Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ БЫКАЎ ПУБЛІЧНА ЧЫТАЎ СВАЮ АПОВЕСЬЦЬ “АБЛАВА” Ў ГАНОВЭРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

У Гановэры ў Доме мастацтва прайшла двухдзённая імпрэза пад назовам “Літаратурнае падарожжа ў Беларусь”. Васіль Быкаў, які адмыслова прыехаў з Франкфурту, прачытаў слухачам аповесьць “Аблава”, Алесь Разанаў дэклямаваў свае вэрсэты, бэрлінскі беларусіст Норбэрт Рандаў распавёў пра новыя тэндэнцыі ў беларускай літаратуры. Сярод слухачоў былі студэнты й выкладчыкі ўнівэрсытэту, дэпутаты ляндтагу, беларускія эмігранты.

У вёсцы Вайцешын Бярозаўскага раёну адчыніўся народны музэй вясковага побыту. У залях мясцовае бібліятэкі на стала выстаўляюцца тры калекцыі: “Мінуўшчына й сучаснасьць”, “Побыт і этнаграфія”, “Абрусы й ручнікі”. Усе экспанаты падаравалі жыхары навакольных вёсак.

Нацыянальны акадэмічны тэатр балету Беларусі зьехаў на гастролі ў Турцыю. Найбоьш адметным спэктаклем будзе паказ балету “Спартак” у велічэзным — на 15 тысяч гледачоў — антычным тэатры пад вольным небам. Амаль усю восень беларускі балет будзе гастраляваць па Эўропе — у Бэльгіі, Галяндыі, Гішпаніі, Францыі. У Менску схадзіць на балет можна будзе хіба толькі ў верасьні.

Зь ініцыятывы беларусаў, што жывуць у Маскве, мэмарыяльная камісія ўраду расейскай сталіцы ўхваліла пастанову пра ўшанаваньне памяці Янкі Купалы. Мяркуецца, што праз год, калі будуць адзначацца 120-я ўгодкі з дня народзінаў песьняра, на Беларускім вакзале адчыніцца памнік Купалу. Стварыць помнік пагадзіўся вядомы скульптар Валяр’ян Янушкевіч.

Менскія ды-джэі Ўлад Бубен і Канстанцін Музыроў выдалі на прэстыжнай кіеўскай студыі DAC супольны кампакт-дыск пад назовам “Палітычная карэктнасьць”. Жанр гэтага альбому пазначаны як “noisе-industrial з элемэнтамі соц-арту й беларускага фальклёру”. У некаторых кампазыцыях Музыроў і Бубен парадыруюць перадачы беларускага дзяржаўнага радыё.

У Нямеччыне выйшлі адразу дзьве анталёгіі сучаснай літаратуры сьвету, сярод аўтараў якой ёсьць і беларусы. Тэксты пададзеныя ў дзьвюхмоўным варыяньце. У кнізе пад назовам “Сьвет і я маем супольныя вочы” сярод 32 аўтараў беларускую літаратуру прадстаўляюць вэрсэты Алеся Разанава. У значна таўсьцейшы зборнік “Бэрлінская анталёгія” ўвайшлі творы чатырох беларускіх паэтаў: Ніны Мацяш, Уладзімера Арлова, Алеся Разанава і Людмілы Рублеўскай. Фундавалі выданьне абедзьвюх кніг Міністэрства замежных справаў Нямеччыны і UNESCO.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG