Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ СТВОРАНЫ АПАЗЫЦЫЙНЫ ЛЕВАЦЭНТРЫСЦКІ БЛЁК


Уладзімер Глод, Менск

У канфэдэрацыю "За сацыяльныя перамены" ўвайшлі 10 суб’ектаў. Ейнае ядро склалі палітычныя партыі сацыял-дэмакратычнай арыентацыі й галіновыя прафсаюзы, што ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў. Разам зь імі сярод заснавальнікаў — Беларуская жаночая ліга, аб’яднаньні "Малы бізнэс" і "Народная дыпляматыя", а таксама Саюз жыльлёва-будаўнічых каапэратываў.

Гэтая ініцыятыва, як зазначылі сёньня на прэсавай канфэрэнцыі стваральнікі канфэдэрацыі, ёсьць фармаваньнем новага цэнтру сілаў, якія супрацьстаяць цяперашняму рэжыму. Калі Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў аб’ядноўвае партыі і арганізацыі правага накірунку, дык цяпер такая ж сіла зьявілася і на левым флангу.

Вось што сказаў пра гэта лідэр Сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Склалася такая сытуацыя, што правыя партыі й правацэнтрысцкія арганізацыі аб’яднаныя ў адзіны блёк, а тыя арганізацыі, што знаходзяцца лявей за цэнтар, не аб’яднаныя. І КРДС, якая аб’ядноўвае толькі правую частку палітычнага спэктру, яна выступае ад імя ўсёй правацэнтрысцкай апазыцыі. Гэта недакладна. Гэта недакладнасьць высьветлілася падчас фармаваньня ініцыятыўных групаў, калі аказалася, што арганізацыі, якія знаходзяцца лявей за цэнтар, выставілі ў ініцыятыўныя групы людзей удвая болей, чым тыя арганізацыі, якія знаходзяцца на правым цэнтры".

Стваральнікі новага блёку кажуць, што будуць падтрымліваць рух "За новую Беларусь" зьлева, а КРДС — справа. Такім чынам, у руху, які ўзначальвае Васіль Лявонаў, цяпер будзе не адна, а дзьве апоры. А спадар Лявонаў робіцца судзьдзём як для правых, так і для левых.

Наколькі своечасова ствараецца новая канфэдэрацыя, ці ўдалы момант абралі ейныя заснавальнікі?

Вось як адказвае на пытаньне старшыня прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) "Гэта не маё асабістае рашэньне, я прадстаўляю тут прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці, гэта нашага прэзыдыюму рашэньне. І таму, я думаю, яшчэ ёсьць час, каб усім разам згуртавацца пад "Новай Беларусьсю". Гэта тычыцца і КРДС. І тады народу будзе вельмі проста разабрацца, хто ёсьць хто".

Паводле Аляксандра Бухвостава, да новай арганізацыі ў якасьці назіральнікаў ужо падключыліся прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу і грамадзкая арганізацыя "Інваліды Чарнобыля". Ёсьць і іншыя ахвотныя.
XS
SM
MD
LG