Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРНЭТ ПАКУЛЬ НЕПАДСУДНЫ


Валер Каліноўскі, Менск

Супраць вядомага габрэйскага рэлігійнага і грамадзкага дзеяча зь Менску Якава Басіна Першамайскі райаддзел міліцыі распачаў адміністратыўную справу. Спадара Басіна абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Якаў Басін цяпер паводле даверанасьці прадстаўляе ў Беларусі інтарэсы вядомай праваабарончай габрэйскай арганізацыі з ЗША "Union of Councils" і мае паўнамоцтвы на рэгістрацыю бюро гэтай структуры ў МЗС Беларусі. Але на гэты момант бюро не зарэгістраванае і фармальна не існуе.

Тым ня менш, на сайце "Union of Councils" (http://www.fsumonitor.com ці http://ucsj.com) у ЗША зьяўляліся справаздачы Якава Басіна пра антысэмітызм у Беларусі. Гэтыя паведамленьні ён падпісваў як старшыня беларускага бюро "Union of Councils". Ягоную інфармацыю пабачылі ў Камітэце ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі і, не аспрэчваючы іхнага зьместу, зьвярнулі ўвагу пракуратуры на тое, што паведамленьне даецца ад імя кіраўніка незарэгістраванай структуры.

Пракуратура накіравала ліст на рэагаваньне ў міліцыю, і ў выніку быў складзены і накіраваны ў суд пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні. Такім чынам, упершыню ў Беларусі інфармацыйныя паведамленьні ў Інтэрнэце сталі падставай для судовай справы.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі падрабязна распытваў, як Басін накіроўвае сваю інфармацыю ў ЗША, хто яе перакладае і разьмяшчае ў Інтэрнэце. Высьветлілася, што Якаў Басін ня ўмее карыстацца Інтэрнэтам, і што ён не называў сябе кіраўніком незарэгістраванага бюро — так яго назвалі перакладчыкі ў ЗША.

Юры Гарбатоўскі спыніў справу з прычыны недаказанасьці й адсутнасьці правапарушэньня. Судзьдзя адмовіўся камэнтаваць Свабодзе гэтую справу і прынятае рашэньне.

Якаў Басін задаволены, што справу спынілі, але мяркуе, што ўціск можа працягвацца:

(Басін: ) "Тут быў вялікі, дастаткова глыбокі палітычны падтэкст, зьвязаны са свабодай разьмяшчэньня матэрыялаў у Інтэрнэце, з правам на ўласную думку і яе выказваньне, на камэнтар да тых ці іншых падзеяў".

Нягледзячы на відавочныя спробы запалохаць яго, Якаў Басін зьбіраецца і надалей пісаць пра факты антысэмітызму ў Беларусі:

(Басін: ) "Безумоўна, як чалавек і як грамадзянін, як той, хто непакоіцца пра лёс свайго народу, я буду працягваць сваю дзейнасьць".

Адвакатка Якава Басіна Натальля Доўнар лічыць гэтую справу ўнікальнай:

(Доўнар: ) "Упершыню слова "Інтэрнэт" прагучала ў судзе. Размова пайшла пра тое, як вырашаць спрэчкі, зьвязаныя з інфармацыяй, што разьмяшчаецца ў сетцы, і тым больш на сайце ў іншай краіне".

Натальля Доўнар мяркуе, што гэтым разам Інтэрнэт аказаўся непадсудным.

Але, паводле нашых зьвестак, у прэзыдэнцкай адміністрацыі рыхтуецца новая рэдакцыя Закону аб друку, які будзе прадугледжваць адказнасьць за распаўсюд інфармацыі і ў Інтэрнэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG