Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што дае лета нашаму здароўю? Як найлепш выкарыстаць гэтую пару года?


Мікола Іваноў, Прага

Летам арганізм чалавека як бы абуджаецца. Ён знаходзіцца на максымуме сваіх фізычных і духовых магчымасьцяў. Летам існуюць найлепшыя магчымасьці для ўмацаваньня здароў’я. Але адначасна лета – гэта пэрыяд вельмі частых зьменаў атмасфэрнага ціску, гарачага, часам вельмі небяспечнага сонца, магнітных бураў і навальніцаў, пэрыяд найбольш небясьпечны для асобаў, схільных да сардэчна-судзінных захворваньняў.

Як зрабіць так, каб выкарыстаць летні час з максымальнай карысьцю для здароў’я? Што трэба рабіць, каб лета спрыяла вашаму доўгаму жыцьцю і ў добрым здароў’і?

Сёньня на падставе рэкамэндацыяў амэрыканскай грамадзка-мэдычнай арганізацыі мы прапануем 10 надзвычай эфэктыўных парадаў: як умацоўваць сваё здароў’е ў летні пэрыяд.

Але спачатку я папрасіў вядучага экспэрта аддзелу экалёгіі Усясьветнай арганізацыі аховы здароў’я доктара Коліна Роі прадставіць нашым радыёслухачам сваё меркаваньне пра летні адпачынак, пра тое, якія небясьпекі іх чакаюць. Я папрасіў яго сказаць некалькі словаў пра зьнішчэньне азонавага слою зямлі.

(Роі: ) “З гэтым не зусім усё ясна. Зразумела, што ў некаторых частках нашай плянэты людзі знаходзяцца пад уплывам большага сонечнага апраменьваньня. У некаторых рэгіёнах сьвету мы маем нэгатыўны ўплыў зьнішчэньня азонавага слою атмасфэры. Але гэта зусім нязначнае, невялікае зьнішчэньне. Але вельмі важна тое, якім чынам людзі паводзяць сябе на сонцы. У мінулым стагодзьдзі (я тут маю на увазе, зразумела, пазамінулае стагодзьдзе) ў людзей было менш вольнага часу, яны інакш апраналіся, прыкрывалі сваё цела. Загар не лічыўся прывабным, карычневы колер скуры не ўважалі за прыгожы. Цяпер жа людзі любяць быць на сонцы, ім падабаецца свабода быць на прыродзе. Вельмі важна тое, што цяпер людзі сталі больш адукаваныя ў справе знаходжаньня на сонцы, у справе небясьпекі, якую яно нясе. Людзі ведаюць, як цяпер зменшыць яго адмоўны ўплыў, як зрабіць знаходжаньне на адкрытым паветры прыемным”.

А цяпер парады: як найлепш выкарыстаць лета для ўмацаваньня вашага здароў’я:

1. Паспрабуйце ў кожны сонечны дзень на працягу 7-10 хвілінаў загараць на сонцы. На працягу гэтага малога пэрыяду сонца ня зможа спаліць вашу скуру, затое пад уплывам сонца пад скурай сінтэзуецца вельмі важны для здароўя арганіму вітамін Д. Вітамін Д – моцны антыаксыдант, які дазваляе вам захаваць здароў’е і бадзёрасьць духа да старасьці.

2. Штодня, нягледзячы на надвор’е, паспрабуйце прымаць паветраныя ванны. Дзеля гэтага заставайцеся на 10-15 хвілінаў у добра праветраным пакоі ці на балконе цалкам голым. Гэта ідэальная загартоўная працэдура. Калі вы здымаеце адзеньне, вашае цела праз скуру пачынае дыхаць. Узмацняюцца абменныя працэсы ў арганізме, галоўным чынам у мышачнай тканцы і падскурнай клятчатцы.

3. Штодня спрабуйце зьядаць 1 шклянку сьвежых ягадаў. Асабліва карысныя для арганізму – чарэшні, надзвычайны сродак прафіляктыкі сардэчна-судзінных захворваньняў. Чарнікі, паводле вынікаў апошніх дасьледаваньняў – найбольш эфэктыўны антыаксыдантны натуральны сродак, які здольны павярнуць біялягічны гадзіньнік арганізму назад.

4. Вада – унікальны натуральны сродак амаладжэньня вашага арганізму. Паспрабуйце правесьці хаця б два тыдні ля рэчкі, возера ці на беразе мора. Купайцеся, плавайце як мінімум 3 разы ў дзень па 5-10 хвілінаў, а калі вада цёплая (тэмпэратура вышэй 23 градусаў) можна плаваць і поўгадзіны. Асабліва карысны ўплыў на цела марской вады. Навукоўцы унівэрсытэту Бэрклі ў ЗША высьветлілі, што мікракрышталі марской солі адкладаюцца пад скурай чалавека падчас купаньня і захоўваюцца там да 3 месяцаў, і такім чынам аздараўляльны эфэкт працягваецца доўгі час.

5. Лета – найбольш спрыяльны час для заняткаў усімі відамі спорту. Але найбольш карысныя для вашага здароў’я – гэта плаваньне, джоггінг і язда на ровары. Больш таго, як сьцьвярджаюць навукоўцы-мэдыкі Даніі, язда на ровары мае накіраванае дзеяньне. Яна ўмацоўвае вашыя судзіны і нармалізуе працу сэрца.

6. Сэкс летам таксама мае сваю прывабнасць. Летам эндакрынная сыстэма больш актыўна вырабляе полавыя гармоны. Росквіт жывой прыроды спрыяе больш глыбокім і рамантычным пачуцьцям. Таму лекары-сэксолягі рэкамэндуюць летам больш актыўна займацца сэксам. Калі вы будзеце займацца сэксам 4 разы на тыдзень, пасьля месяца падобнага стылю жыцьця эфэкт можа быць такі самы, як пасьля двухтыднёвага адпачынку на моры. Сэкс умацоўвае сардэчна-судзінную сыстэму, актывізуе імунітэт, спрыяе добраму самапачуваньню і гарантуе здароў’е.

7. Ёсьць адна частка чалавечага цела, на якой спраецыраваныя, як у люстэрку, практычна амаль усе ворганы і сыстэмы арганізму. Гэта ступакі. Кітайскія мэдыкі лічаць, што на ступах ёсьць ня менш 250 чульлівых кропак, якія адлюстроўваюць функцыянаваньне тых ці іншых ворганаў. Спэцыяльны масаж ступаў можа спрыяць лячэньню шматлікіх хворых ворганаў. Таму часьцей хадзіце басанож як у доме, так і на сьвежым паветры: па траве, пяску і нават па каменях. Гэты своеасаблівы масаж напэўна дапаможа ўмацаваць вашае здароў’е.

8. Усе кантакты з жывой прыродай – моцны эліксір умацаваньня вашага фізычнага і духовага здароў’я. Хадзіце ў лес па грыбы, ягады, проста на прагулкі. Рыбалка, паляваньне, пешыя і веласіпедныя вандроўкі – ўсё гэты элемэнты надзвычайнай летняй тэрапіі.

9. Нягледзячы на кароткую летнюю ноч, намагайцеся спаць ня менш 8 гадзінаў у суткі. Памятайце, што кожная недаспаная гадзіна адпаведна павялічвае ваш рэальны біялягічны ўзрост.

10. Летам пейце як мінімум 2-3 літры вадкасьці штодня, а калі трапіце ў краіну з надзвычай гарачым кліматам, штодзённая патрэба арганізму ў вадкасьці можа ўзрасьці да 6-8 літраў.

А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

1. Звычайныя апэльсыны могуць быць эфэктыўным сродкам прафіляктыкі артрыту. Рэўматолягі Бостанскага ўнівэрсытэту ў ЗША правялі навуковы экспэрымэнт, удзельнікамі якога былі каля 500 хворых на артрыт людзей. У тых, хто штодня зьядаў па 2-3 апэльсыны, рызыка далейшага зьнішчэньня суставаў зьніжалася ў тры разы ў параўнаньні з тымі, хто апэльсынаў ня еў. На падставе вынікаў экспэрымэнту навукоўцы рэкамэндуюць хворым на артрыт спажываць да 200 міліграмаў вітаміну С штодня.

2. Апошнія вынікі дасьледаваньняў амэрыканскіх навукоўцаў сьведчаць, што паніжаны ўзровень вітаміну Б-12 і фоліявай кіслаты ў крыві можа спрыяць разьвіцьцю хваробы Альтгаймэра ў людзей сталага ўзросту. Падчас экспэрымэнту навукоўцаў каліфарнійскага ўнівэрсытэту Берклі высьветлілася, што асобы зь нізкім ўзроўнем гэтых рэчываў у крыві маюць у два разы большы шанец захварэць на Альтгаймэр, чымся людзі з нармальным узроўнем вітаміну Б-12 і фоліявай кіслаты. Realage прыгадвае, што спажываньне як мінімум 25 мікраграмаў вітаміну Б-12 і 700 мікрагарамаў фоліявай кіслаты штодня можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшы.

3. Курыныя яйкі могуць спрыяць умацаваньню здароў’я толькі ў тым выпадку, калі іх спажываць у абмежаванай колькасьці. Адно яйка мае ў сваім складзе ўсе неабходныя рэчывы для падтрыманьня на неабходным узроўні добрага халестырыну ў крыві, але болей за 1 яйка ў дзень можа павысіць узровень у крыві дрэннага халестэролу. А гэта ўжо прамая небяспека для вашага здаророў’я, асабліва для сардэчна-судзіннай сыстэмы. Realage прыпамінае, што зьніжэньне агульнага ўзроўню халестэролу ў крыві да 160 мг\дл можа зрабіць ваш раэльны біялягічны ўзрост на 1 год маладзейшы.

4. Хочаце трымаць ваш крывяны ціск у норме? Realage рэкамэндуе штодня ўключаць у мэню некалькі грамаў кальцыя і вітамін Д. Навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, што гэтыя два рэчыва разам могуць эфэктыўна дапамагчы вам трымаць у норме крывяны ціск. 80% жанчынаў, якія прыслухаліся да гэтай парады, на працягу двух месяцаў мелі крывяны ціск у норме. Realage прыгадвае, што трыманьне крывянога ціскў на ўзроўні прыблізна 115 на 75 можа зрабіць ваш рэальны білягічны ўзрост на 4 гады маладзейшы.

5. Калі вы пакутуеце на сур’ёзную дэпрэсію – не сьпяшайцеся браць кроплі пустырніка, канваліі ці валяр’ны. Яны ў стане дапамагчы толькі каб зьняць хвіліннае раздражненьне, а не глыбокую духовую прыгнечанасьць. Realage pэкамэндуе ў гэтым выпадку кансультацыю ў спэцыяліста-псыхоляга. Экспэрты Realage прыгадваюць, што добры стан псыхічнага здароў’я можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 16 гадоў маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG