Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОМАШ ЛІДАРУЕ НА ГАРАДЗЕНШЧЫНЕ ПА КОЛЬКАСЬЦІ САБРАНЫХ ПОДПІСАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

У ініцыятыўнай групе Сямёна Домаша мне паведамілі, што па папярэдніх падліках сёньня ўжо сабралі 20 000 подпісаў. Яшчэ тры дні таму дакладна было вядома, што ў вобласьці сабралі за Домаша 18 700 подпісаў.

Я атрымаў таксама зьвесткі ад першага сакратара абкаму Камуністычнай партыі беларускай Анатоля Іванчыка. За кіраўніка гэтай партыі Сяргея Калякіна ў вобласьці сабралі 14 000 подпісаў. Аднак у апошнія дні кампанія па зборы вельмі запаволілася.

Каардынатар ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка Ігар Квачэнка называе лічбу 8 000. Столькі на Гарадзеншчыне ўдалося сабраць у падтрымку кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў. Толькі 3 000 подпісаў сабралі ў Горадні за вылучэньне Паўла Казлоўскага. У іншых месцах вынікі зусім сьціплыя. Напрыклад, у Ашмянах за яго падпісаліся ўсяго 30 чалавек.

У нядзелю Сямён Домаш запрасіў 20 сталічных, а таксама мясцовых журналістаў. Мэта — пазнаёміць іх зь ягоным домам і гісторыяй ягонага набыцьця, бо гэтую акалічнасьць улады спрабуюць выкарыстаць у змаганьні супраць патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнцкую пасаду. У доме з мансардай даваеннай пабудовы пражывае сям'я Сямёна Домаша і сям'я ягонага старэйшага сына.

Журналістам прадаставілі ўсе дакумэнты, якія сьведчаць, што дом быў набыты законна. Але ўлады насуперак усяму спрабуюць выселіць апазыцыйнага палітыка. Гэтага ад мясцовага кіраўніцтва публічна запатрабаваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Аднак законных падставаў для высяленьня няма. На думку адваката Алега Куца, справа мае чыста палітычны характар.
XS
SM
MD
LG