь дзён паміж 29 ліпеня й 5 жніўня пройдзе Кангрэс, дзе падтрымаюць адзінага кандыдата. Дакладную дату Кангрэсу аргкамітэт вызначыць на сваім паседжаньні ў пятніцу.
XS
SM
MD
LG