Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАРВЫБАРКАМ ВЫСТАВІЎ ПАПЯРЭДЖАНЬНІ ГРУПАМ ГАЙДУКЕВІЧА, СІНІЦЫНА Й МАРЫНІЧА


Юры Сьвірко, Менск

Калі б тыя парушэньні, пра якія распавядалі на сёньняшнім паседжаньні Цэнтарвыбаркаму, адбываліся пасьля 27 чэрвеня — даты, калі набыў сілу Лукашэнкаў дэкрэт №20, — дык ініцыятыўным групам Сяргея Гайдукевіча, Леаніда Сініцына й Міхаіла Марыніча сёньня б адмовілі ў рэгістрацыі. Але пільныя грамадзяне даслалі ў Цэнтарвыбаркам скаргі на гэтыя групы з паведамленьнямі пра падзеі, што адбыліся яшчэ да падпісаньня дэкрэту.

Групу Сяргея Гайдукевіча абвінавацілі ў распаўсюдзе агітацыйных матэрыялаў падчас збору подпісаў у Лідзе і Менску. Прысутным на паседжаньні прадэманстравалі каляровыя календары з партрэтам спадара Гайдукевіча ды ягонай біяграфіяй.

(Гайдукевіч: ) "Мы катэгарычна адмаўляемся ад гэтага. Вядома, вам прымаць рашэньне. І ніякіх гістэрык! Якое б вы рашэньне не прынялі — усё будзе прынята адпаведна з законам".

Далей спадар Гайдукевіч заявіў, што ягоны штаб сутыкаецца з мноствам правакацыяў, а таксама дадаў, што ня будзе прыхоўваць, што ён мае некалькі аўтамашынаў і ўвогуле нябедны чалавек.

Сакратар камісіі Мікалай Лазавік паказаў спадару Гайдукевічу фотапартрэты Паўла Казлоўскага й Сяргея Калякіна, якія таксама былі дасланыя ў Цэнтарвыбаркам пільнымі грамадзянамі. Аднак, падкрэсьліў спадар Лазавік, не былі ўстаноўленыя факты, што іх раздавалі сябры ініцыятыўных групаў Казлоўскага й Калякіна, а вось факты, што календарыкі Гайдукевіча раздавала ягоная група, ёсьць. Таму лідэр лібэрал-дэмакратаў атрымаў ад Цэнтарвыбаркаму папярэджаньне.

Такі ж лёс напаткаў групу Леаніда Сініцына. Жыхар Паставаў Уладзімер Рабаконь даслаў у Цэнтральную камісію заяву ды 5 даляраў — 5 купюраў па 1 даляры кожная, якія ён нібыта атрымаў за збор подпісаў ад групы спадара Сініцына. Кіраўнік групы Ўладзімер Сьцяпанаў адпрэчыў гэты факт, а сам Сініцын напісаў у камісію заяву з просьбай выключыць са складу сваёй групы шэраг сяброў, улучна са спадаром Рабаконем.

Леанід Сініцын таксама абяцаў правесьці ўнутранае расьсьсьледаваньне. Ён назваў 5-даляравы інцыдэнт хабарам і заклікаў да правядзеньня крымінальнага расьсьледаваньня, аднак спадарыня Ярмошына заявіла, што гэта быў ня хабар, а "аплата працы за збор подпісаў, дагавор падраду, і ня больш таго".

Леанід Сініцын заявіў журналістам, што будзе рабіць пэўныя захады супраць гэтай 5-даляравай кампрамэтацыі, а таксама паведаміў, што ягонага сына Аляксея Сініцына звальняюць з пасады памочніка прадстаўніка авіякампаніі "Белавія" ў Лёндане.

(Сініцын: ) "Прыйшла тэлеграма з галаўной кампаніі — на патрабаваньне пракуратуры звольніць. А пракуратура ладзіла нейкую праверку".

Атрымаў сёньня папярэджаньне і Міхаіл Марыніч, якога на паседжаньні Цэнтарвыбаркаму не было. Нехта напісаў, што атрымаў за збор подпісаў у Стаўпцоўскім раёне 70 тысячаў беларускіх рублёў. Прозьвішча атрымальніка камісія вырашыла не абнародаваць. Кіраўнік Марынічавай групы Леанід Сечка заявіў Цэнтарвыбаркаму, што гэта правакацыя, а таго чалавека проста запалохалі ўлады.
А напярэдадні адбылася чарговая сустрэча пяцёркі, дзе былі вызначаныя прынцыпы вылучэньня адзінага кандыдата. Галоўныя крытэры — колькасьць сабраных подпісаў, рэйтынг прэтэндэнта й дынаміка рэйтынгу, а таксама наяўнасьць арганізацыйных структураў і іх колькасны склад.

Экс-прэм'ер Міхаіл Чыгір, які мае пакуль больш за 80 тысячаў подпісаў, заявіў пра калегаў зь пяцёркі, што ва ўсіх была ўпэўненасьць, што дамовяцца. Спадар Чыгір, аднак, лічыць, што колькасьць сабраных подпісаў не павінна быць вызначальным крытэрам у выбары адзінага кандыдата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG