Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЭЛЕГАЦЫЯ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ БЕЛАРУСІ СУСТРЭЛАСЯ Ў ПАРЫЖЫ СА СТАРШЫНЁМ ПА АБСЭ АДРЫЯНАМ СЕВЯРЫНАМ


Вольга Караткевіч, Парыж

Камэнтуючы факт, што крэсла Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ застаецца пустым, Адрыян Севярын назваў адсутнасьць рашэньня таксама рашэньнем.

Дэлегаты Вярхоўнага Савету Беларусі сёньня распаўсюдзілі заяву “Умовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”. Тэма выбараў гучала падчас сустрэчы з Адрыянам Севярынам.

(Лябедзька: ) “Па-першае, мы паінфармавалі аб сытуацыі ў Беларусі, перадалі спэцыяльны зварот на імя Севярына за подпісам шасьці патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, у якім ня толькіт ідзе апісаньне нашай сытуацыі, але і ёсьць фіксацыя асноўных прыярытэтаў. Па-другое, сам спадар Севярын распавёў нам пра вынікі чацьвертай тэхнічнай канфэрэнцыі па Беларусі. Там была дамоўленасьць аб каардынацыі дзейнасьці міжнародных структураў па Беларусі і было практычна вырашанае пытаньне аб поўнамаштабным назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі”.

Заяву “Умовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі” падпісалі члены дэлегацыяў ЗША, Вугоршчыны, Швэцыі, Нямеччыны ды іншых краінаў. У ёй парлямэнтары патрабуюць ад беларускіх уладаў спыніць ціск на КНГ АБСЭ ў Менску, стварыць клімат палітычнага даверу у часе выбарчай кампаніі – што азначае, сярод іншага, вызваліць Андрэя Клімава і Валерыя Шчукіна і забясьпечыць роўныя ўмовы для кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта.

Што да пытаньня да прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, дык яно будзе разгледжанае Пастаянным камітэтам гэтай арганізацыі ў кастрычніку. Паседжаньне пройдзе ў Лісабоне (Партугалія). Дадам, што кіраўнік партугальскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Антоніо Рэйс сказаў, што пэрсанальна зьбіраецца прыехаць у Беларусь для назіраньня за выбарамі.
XS
SM
MD
LG