Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАБРУЙСК – ЯК ЖЫВУЦЬ І ШТО ДУМАЮЦЬ ЛЮДЗІ?


Міхал Стэльмак, Бабруйск

На палітычнай мапе Беларусі Бабруйск —на адным з самых ажыўленых скрыжаваньняў. Усе значныя падзеі, якія адбываюцца ў сталіцы, абавязкова адгукнуцца ў гэтым горадзе над Бярэзінай.

Як за камуністамі, так і ў час найноўшай гісторыі ўлады мусілі надаваць Бабруйску шмат увагі. За Брэжневым, напрыклад, бабруйскі "дысыдэнт" Міхаіл Кукабака быў у сьпісе самых небясьпечных унутраных ворагаў СССР. Крыху пазьней мясцовыя спадкаемцы Кукабакі, якім надакучыла атмасфэра хлусьні й бяспраўя, таксама зьведалі жорсткасьць рэпрэсіўных органаў. Успамінае Міхась Вярбоўскі, які стаяў ля вытокаў дэмакратычнага руху на Бабруйшчыне:

(Вярбоўскі: ) "Я арганізаваў сумесна зь Якімавай Нінай першую суполку БНФ у нашым горадзе. У той час была перадвыбарчая кампанія, і мы амаль ня спалі. Уначы друкавалі ўлёткі розныя, рабілі абвесткі і аб’яжджалі ці абыходзілі пешшу ўвесь горад, шмат разоў былі ў раёне".

(Стэльмак: ) "Што падштурхнула вас і спадарыню Якімаву ініцыяваць зьмену парадкаў у Бабруйску?"

(Вярбоўскі: ) "Мы працавалі на прадпрыемствах — і яна, і я. Яна на ЦЭЦ, я на шынным камбінаце. І мы бачылі несумленныя ўчынкі начальства. Я, напрыклад, заявіў пра гэта ў аддзел па барацьбе зь безгаспадарлівасьцю. Пра крадзёж, у прыватнасьці, тэхнічных масел. Іх начальства зьлівала і збывала на сваю карысьць. Кантрольныя органы паабяцалі, што пакараюць злодзеяў. Але затым пакаралі ня іх, а мяне. Звольнілі з працы".

Пратэст супраць парушэньня правоў чалавека, ідэя дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі зрабілі Міхася Вярбоўскага актыўным змагаром за перамены ў Бабруйску.

Ня менш вядомы сярод мясцовых апазыцыянэраў і Сяргей Шэндараў, былы бізнэсовец. Як вынікае з тлумачэньня спадара Шэндарава, ягоны зварот да палітычнай дзейнасьці таксама меў важкія падставы:

(Шэндараў: ) "У сьнежні 1990 году было заснаванае малое прадпрыемства "Рабочы", якое займалася рамонтна-будаўнічымі работамі. Рабілі мэблю, займаліся інтэр’ерамі. Яно праіснавала 9 гадоў — да сьнежня 1999 году.

Было зроблена шмат, людзі былі задаволеныя працаю. Але далей існаваць стала немагчыма, таму што з кожным годам умовы рабіліся цяжэйшыя: падаткі і высокая інфляцыя пацягнулі нясвоечасовыя выплаты заробкаў".

Змаганьне зь іншадумствам і прыватнай ініцыятывай асабліва расквітнела, калі Бабруйскам кіраваў Уладзімер Раманоўскі. Досьвед "чырвонага мэра", як называлі ў горадзе спадара Раманоўскага, доўгі час ставіў у прыклад іншым вэртыкальшчыкам краіны Аляксандар Лукашэнка.

Насамрэч досьвед гэты ня меў станоўчага плёну — эканамічнае разьвіцьцё Бабруйску набыло няўстойлівасьць. У прыватнасьці, намеціўся заняпад найбуйнейшага ў горадзе прадпрыемства — камбінату "Белшына", дзе працуюць каля 14 тысяч бабруйчанаў.

Рабочы Сяргей, зь якім я пазнаёміўся ля прахадной камбінату, мяркуе, што нэгатыўныя працэсы на "Белшыне" выкліканыя непрадуманай кадравай палітыкай:

(Сяргей: ) "Раманоўскі "бацьку" чымсьці не дагадзіў, і той яго зьняў прылюдна. У горадзе Раманоўскі пабудаваў каня, дык Лукашэнка яму і кажа: "Вось ідзі ды пасьві коней!"

У той час нашым генэральным дырэктарам быў Палякоў, якога затым "бацька" таксама зьняў. За тое, што краў: асабняк у Падмаскоўі пабудаваў, мэблю адсюль завёз туды. Хіба можна на зарплату гэта зрабіць? Дачцэ сваёй у Маскве ў раёне Садовага кальца кватэру купіў ці то за 250 тысяч, ці то за 350 тысяч даляраў. Фірмы там паадкрываў.

Дык вось Палякоў падабраў гэтага Раманоўскага і паставіў намесьнікам генэральнага дырэктара па кадрах ды сацыяльным разьвіцьці. Раманоўскаму мэбля ягонага папярэдніка не спадабалася. Ён загадаў яе прыбраць і за 6 тысяч даляраў новую італьянскую набыць".

Дарэчы, менавіта кіраўніцтва "Белшыны" справакавала ў Бабруйску адну з самых гучных акцыяў апошняга часу — галадоўку старшыні мясцовай суполкі Незалежнага прафсаюзу Алены Захожай. Ейны пратэст, кажа спадарыня Захожая, быў скіраваны ня толькі на абарону прафсаюзных правоў, але й супраць дыскрымінацыі правоў шараговых працаўнікоў прадпрыемства:

(Захожая: ) "Летась нашым людзям забаранілі хадзіць у рабочым адзеньні, "спэцоўках", у будынак, дзе сядзіць начальства. І сталы чалавек, які 28 гадоў адпрацаваў на шынным камбінаце, прыйшоў туды ў рабочай куртцы. І міліцыянты яго не пусьцілі. Яны яго схапілі, гвалтам зацягнулі ў машыну. Завезьлі ў пастарунак, сінякоў яму там панаставілі, адзежу на ім парвалі".

(Стэльмак: ) "Адным з вашым патрабаваньняў было, каб далі пазыку на будаўніцтва жыльля рабочаму Алейнікаву. Ці шмат на "Белшыне" рабочых, якім патрэбнае жыльлё?"

(Захожая: ) "Такіх людзей шмат. Ня так даўно адна жанчына распавяла мне, як яе высялялі з інтэрнату, а наўзамен давалі нешта такое непрывабнае — яшчэ горшае, чым яна мела. І яна шмат парогаў абабіла, яна нават мела судовае рашэньне, што ёй павінны прадаставіць жыльлё. Але шынны камбінат гэта ігнараваў.

І яна прыйшла да Раманоўскага з надзеяй, што ён вырашыць ейнае пытаньне. Аднак той ня толькі ня вырашыў, але й абразіў гэтую жанчыну. Яна мне са слязьмі пра гэта распавядала. Ён кінуў на падлогу ўсе ейныя паперы, кабінэт вялікі — дык яны разьляцеліся па ўсім кабінэце. І яна на каленях поўзала па гэтым кабінэце і плакала".

Некалькі месяцаў таму вялікі розгалас у Бабруйску мела яшчэ адна акцыя. Адны сьцьвярджаюць, што горад наведаў легендарны Мірон, і што тут няўлоўны мсьціўца зьдзейсьніў, бадай, самы дзёрзкі ўчынак: сярод белага дня дрэўка зь бел-чырвона-белым сьцягам ён замацаваў на даху тралейбуса, што курсіраваў па горадзе. Другі кажуць, што зрабіў гэта не Мірон, а актывісты мясцовых моладзевых арганізацыяў.

Рэч у тым, што бабруйская моладзь апошнім часам імкліва палітызуецца. Усё больш прыкметная ейная роля ў грамадзка-палітычным жыцьці гораду. Сьцяпан Архіповіч, вучань 11-й клясы 18-й сярэдняй школы Бабруйску, кажа:

(Архіповіч: ) "У мяне быў выбар — Малады Фронт, "Грамадзянскі форум". У нас у школе ёсьць арганізацыя БПСМ. Яны таксама ладзяць свае акцыі. Але канкрэтных людзей, якія нешта робяць, літаральна 5-6 чалавек. Хаця ў арганізацыю ўваходзіць больш за 100 чалавек. Але астатнія толькі лічацца сябрамі гэтай арганізацыі, бо туды яны прыйшлі дзеля нейкіх прывілеяў. Я вырашыў падацца ў "Маладыя сацыял-дэмакраты", бо там былі ўсе мае знаёмыя. Мы ладзім акцыі, запрашаем моладзь, каб паказаць веліч беларускай нацыянальнай культуры".

Сёлета ў Бабруйску моладзевыя арганізацыі правялі дзясяткі акцыяў, каб, як зазначыў Сьцяпан Архіповіч, засьведчыць сваё жаданьне бачыць Беларусь цывілізаванай краінай. Мэта акцыяў — падштурхнуць дарослых палітыкаў і найперш улады да прагрэсіўных пераўтварэньняў.

Адна з формаў моладзевага пратэсту — графіці. Дарэчы, улады да такога пратэсту ставяцца вельмі нэрвова. Гаворыць прадстаўніца Бабруйскага гарвыканкаму Сьвятлана Бабко:

(Бабко: ) "Гэта беспарадак. Я мела размову па гэтым пытаньні з прадстаўніком БНФ у нашым горадзе Сяргеем Шэндаравым. Ён запэўніў, што гэта ня іхных рук справа. Гэта, як я лічу, паказьнік чалавечага бескультур’я".

Спыніць дзейнасьць бабруйскіх "зуброў" даручана мясцовай міліцыі. А вось прадстаўнік бабруйскага аддзяленьня праваабарончага цэнтру "Вясна" Сяргей Ходзька лічыць, што ўлады перабольшваюць грамадзкую небясьпеку графіці.

(Ходзька: ) "Зубры" адчуваюць сябе жыхарамі гэтага гораду. А надпісы зьяўляюцца ў тых мясьцінах, дзе ня могуць сапсаваць выгляду Бабруйску. Напрыклад, на платах вакол будоўляў. Некаторыя лічаць, што такія надпісы нават упрыгожваюць гэты горад.

Ад аднаго з супрацоўнікаў міліцыі я даведаўся, што каб актывізаваць іхную працу па змаганьні з "зубрамі", увялі прэміяльныя — 100 тысяч рублёў за кожнага злоўленага "зубра". Гэта яшчэ адзін аклад для міліцыянтаў".

А вось меркаваньне на гэты конт 16-гадовага Сьцяпана Архіповіча:

(Архіповіч: ) "Мне здаецца, што гэта пішуць людзі, якія жадаюць дасягнуць нейкай мэты. Якія ня хочуць жыць пры цяперашнім рэжыме. Якія жадаюць лепшага жыцьця, лепшай будучыні для сябе і сваёй Айчыны".

Абвешчанае сілавымі структурамі паляваньне на аўтараў графіці ў Сяргея Ходзькі выклікае абгрунтаваную, як ён лічыць, трывогу. Бо бабруйскія міліцыянты не аднойчы дэманстравалі сваю жорсткасьць да прадстаўнікоў апазыцыі, у тым ліку і моладзі:

(Ходзька: ) "У нас была гучная справа — Аляксея Багдановіча. Ён сябар "Маладых сацыял-дэмакратаў". Яго затрымалі міліцыянты, зьбілі. На зварот у пракуратуру Ленінскага раёну атрымаў адмову. Адпіска прыйшла і з рэспубліканскай пракуратуры, паколькі справу вярнулі назад у Бабруйск".

Між тым, бабруйскія ўлады лічаць свае дачыненьні зь мясцовай апазыцыяй канструктыўнымі й цывілізаванымі. Як зазначыла Сьвятлана Бабко, новы мэр Бабруйску Міхаіл Бандарэнка супраць канфрантацыі з палітычнымі апанэнтамі і нібыта арыентуе сваё атачэньне ўвасабляць гэткую палітыку на практыцы:

(Бабко: ) "У нас няма ніякай канфрантацыі й супрацьстаяньня паміж Бабруйскім гарвыканкамам і грамадзкімі аб’яднаньнямі ды палітычнымі партыямі, якія дзейнічаюць у Бабруйску. Мы азнаёмі іх з Выбарчым кодэксам, бо наперадзе выбары прэзыдэнта".

Выбарчая тэма дамінуе зараз і ў лягеры апазыцыі. Вэтэран дэмакратычнага руху Міхась Вярбоўскі лічыць, што мясцовыя лідэры зараз як ніколі мусяць зьяднаць свае намаганьні:

(Вярбоўскі: ) "Зараз усім людзям, якія жывуць на нашай беларускай зямлі, трэба зразумець, што так далей жыць нельга. Варта рыхтавацца да выбараў. Усе арганізацыі, што займаюць дэмакратычныя пазыцыі, мусяць зразумець, што калі яны ня будуць праводзіць гэтую працу рашуча, то мы гэтыя выбары прайграем. І за што нашы нашчадкі, дзеці і ўнукі, нас праклянуць. У нас у Бабруйску 12 арганізацыяў утварылі Каардынацыйную раду".

Калі выбары пройдуць сумленна, бабруйская апазыцыя разьлічвае на посьпех. У параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі 1994-га году, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі ў Бабруйску прыкметна паменшаў. Так, у прыватнасьці, мяркуе прафсаюзная лідэрка Алена Захожая:

(Захожая: ) "Я мяркую, што зьмянілася стаўленьне грамадзтва да цяперашняй улады. З боку ўсіх жыхароў гораду. Калі раней у горадзе актывісты грамадзкіх арганізацыяў распаўсюджвалі ўлёткі, брашуры, газэты, то людзі іх абыходзілі, а зараз падыходзяць самі, цікавяцца палітыкай.

Вельмі паказальныя размовы ў чэргах. Калі раней людзі ў чэргах сьцьвярджалі, што Лукашэнку нехта замінае плённа працаваць, то зараз пануюць зусім іншыя настроі. Кажуць: колькі ж ужо можна так працаваць, бо ён жа разагнаў усіх тых, хто яму замінаў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG