Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАДАВІНА ЗЬНІКНЕНЬНЯ ЗЬМІТРА ЗАВАДЗКАГА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Чарговы раз, цяпер напярэдадні гадавіны зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў Беларусі паведамілі, што першы этап расьсьледаваньня завершаны і справу хутка перададуць у суд.

“Сьледзтва па справе Завадзкага папярэдне скончанае і ў бліжэйшы час будзе перададзенае ў суд,” — гэтак заявіў Радыё Свабода прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Зьміцер Партон, спаслаўшыся на свайго начальніка, міністра Ўладзімера Навумава.

Паводле міністра, праз тыдзень варта чакаць, што справу Завадзкага перададуць у суд.

Нагадаю, менавіта Навумава Аляксандар Лукашэнка прызначыў кіраваць сьледзтвам па справе Завадзкага. За паўгода пасьля гэтага прызначэньня ў гісторыі з Завадзкім адбыліся дзьве асноўныя падзеі.

Зьехалі зь Беларусі і папрасілі палітычнага прытулку ў ЗША сьледчыя Петрушкевіч і Случак, якія абвінавацілі кіраўніцтва краіны ў стварэньні адмысловага атраду для зьнішчэньня палітычных праціўнікаў. Паводле ўцекачоў, ахвярай гэтага атраду і стаў Зьміцер Завадзкі, як раней Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

Другой важнай падзеяй стала агалошваньне кіраўнікамі пракуратуры прозьвішчаў выкрадальнікаў Завадзкага і матываў гэтага злачынства. Паводле намесьніка кіраўніка пракуратуры Міхала Сьнегіра, гэта зрабіла банда злачынцаў пад кіраўніцтвам былога супрацоўніка спэцатраду "Алмаз" Валер'я Ігнатовіча, і матывы злачынцаў былі не палітычныя. Сьнягір цалкам абверг палітычную вэрсію выкраданьня Завадзкага, заявіўшы, што яно мае, маўляў, выключна крымінальныя прычыны.

(Сьнягір: ) "Падчас расьсьледаваньня высьветлілі, што гэтая банда зьдзейсьніла шэраг цяжкіх злачынстваў, у тым ліку забойствы, напады на грамадзянаў, зьвязаныя зь іхнай маёмасьцю. Што да Завадзкага, то на сёньняшні дзень невядома, дзе ён знаходзіцца і ці жывы, але вядома, што гэта Валеры Ігнатовіч арганізаваў ягонае выкраданьне і прычына гэтага — асабістая помста", — заявіў Міхаіл Сьнягір.

Кіраўнік сьледчай групы па справе Завадзкага Іван Бранчаль далей разьвіў тэму асабістай помсты. Зь ягоных словаў, былы алмазавец Ігнатовіч быў зьвязаны з прафашыстоўскай арганізацыяй РНЕ ў Беларусі і адпомсьціў Завадзкаму за інфармацыю пра тое, што Ігнатовіч ваяваў у Чачэніі быццам бы на баку прыхільнікаў Масхадава. Але Бранчаль не хаваў, што сьледчым вядома, што Ігнатовіч напраўду ваяваў на баку расейцаў. Атрымалася, што кіраўнік сьледчай групы фактычна абверг вэрсію, якую да яго выклаў намесьнік генэральнага пракурора.

Тое, што справа ўся пранізаная супярэчнасьцямі, стала яшчэ больш відавочна пасьля заяваў сьледчых Зьмітра Петрушкевіча і Алега Случака, якія ўцяклі ў ЗША. Сьледчыя заявілі пра плямы крыві Завадзкага ў аўтамабілі Ігнатовіча (а гэта чамусьці ў пракуратуры замоўчвалі). Яны таксама паведамілі пра спробы пошукаў цела Завадзкага і пра тое, што гэтыя пошукі быццам бы сарваліся з-за ўмяшальніцтва зьверху, распавялі пра ролю генэральнага пракурора Віктара Шэймана ў справе Завадзкага, пра тое, што міністар Навумаў быццам бы аказвае дапамогу абвінавачаным па справе.

Прагучалі й падазрэньні ў забойстве двух сьледчых па справе і аднаго важнага сьведкі. А галоўнае, са словаў уцекачоў Петрушкевіча і Случака вынікала, што ўсімі гэтымі справамі нібыта кіруе сам Аляксандар Лукашэнка.

Пазьней і Лукашэнка, і ягоныя падначаленыя Віктар Шэйман і Ўладзімер Навумаў асабіста ці праз сваіх прэсавых сакратароў адкінулі гэтыя абвінавачаньні, назвалі іх паклёпам.

Але вось на што зьвярнулі ўвагу назіральнікі. Справа Завадзкага, якую ўжо месяц таму афіцыйна называлі завершанай, дагэтуль у суд не патрапіла. Цяпер грамадзкасьці кажуць, што варта пачакаць яшчэ тыдзень ці два. Вось толькі што павінна адбыцца за гэты час, калі са справай даўно ўжо азнаёміліся і сваякі пацярпелых, і абвінавачаныя?

Незалежныя крыніцы не выключаюць, што нешта можа здарыцца з галоўным абвінавачаным — Валер'ем Ігнатовічам, які, дарэчы, сваёй віны ў выкраданьні Завадзкага не прызнае. Вядома, што Ігнатовіч у турме схуднеў з 80 да 45 кіляграмаў, што на допыты яго прыносілі на руках, што яго некалькі разоў кідалі ў карцар. Сваякі Ігнатовіча не выключаюць, што да суду ён можа і не дажыць, і гэта будзе толькі на руку афіцыйнаму сьледзтву, якое тады паспрабуе закрыць справу Зьмітра Завадзкага.

Пакуль жа таямніца зьнікненьня апэратара ОРТ не раскрытая, а ўсе, хто хоць нешта ведае пра гэтую справу, могуць набраць нумар хатняга тэлефону Завадзкіх і, пачуўшы голас Зьмітра, пакінуць сваё паведамленьне.

(Голас Завадзкага: ) “Добры дзень. Пакіньце сваё паведамленьне пасьля гукавага сыгналу…”
XS
SM
MD
LG