Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК КНГ АБСЭ АБГРУНТАВАЎ НЕАБХОДНАСЬЦЬ ДОЎГАТЭРМІНОВАГА НАЗІРАНЬНЯ ЗА ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСІ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле Ганса-Георга Віка, на нефармальнай сустрэчы ў Парыжы, якая адбылася напрыканцы мінулага тыдня, фактычна ўсе ейныя ўдзельнікі падтрымалі прапанову, каб міжнародныя арганізацыі наладзілі незалежнае назіраньне за выбарамі прэзыдэнта Беларусі.

Гучалі наступныя аргумэнты. Прыезд міжнародных назіральнікаў, па-першае, маральна падтрымае ўнутраных, беларускіх назіральнікаў. Па-другое, міжнародныя структуры праз сваіх прадстаўнікоў у Беларусі змогуць прасачыць за лёсам усіх кандыдатаў на прэзыдэнта. Па-трэцяе, гэта нэўтралізуе дзейнасьць ангажаваных уладай "назіральнікаў", якія, верагодна, зьявяцца падчас прэзыдэнцкіх выбараў, як гэта было ў часе выбараў парлямэнцкіх.

Доўгатэрміновае назіраньне можа доўжыцца паўтара месяца. Спэцыялісты Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека мяркуюць прыехаць у Менск ужо на пачатку жніўня. Варта нагадаць, што летась падчас выбараў у "палату прадстаўнікоў" з узгаданага Бюро прыяжджалі юрысты на кароткі час, і ня ў ранзе афіцыйных назіральнікаў.

Як можна расцаніць такую пазыцыю міжнародных арганізацыяў? На маё пытаньне адказвае ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) "Зразумела, што спалучэньне доўгатэрміновага і кароткатэрміновага назіраньня — гэта крок наперад. Таму што рэжым робіць доўгатэрміновую падрыхтоўку хлусьні й татальнай фальсыфікацыі. І таму кароткатэрміновае назіраньне за гэтым немагчымае. Трэба зрабіць яго доўгатэрміновым. Я думаю, што пэўныя высновы зрабілі эўраструктуры і агаварылі гэта ў сваім прэсавым рэлізе. Мне гэта падабаецца".

Сёньня стала таксама вядома, што па лініі АБСЭ можа прыехаць і яшчэ адна адмысловая група назіральнікаў. У яе ўвойдуць прадстаўнікі толькі краінаў, якія маюць агульную дзяржаўную мяжу зь Беларусьсю. Да таго ж прыедуць назіральнікі з краінаў СНД, з далёкага замежжа. Ці ня будзе тут нейкай блытаніны? Пра гэта я пытаюся яшчэ аднаго ўдзельніка сёньняшняга паседжаньня Ўладзімера Нісьцюка.

(Нісьцюк: ) "Зараз зноў, як гэта было на парлямэнцкіх выбарах, рыхтуецца падмена паняцьцяў. Міжнародны назіральнік — гэта той, хто са статусам, а замежны — каго сюды можна запрасіць сваім асабістым запрашэньні.

Напрыклад, мы ведаем, як лагодна ставяцца зараз да беларускага рэжыму некаторыя бэльгійскія, аўстрыйскія, італьянскія парлямэнтары. Яны будуць запрошаныя асабіста. Ёсьць толькі адна вельмі цікавая рэч: міжнародныя назіральнікі прыедуць сюды, і іхную працу тут будзе фінансаваць дзяржава, якая іх накіруе; а вось гэтыя госьці, якія прыедуць сюды, будуць фінансавацца за кошт нашага дзяржаўнага бюджэту".
XS
SM
MD
LG