Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛОШАВІЧА АДХІЛІЛІ АД УЛАДЫ ЖАНЧЫНЫ?


Мікола Іваноў, Прага

Свані Грант апалізуе прычыны пазбаўленьня Мілошавіча ўлады. Яна піша, што бясконцыя рэзалюцыі ААН, бамбардаваньне НАТА і ордэр на арышт Мілошавіча, выдадзены Міжнародным трыбуналам у Гаазе не змаглі пазбавіць Мілошавіча ўлады.

Сярод жа тых, хто зрабіў гэта, выключную ролю адыгралі сэрбскія жанчыны, якія змаглі пераканаць іншых жанчынаў (і мужчынаў) прагаласаваць за зьмены. У верасьні і сьнежні летась Жаночая палітычная сетка арганізавала шырокамаштабную кампанію.
Напярэдадні выбараў сябры сеткі накіраваліся ва ўсе куткі краіны, распаўсюджвалі ўлёткі, значкі. Яны размаўлялі з кожнай сустрэтай жанчынай, пераконваючы яе прыняць удзел у выбарах і прагаласаваць пераважна за Сэрбскую дэмакратычную апазыцыю.

Добраахвотнікі скантактаваліся з больш чым 250 недзяржаўнымі жаночымі арганізацыямі і папрасілі іх дапамагчы ў тым, каб заахвоціць жанчын галасаваць. Падчас размоваў яны закраналі ня толькі спэцыфічныя жаночыя праблемы, але і абмяркоўвалі пытаньні эканамічнага разьвіцьця, бясьпекі і палітычнай улады.

Адна з жаночых групаў вяла сваю прапагандысцкую кампанію пад лёзунгам: “Пачні зьмены з сябе: ідзі наперад і выкарыстай сваю прыгажосьць”. Сябры іншай групы Вокс Фэміна наведалі 51 вёску, у кожнай паразмаўлялі з жыхарамі прыблізна 20 дамоў. Калі сродкі масавай інфармацыі ў Сэрбіі сталі свабоднымі, Вокс Фэміна атрымала бясплатны эфірны час на радыёстанцыях.

Прапагандысцкія матэрыялы розных жаночых арганізацыяў былі прадстаўленыя традыцыйнымі заклікамі тыпу “Рэцэпт на дэмакратыю”, а таксама авангардысцкімі паштоўкамі, на якіх быў намаляваны шматколерны прэзэрватыў і палітычны заклік “Выбірай”. Жанчыны-добраахвотніцы былі натхнёныя надзеяй на лепшую будучыню, але іх праца зусім ня была легкай. На іх нападалі, іх абражалі, у іх нават стралялі. Але гэта яны, хто зрабіў зьмены магчымымі. Апазыцыйная кааліцыя Ваіслава Каштуніцы выйграла ў першым туры выбараў перавагай усяго ў адзін адсотак галасоў. Перамога, аднак, магла б і не прыйсьці, калі за яе не прагаласавалі жанчыны.

Жанчыны, як сацыяльная група, пакутвалі за часоў рэжыму Мілошавіча. У той час, калі амаль палова сэрбскага насельніцтва жыла ніжэй за узровень беднасьці, жанчыны змагаліся. Яны выйшлі на палітычную арэну з зарадам актыўнасьці. 70% усіх недзяржаўных арганізацыяў ў 1999 годзе былі створаныя жанчынамі.

Але, нягледзячы на гэта, палітыка ў Сэрбіі па-ранейшаму рзглядаецца ў якасьці мужчынскай справы. Толькі 10,8% сябраў парлямэнту – жанчыны. Многія жанчыны ўсё яшчэ зьвяртаюцца да сваіх мужоў па дазвол прыняць удзел у выбарах. Дэмакратыя – новая зьява для Сэрбіі, і тут яшчэ можна чакаць шмат неспадзянак і нетыповых сытуацыяў.

Аднак Захад павінен вывучыць гэтыя дасьведчаньні, – піша на старонках амэрыканскай газэты International Herald Tribune былая амбасадар ЗША ў Аўстрыі і цяперашні прафэсар Гарвардзкага ўнівэрсытэту Свані Гант. – Арганізацыі, падобныя да Жаночай палітычнай сеткі, існуюць у многіх краінах, дзе ідзе змаганьне за дэмакратыю. Захад павінен падтрымліваць падобныя дзеяньні.

Гэта шмат не каштуе, затое рызыка малая, а стаўка тут высокая, – падсумоўвае свой артыкул былая высокапастаўленая амэрыканская дыпляматка Свані Гант.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG