Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАЎТРА ПАЧЫНАЕЦЦА СУД НАД КРЫСТАФЭРАМ ЛЕЦАМ, АБВІНАВАЧАНЫМ У ШПІЯНАЖЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Працэс над грамадзянінам Нямеччыны Крыстафэрам Лецам будзе закрыты, — паведаміў Радыё Свабода старшыня Беларускага ваеннага суду Павал Лізуноў. Ён не назваў прозьвішчаў судзьдзі й народных засядальнікаў, але паабяцаў, што заўтра гэтыя прозьвішчы будуць агалошаныя. Закрытасьць працэсу Павал Лізуноў абгрунтаваў артыкулам 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, які дазваляе разглядаць справы за зачыненымі дзьвярыма, калі гаворка ідзе пра дзяржаўныя сакрэты.

Між тым, дагэтуль невядома, выкраданьне якіх сакрэтаў інкрымінуюць Крыстафэру Лецу. Нагадаю, нямецкага грамадзяніна Крыстафэра Леца затрымалі яшчэ летась у верасьні ў Маскве, дзе ён працаваў выкладчыкам Цэнтру імя Маршала. Затрыманьне на замову беларускага КГБ правяла расейская контарвыведка, пасьля чаго Леца выдалі Менску.

За час арышту пра спадара Леца падавалі розныя зьвесткі. Спачатку проста заяўлялі, што затрыманы — замежны шпіён. Потым ад беларускіх афіцыйных асобаў прагучала, што гэты шпіён займаўся вэрбоўкай беларускіх грамадзянаў.

Цікавасьць да Леца яшчэ больш узрасла, калі ў студзені Аляксандар Лукашэнка, паводле некаторых крыніцаў, прапанаваў амэрыканцам абмяняць яго на Паўла Барадзіна, які ў той час знаходзіўся ў Бруклінскай турме ў Нью-Ёрку. Як вядома, абмену не адбылося, Барадзін вярнуўся ў Маскву без дапамогі Лукашэнкі, і пра Крыстафэра Леца часова забылі.

І вось мінулай суботай КГБ паведаміў, што справу Леца перадалі ў ваенны суд, а яшчэ празь дзень стала вядома, што ўжо прызначылі й судовае паседжаньне.

Справу Леца расьсьледавалі 10 месяцаў. Кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КГБ Фёдар Котаў патлумачыў гэткі тэрмін "вялікім аб’ёмам і складанасьцю справы". Невядома, аднак, ці ўдалося сьледчым КГБ прыцягнуць да адказнасьці яшчэ каго, акрамя нямецкага грамадзяніна. Але даведзенае да суду абвінавачаньне супраць Леца прадстаўнік КГБ назваў "безумоўным посьпехам".

Фёдар Котаў адмовіўся распавесьці, якія сакрэты цікавілі грамадзяніна Нямеччыны. Паводле Котава, замежныя спэцслужбы ў Беларусі дзейнічаюць актыўна, і гэтая актыўнасьць узрасла пасьля 1991 году, калі Беларусь атрымала незалежнасьць. Тады ў Менску зьявіліся амбасады замежных краінаў, якія, на думку спадара Котава, ёсьць ідэальным прыкрыцьцём для шпіёнаў.

Прадстаўнік КГБ лічыць заўчасным пытаньне пра магчымасьць абмену Леца на нейкага беларускага шпіёна. "Спачатку трэба дачакацца рашэньня суда", — сказаў Радыё Свабода Фёдар Котаў. Між тым, паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, за шпіянаж нямецкаму грамадзяніну пагражае ад 7 да 15 гадоў турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG