Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БОЛЬШ БЕЛАРУСАЎ ВЯРТАЕЦЦА Ў БЕЛАРУСЬ, ЧЫМ ЗЬ ЯЕ ВЫЯЖДЖАЕ?


Кастусь Бандарук, Прага

“Армяне перажыла генацыд, землятрусы, войны і напады, перш чым у 91-м годзе зьмяніўся іх статус народу бяз сваёй дзяржавы,” – піша аўтар артыкулу Гак Поўп. “Аднак напрыканцы першага дзесяцігодзьдзя Армэнія хутка ператвараецца ў дзяржаву без народу”.
У чым прычына гэтага вылюдненьня і ці гэта толькі армянская спэцыфіка?

Армэніі выразна не шанцуе як мінімум цягам апошніх ста гадоў, –канстатуе Гак Поўп ў газэце Wall Street Journal. У часе Першай усясьветнай вайны атаманскія туркі забілі або дэпартавалі ад 300 тысячаў да 1.5 мільёна армянаў, што Ерэван лічыць першым генацыдам ў найноўшай гісторыі. У выніку землятрусу ў 1988-м годзе загінулі 25 тысячаў армянаў і прыблізна гэтулькі ж у часе шасьціцігадовай вайны ў Нагорным Карабаху. Аднак гэта не канец нацыянальнай трагедыі. Паводле старшыні армянскага дэпартамэнту міграцыі – Гагіка Еганяна, за апошняе дзесяцігодзьдзе Армэнію пакінулі 800 тысячаў чалавек. Гэта амаль чвэрць усяго насельніцтва краіны, якое налічвае 3.4 мільёны чалавек. Аднак згодна іншай статыстыцы, на самой справе бліжэйшая да праўды лічба – выехала паўтара мільёна, амаль палова армяскага насельніцтва.

З другога боку, у Армэніі раптоўна зьменшылася нараджальнасьць. У 90-м годзе ў краіне нарадзілася 80 тысяч дзяцей, а ў 99-м – толькі 36 тысячаў. У сталічным мэтро напаўпустыя вагоны, а школах пустыя клясы.

У выніку, – піша Гак Поўп ў газэце Wall Street Journal, – за мяжою жывуць 4 мільёны армянаў – больш чым на Радзіме. Эмігранты фінансава дапамагаюць суродзічам на Бацькаўшчыне, але ўсё роўна найбольш творчая і энэргічная частка армянскага этнасу знаходзіцца па-за краінай. За апошняе дзесяцігодзьдзе ў краіну вярнуліся ўсяго некалькі сот чалавек, у тым ліку 200 армянаў з амэрыканскім грамадзянствам. “Людзі ня думаюць, як лепш уладкавацца на месцы, але як выехаць адсюль,” – кажа 25-гадовы мастак, які нарадзіўся ў Бостане, але задумаў ўсё кінуць і пасяліцца на гістарычнай Радзіме. “Вельмі прыкра, што армяне пакідаюць сваю краіну, хаця мы на месцы павінны будаваць сабе лепшае жыцьцё. Але я не магу загадаць ім заставацца тут,” – кажа кіраўнік армянскай царквы Каталікос Карэкін ІІ.

Асноўная прычына эміграцыі – дрэннае эканамічнае становішча краіны і пэсымізм адносна будучыні. У кожным разе, канца крызысу ня бачна і Армэнія вылюднее.

А як у параўнаньні з Армэніяй выглядае дэмаграфічная сытуацыя ў Беларусі? У часе ІІІ Зьезду беларусаў сьвету ў Менску кандыдат гістарычных навук Галіна Сяргеева прывяла лічбы, якія абнадзейваюць, але і выклікаюць шэраг пытаньняў. Паводле яе, з 92 па 99 год Беларусь пакінулі 62 тысячы беларусаў. Яшчэ 20 тысячаў беларусаў знаходзяцца ў часовай працоўнай эміграцыі па кантракце і каля 30-ці тысячаў чалавек вядуць бізнэс па-за межамі Беларусі. Цалкам гэта 112 тысячаў чалавек. У той жа час у Беларусь вярнуліся 275 тысячаў прадстаўнікоў карэннай нацыі. Атрымоўваецца, што ў Беларусь больш людзей вяртаецца, чым пакідае яе, хаця вядома, што ў прынцыпе, з эміграцыі людзі не вяртаюцца.

Я зьвярнуўся да спадарыні Сяргеевай з просьбай патлумачыць гэты адваротны да армянскага працэс і названыя ёю лічбы. Адкуль вяртаюцца і чаму?

(Сяргеева: ) “Галоўную прычыну я бачу ў тым, што ёсьць краіны, дзе людзям цяжка прыстасавацца да новых умоваў. Гэта перш за ўсё праблемы мовы, напрыклад, у Прыбылтыцы: у Літве, Латвіі і Эстоніі. Там для таго каб уладкавацца на працу, трэба добра ведаць дзяржаўную мову. У Латвіі ёсьць праблемы з атрыманьнем грамадзянства. Са 100 тысячаў тамтэйшых беларусаў 80 тысячаў чалавек ня маюць латыскага грамадзянства. Але ня толькі гэта. Часамі людзі ня ўмеюць прыстасавацца да тых працэсаў трансфармацыі, якія адбываюцца ў посткамуністычных дзяржавах і едуць на Радзіму, дзе маюць апірышча ў сваё роднай зямлі. Такім чынам, найбольш людзей прыяжджае ў Беларусь з Прыбалтыкі і з Расеі, а таксама зь іншых краінаў у якасьці ўцекачоў. Этнічныя беларусы вяртаюцца найчасьцей да сваякоў, і гэта вяртаньне зьвязанае яшчэ зь міфам, што на Беларусі жывецца добра”.

(Бандарук: ) “Спадарыня Сяргеева, Вы патлумачылі чаму і адкуль беларусы вяртаюцца ў Беларусь.Тое, што ў Беларусі жывецца добра, гэта, напэўна, толькі міф. Хутчэй за ўсё жывецца трохі лепш. Тут спакайней, і, што галоўнае, яны тут – у сябе дома. Згодна прыведзенай Вамі на Зьезьдзе статыстыцы, многія беларусы ўсё ж выяжджаюць у пошуках лепшага жыцьця. Якія, на Вашую думку, асноўныя прычыны эміграцыі? Палітычныя ці, можа, выключна эканамічныя?”

(Сяргеява: ) “Я думаю, што прычныны усё ж такі найперш эканамічныя. Выяжджаюць зь Беларусі на сталае жыхарства альбо часова навукоўцы, творчая і спартовая эліта. Выяжджаюць бізнэсоўцы, пераводзяць свае бізнэсы ў тую ж Расею, у Чэхію, у Літву, нават на Ўкраіну таму, што там зусім іншыя варункі для прадпрымальніцкай дзейнасьці. Другая плынь – гэта людзі, якія сваяцтвам зьвязаныя зь беларусамі, што аселі і ўладкаваліся за мяжою. Асноўная плынь накіроўваецца ў Расею. Ёсьць таксама часовая працоўная эміграцыя, уключна зь нелегальнай. Людзі проста выяжджаюць зарабіць грошы, якіх ня могуць зарабіць ў Беларусі. Магчыма, з часм яны вернуцца, калі сытуацыя на Радзіме зьменіцца і будзе прыстойны інвэстацыйны клімат, добрыя ўмовы для гаспадарчай дзейнасьці. Будзе добра, калі яны вернуцца ў Беларусь з грашыма і будуць працаваць на Бацькаўшчыну”.

(Бандарук: ) “У кожным разе, калі параўнаць з той жа Армэніяй, дык сытуацыя ў Беларусі выглядае вельмі няблага. Ёсьць палітычная і ёсьць эканамічная эміграцыя, але яна не складае больш за 1-2 адсоткі ўсяго насельніцтва. За апошняе дзесяцігодзьдзе за мяжу выехалі пераважна ў пошуках працы 3 мільёны ўкраінцаў. Гэта каля 5 адсоткаў ад ўсяго насельніцтва. Дык ці можна сказаць, што Беларусь – адносна шчасьлівая краіна?”

(Сяргеева: ) “У нас цяпер такая праблема, што адбываецца вылюдненьне Беларусі. Нас ужо менш за 10 мільёнаў. Ідзе працэс выміраньня беларускага народу. І ў гэтым сэнсе – мы ня можам быць шчаслівыя, асабліва калі прыгадаем Чарнобыльскую катастрофу. Тое, што людзі вяртаюцца ў гэтую постчарнобыльскую Беларусь, можна патлумачыць хіба што дзіўнай прывязанасьцю беларусаў да роднай зямлі. Мы ня можам быць тут шчасьлівыя яшчэ й таму, што колькасны стан насельніцтва ўтрымоўваецца не за кошт беларусаў, якія вяртаюцца, але таму, што прыяжджаюць да нас іншыя нацыянальнасьці. Адкуль толькі не прыяжджаюць людзі ў Чарнобыльскую зону? Яны там асядаюць і гэткім чынам ствараецца спэцыфічны фон Беларусі. Пра Беларусь нельга сказаць, што яна шчасьлівая яшчэ й таму, што яна нічым ня можа дапамагчы сваёй дыяспары, у злучэньні ў нейкі адзіны арганізм ўсёй беларускай супольнасьці і тут, у Беларусі, і ў замежжы. Я думаю, што шчасьлівая Беларусь яшчэ наперадзе”.

Гаварыла кандыдат гістарычных навук, адна з дакладчыцаў на Трэцім Зьезьдзе беларусаў сьвету Галіна Сяргеева. Такім чынам, у Беларусі не назіраецца драматычнага зьніжэньня колькасьці насельніцтва, як гэта адбываецца ў Армэніі. Аднак у Беларусі паступова зьмяняецца этнічны склад насельніцтва не на карысьць карэннай нацыі. Адзначу яшчэ адну акалічнасьць, на якую зьвярнула ўвагу Галіна Сяргеева. Беларусы – дзе б яны не жылі, напрыклад ў той жа Расеі – спрабуюць захаваць сваю нацыянальную гісторыю і культуру, а расейцы ў Беларусі, паводле некаторых расейскіх навукоўцаў, стараюцца накінуць беларусам сваю культуры і ператварыць Беларусь ў западна-рускі край.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG