Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГРОШАЙ НА ЗАМЕНУ “ХРУШЧОВАК” НЯМА


Ігар Карней, Менск

У Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры кажуць, што грошай на будаўніцтва новага жыльля дзеля замены "хрушчовак" няма.

Яшчэ напачатку году прэм’ер Уладзімер Ярмошын заявіў, што паводле тэмпаў будаўніцтва Беларусь апярэдзіла ўсе былыя рэспублікі былога Саюзу. Адзінае, чаго не ўдакладніў Ярмошын: амаль на 100% гэта будаўніцтва камэрцыйнае. Уся праца ідзе за сродкі забудоўцаў і практычна ніводнага дзяржаўнага рубля ў будаўніцтва новых мікрараёнаў ня ўкладваецца.

Пра трагедыю ў Кобрыне ў галіновых ведамствах сёньня нічога ня ведалі. Ні ў Міністэрстве будаўніцтва, ні ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі не ўдакладнілі, якую долю займае цяпер аварыйнае ды пратэрмінаванае паводле сваіх эксплюатацыйных нормаў жытло.

Але вось некаторыя лічбы статыстыкі, што я атрымаў у Беларускім прафсаюзе будаўнікоў. Больш за 100 мільёнаў квадратных мэтраў гарадзкога жылога фонду Беларусі трэба тэрмінова рамантаваць. Амаль на 90% гэта кватэры ў так званых сталінскіх ці хрушчоўскіх пабудовах. Разьлічаныя на 25-30 гадоў эксплюатацыі й збудаваныя як часовыя (асабліва гэта тычыцца хрушчовак), пяціпавярховыя штампоўкі стаяць ужо чатыры дзясяткі год. Апошнія капітальныя рамонты ў большасьці зь іх былі яшчэ за савецкім часам — 20-30 гадоў таму.

Але ўзяць за прыклад маскоўскі досьвед, дзе пасьля сэрыі трагедыяў гарадзкія ўлады тэрмінова пачалі перасяляць жыхароў "хрушчобаў" у новыя дамы, ніхто не сьпяшаецца. Беларусі такі досьвед, як сказалі мне ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, пакуль не па кішэні.

На пачатак 2001 году ў чэргах на кватэры стаялі 650 тысяч сем’яў (іншымі словамі, кожная чацьвертая беларуская сям’я). Амаль 10 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля — так званыя даўгабуды, а гэта аб’ём, што здаецца ў эксплюатацыю за 3 гады. Дзяржаўныя крэдыты на ўдзел у каапэратыўным будаўніцтве атрымлівае толькі траціна тых, хто падае адпаведныя заявы. Таму, паводле тэхнічнага інспэктара Менскага аблвыканкаму Мацьвея Васюка, хрушчоўкі яшчэ доўга будуць звыклай часткай гарадзкога пэйзажу.

(Васюк: ) "Калі выконваюцца правілы эксплюатацыі, няма кароткіх замыканьняў, адводы дажджавыя правільна зробленыя — тады дамы яшчэ прастаяць. Але калі ў зварныя канструкцыі трапляюць нават толькі атмасфэрныя воды — гэта імклівы крок да непажаданых наступстваў. Вельмі многае таксама залежыць ад тэрміну даўнасьці будынка. Але ў Менску такіх выпадкаў, як у Кобрыне, не было".

У прэсавай службе Савету Міністраў мне паведамілі, што ў будаўніча-мантажныя работы летась інвэставалі 830 мільярдаў рублёў. Але асноўная частка сродкаў пайшла на пампэзныя і дарагія пабудовы: аўтобусны і чыгуначны вакзалы ў Менску, Палац рэспублікі, лядовыя палацы ў абласных цэнтрах. Амаль 10 мільярдаў рублёў пойдзе сёлета на працяг работаў у Палацы рэспублікі й на тэрыторыі, прылеглай да чыгуначнага вакзалу.
XS
SM
MD
LG