Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЬЛЯ ПІКЕТУ Ў МЕНСКУ НЕВЯДОМЫЯ ЖОРСТКА ЗЬБІЛІ ДВУХ БАРЫСАЎСКІХ АКТЫВІСТАЎ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Да сваіх заяваў хлопцы прыклалі мэдычныя сьведчаньні пабояў, якія зафіксавалі ў траўматалягічным аддзяленьні барысаўскай лякарні. Як тлумачаць Зьміцер Фядорчанка і Сяргей Падзолка, позна ўвечары 7 ліпеня яны вярталіся дамоў зь Менску, дзе днём удзельнічалі ў пікеце, прысьвечаным Завадзкаму.

Калі хлопцы садзіліся на электрычку са станцыі "Менск-Усходні", Сяргей Падзолка заўважыў, што ў суседні вагон зайшлі чацьвёра маладых мужчынаў атлетычнага целаскладу. Яны былі прыкладна аднаго росту, усе каротка стрыжаныя, усе абутыя і апранутыя па-спартоваму. Аднак Сяргей Падзолка ў той момант не падумаў, што празь дзьве гадзіны ў лесе гэтыя людзі на іх нападуць.

Вось што распавёў пра напад і зьбіцьцё Сяргей Падзолка:

(Падзолка: ) "Гэтыя маладыя мужчыны цікавалі за намі ад самай электрычкі і ўжо ў пералеску, за мікрараёнам Печы, яны дагналі нас, абкружылі і моўчкі пачалі зьбіваць. Яны ведалі спэцыяльныя прыёмы рукапашнага бою, якіх мы ня ведаем. Іх было ўдвая больш, таму сур'ёзнага супраціву гэтым малойчыкам мы аказаць не маглі.

Білі нас спачатку рукамі, а калі завалілі, дык і нагамі. Потым на разьвітаньне сказалі нам: "У іншых акалічнасьцях мы білі б вас так, каб вы ніколі не падняліся зь зямлі".

Спадары Падзолка і Фядорчанка кажуць, што нападнікі не забралі ў іх ані грошай, ані гадзіньнікаў, ані іншых рэчаў. Таму юнакі лічаць, што расправа мела чыста палітычныя прычыны. Зьбівалі, каб пакараць барысаўцаў за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце за Завадзкага. Хаця 7 ліпеня яшчэ адзін барысаўскі пікетовец Алесь Барадуля ўжо быў асуджаны ў Менску на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, а суд над спадарамі Падзолкам і Фядорчанкам будзе 16 ліпеня.
XS
SM
MD
LG