Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ВІЦЕБШЧЫНЕ ЗАБАРАНЯЮЦЬ НАВАТ ГАВАРЫЦЬ УГОЛАС ПРА МАГЧЫМАГА ІНШАГА ПРЭЗЫДЭНТА БЕЛАРУСІ


Бранiслава Станкевiч, Вiцебск

Як паведамiлi сябры iнiцыятыўных групаў, збор подпiсаў iдзе даволi актыўна, прычым вiцябляне часьцяком падпiсваюцца за ўсiх трох патэнцыйных кандыдатаў. За Зянона Пазьняка сабралі больш як 1,5 тысячы подпiсаў, за Мiхаiла Чыгiра — каля 2,5 тысячаў.

Аднак усе зьбiральнiкi подпiсаў скардзяцца, што iм дужа замiнаюць працаваць прыхiльнiкi Аляксандра Лукашэнкi: гэтыя людзi, нягледзячы на свой пераважна пэнсійны ўзрост, распачынаюць каля пiкетаў сваркi, публiчна абражаючы ўсiх магчымых канкурэнтаў Лукашэнкi. Даходзiць ледзьве не да боек, аднак прадстаўнiкi гарадзкiх уладаў і мiлiцыянты да гэткiх эксцэсаў у цэнтры гораду падкрэсьлена абыякавыя.

Збор подпiсаў па месцы жыхарства цяпер таксама не прыцягвае iхнае увагi, і мiлiцэйскiя патрулi, якiх час ад часу яшчэ выклiкаюць пiльныя грамадзяне, таксама больш не затрымлiваюць сяброў iнiцыятыўных групаў.

Толькi з рэгiёнаў працягваюць паступаць зьвесткi пра ўцiск тых асобаў, што насьмелiлiся падпiсацца за вылучэнцаў ад апазыцыi.

Да прыкладу, днямi ледзьве ня страцiла працу бiблiятэкарка з саўгасу "Шаркаўшчынскi" Людмiла Мацкевiч, якая падпiсалася за Сямёна Домаша ды Паўла Казлоўскага, а за Аляксандра Лукашэнку паставiць подпiс адмовiлася. Спадарыню Мацкевiч выклiкалi ў Шаркаўшчынскi райвыканкам, дзе намесьнiца старшынi па iнфармацыi Галiна Волах загадала ёй нават не пачынаць на працы гаворак пра тое, што ў Беларусi можа быць iншы, апроч Лукашэнкi, прэзыдэнт. Пра гэты выпадак распавёў старшыня абласной Каардынацыйнае рады па назiраньнi за выбарамi Iосiф Навумчык.

Дарэчы, паставiць свой подпiс за Аляксандра Лукашэнку сёньня можна было на вiцебскiм пiкеце, якi разьмесьцiўся на пляцы Волi, зусiм недалёка ад палiтычных апанэнтаў. Замест самаробных стэндаў тут быў прыладкаваны белы столiк под парасончыкам ды каляровы партрэт Аляксандра Рыгоравiча. За паўгадзiны я ня ўбачыла за гэтам столiкам нiводнага з ахвотных.
XS
SM
MD
LG